Расія выбрала рызыкоўны шлях павелічэння расходаў, багаты крызісам з пагаршэннем сітуацыі ў сусветнай эканоміцы, і толькі зварот да асцярожнай бюджэтнай палітыкі перадухіліць застой і дасць шанец на развіццё,
завёў старую песню Аляксей Кудрын, перапыніўшы артыкулам у газеце «Камерсант» трохтыднёвае маўчанне пасля гучнай адстаўкі з паста міністра фінансаў.

Сімвал макраэканамічнай стабільнасці пуцінскіх часоў Кудрын нечакана пазбавіўся працы пасля крытыкі перадвыбарных абяцанняў кіроўнага тандэму і публічнай адмовы працаваць ва ўрадзе Дзмітрыя Мядзведзева, якому Уладзімір Пуцін абяцаў свой прэм’ерскі пост з пераездам у Крэмль пасля прэзідэнцкіх выбараў 2012 года.

Кудрын у канцы верасня сабраў рэчы і на развітанне папярэдзіў пра бюджэтныя рызыкі лістом. Праз тры тыдні ён развіў тэму і прапанаваў ранейшы рэцэпт: спыніць нарошчваць выдаткі ў разліку на дарагую нафту.

«Расія стаіць перад неабходнасцю стварэння новай мадэлі росту эканомiкi — не на базе росту попыту, падагрэтага ўліваннямі» нафтавых «рэсурсаў, а на аснове росту прыватных інвестыцый, падмацаванага стабільнай фінансавай сістэмай з нізкай інфляцыяй і нізкай стаўкай крэдытавання, нароўні з іншымі інстытуцыянальнымі пераўтварэннямі», — напісаў Кудрын.

Кудрын нагадаў, што яшчэ ў 2008 годзе бюджэт зводзіўся ў нуль пры кошце $57,5 за барэль, а ў 2012 годзе ён будзе бездэфіцытным толькі пры $117.

«У нас за акном гістарычны максімум цэн на нафту, што, здавалася б, павінна толькі цешыць. Аднак прыцішыць аптымізм прымушае, па-першае, вядомая цыклічнасць дынамікі гэтых коштаў: толькі за апошнія дзесяць гадоў сярэднегадавая цана на нафту склала ўсяго $60 — без малога палову ад цяперашняй. А па-другое, цяперашнія нафтагазавыя „звышдаходы“ трацяцца без астатку, не ствараючы ніякай „падушкі бяспекі“ на выпадак рэзкага змянення кан’юнктуры», — згусціў фарбы Кудрын, завочна палемізуючы з Пуціным, які напярэдадні назваў закладзены ў бюджэт 2012 г. кошт нафты ў $100 «кансерватыўным», таму што цяпер расійскі гатунак Urals каштуе $112 за барэль.

Фантазёры

Пуцін у панядзелак паабяцаў замежным інвестарам захаваць адказную эканамічную палітыку і абараніў рост сацыяльных выдаткаў, назваўшы яго гарантыяй ад грамадзянскіх хваляванняў. Ён спаслаўся на рэшткі стабфонду і нізкі дзярждоўг як на гарантыі выканання ўсіх абавязанняў у выпадку падзення коштаў на нафту.

Кудрын у апублікаваным у аўторак артыкуле папярэдзіў, што «падушка бяспекі» худая, а ў выпадку крызісу грошай ніхто не дасць.

«(Новы сусветны крызіс) можа характарызавацца — упершыню ў гісторыі — крызісам суверэнных даўгавых абавязанняў, што паралізуе рынак пазычанняў і закрые яго перш за ўсё для краін, якія развіваюцца», — піша Кудрын.

Пры падзенні коштаў на нафту да $60 дэфіцыт бюджэту дасягне 5,5% ВУП. Рэзервовага фонду хопіць прыкладна на год, і выдаткі давядзецца скараціць на 2,5% ВУП, гэта значыць на 1,35 трлн рублёў.

«Ці існуюць альтэрнатывы падразанню расходаў? Так: павышэнне падаткаў і/або запуск друкаванага станка. І тое, і другое ў расійскіх умовах азначае адкідванне фармавання неабходнага інвестыцыйнага асяроддзя як мінімум на пяць-сем гадоў назад», — лічыць Кудрын.

Трыльённыя перадвыбарныя абяцанні паставілі Расію «бортам да хвалі», і часу на карэктаванне курсу «амаль няма», кажа ён, называючы імкненне тандэму вырашыць усе праблемы адразу небяспечнай фантазіяй.

«Павышэнне пенсій і заробкаў, перакамлектаванне войска, мадэрнізацыя прамысловасці — усё гэта абсалютна правільныя задачы, якія мусіць ставіць перад сабой адказная дзяржаўная ўлада. Уключыўшы фантазію, можна нават уявіць сабе, як павінныя выглядаць ўмовы, пры якіх усе гэтыя задачы можна вырашаць адначасова. На жаль, цяпер у нас за акном зусім іншая карціна», — напісаў Кудрын і прапанаваў свой рэцэпт, паўтарыўшы парады, дадзеныя ў канцы яго дзесяцігадовай кар’еры нязменнага пуцінскага кіраўніка Мінфіна.

Кудрын прапанаваў знізіць бюджэтную нагрузку да ВУП за кошт скарачэння расходаў без павышэння падаткаў, утрымаць нізкую інфляцыю, збалансаваць бюджэт пры $ 90–100 за барэль у 2015 годзе, вярнуць цану адсячэння, вышэй за якую нафтагазавыя даходы назапашваюцца, а не выдаткоўваюцца, урэзаць 20-трыльённую сукупную праграму пераўзбраення арміі і абмежаваць індэксацыю пенсій інфляцыяй да ліквідацыі дэфіцыту пенсійнага фонду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?