Сталічнай міліцыяй распачатая крымінальная справа ў дачыненні да службовай асобы ДВА «Мінскбуд». Будаўнічы чыноўнік падазраецца ў вымагальніцтве і атрыманні буйнога хабару.

Варта адзначыць, што Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Мінскбуд» з’яўляецца на сёння найбуйнейшым аб’яднаннем забудоўшчыкаў не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі. Аднак апошнім часам да прадпрыемства, якое па сваёй сутнасці з’яўляецца холдынгам, стала ўзнікаць вельмі шмат прэтэнзій не толькі з боку дольшчыкаў, якія сваімі грашыма ўдзельнічаюць у будаўніцтве жылля, але і з боку наглядных органаў.

Гаворка ідзе як пра зацягванне тэрмінаў здачы ў эксплуатацыю будаўнічых аб’ектаў, так і пра парушэнні падчас фармавання кошту аб’ектаў долевага будаўніцтва. Але ўсё ж больш за ўсё прэтэнзій да аб’яднання менавіта з боку дольшчыкаў, а не дзяржорганаў, і датычаць гэтыя прэтэнзіі менавіта тэрмінаў будаўніцтва, асабліва па апошніх дамах.

Выпадкова ці не, але пачатая крымінальная распрацоўка службовых асоб ДВА «Мінскбуд» якраз і можа праліць святло на пытанне, чаму зацягваюцца тэрміны таго ці іншага будаўніцтва. Як высветлілася ў выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, службовыя асобы аб’яднання проста патрабуюць з падрадчыкаў адкаты за падпісанне актаў выкананых работ, а калі хабар не плаціцца, то акты могуць не падпісвацца досыць доўгі час, што зацягвае тэрміны будаўніцтва. У праваахоўных органаў Мінска ёсць і факты, якія пацвярджаюць існаванне гэтай карупцыйнай схемы.

Як паведамілі «Штодзённіку» у ГУКВД Мінгарвыканкама, у выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у момант здзяйснення злачынства быў затрыманы начальнік аддзела тэхнічнага нагляду над будаўніцтвам ДВА «Мінскбуд». Паводле дадзеных аператыўнікаў, ён вымагаў і атрымаў ад дырэктара падраднай арганізацыі хабар у памеры 90 мільёнаў рублёў за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб падпісанні актаў выкананых работ па аб’екце «Жылая забудова ў межах вул. Матусевіча — вул. П.Глебкі — пр-д Масюкоўшчына — вул. Масюкоўшчына — вул. Калеснікава — мікрараён «Масюкоўшчына-3».

Па дадзеным факце следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Вядзецца расследаванне, падчас якога, магчыма, будзе дадзены адказ на пытанне, такая сітуацыя ў ДВА «Мінскбуд» тыповая ці гэта адзінкавы выпадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?