Незалежны журналіст з Мінска Алег Ражкоў адмовіўся даваць Генеральнай пракуратуры тлумачэнні наконт сваёй прафесійнай дзейнасці.

Як паведаміў Ражкоў, 26 кастрычніка ён атрымаў позву з патрабаваннем з’явіцца ў Генпракуратуру на наступны дзень. «Позву падпісаў ужо вядомы ў журналісцкіх колах саветнік юстыцыі Павел Елісееў — ён раней неаднаразова выносіў калегам папярэджанні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ», — адзначыў Ражкоў.

Раніцай 27 кастрычніка журналіст прыйшоў у Генпракуратуру. «Я спытаў у Елісеева, навошта выкліканы. Ён мне адказаў, што я выкліканы для давання тлумачэнняў наконт маёй журналісцкай дзейнасці. Я спытаў, якія ў мяне ў гэтым выпадку правы. Правы мне былі растлумачаны, у тым ліку права адмовіцца ад тлумачэнняў. Я гэтае права скарыстаў», — сказаў Ражкоў. Пасля адмовы ад давання паказанняў журналіста адпусцілі з Генпракуратуры без складання нейкіх папер і без вынясення папярэджання.

Паводле інфармацыі Ражкова, аналагічныя позвы ў Генпракуратуру атрымалі яшчэ два незалежныя журналісты: Аліна Радачынская выклікана на 27 кастрычніка, Аляксандр Баразенка — на 28-е.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?