Ніне Лушчык было 10 гадоў, калі парушыўся звычны парадак. Дачка высокакваліфікаванага работніка, яна прывыкла ўранку есьці булку з маслам і мармэлядам ды запіваць іх салодкаю гарбатаю. І раптам усё гэта зьнікла. «Прыйшлі з Усходу бальшавікі. Булак, масла няма». Дзяўчынка ня можа зразумець: няўжо бальшавікі за раз паелі ўсе булкі ў Пінску — і ад пекара Данялькевіча, і ад Хаіма, і з Каляёвай вуліцы ад старога Цытліка?..

Яшчэ не чытаў я ў нашай літаратуры, як камісары, і камандзіры, і саўпартработнікі скуплялі мануфактуру, абутак, галянтарэю, лекі ды слалі іх на Ўсход — жонкам і сваякам, а потым тыя спустошаныя крамы з аптэкамі нацыяналізавалі. Не, ёсьць пра гэта ў Сяргея Пясецкага, скупа ў Леаніда Дранька-Майсюка, а хацелася б грунтоўнага дакумэнтальнага дасьледаваньня.

Апавяданьні Ніны Лушчык каштоўныя тым, што гэта жывыя сьведчаньні. Вось прыйшлі ў чэрвені 1941-га ў Пінск немцы, а кухня за імі не пасьпела. Салдаты хочуць есьці. І даведваюцца, што пінчукі (работнікі электрастанцыі, рабочая кляса) ужо два тыдні ня маюць печанага хлеба. «Таварышы за паўтара году падчысьцілі харчы. Так падчысьцілі, што й мышы паздыхаюць», — кажа Нінін бацька.

А між тым «таварышы» на Ўсходзе былі перакананыя, што яны жывуць шчасьліва. Хоць былая польска-савецкая мяжа да самае вайны заставалася «на замку», Нініна маці атрымала дазвол разам з дачушкай паехаць да радні ў Бранск. Дзіця трапляе ў іншы сьвет: кіно ў былой царкве, нясмачнае марозіва, чарга па «падушачкі»… Бранскі Нінін брат крычыць: дайце мне кілё цукерак, у мяне госьці зь Беларусі, а іх няма чым пачаставаць! «Усе згаджаюцца. Няхай купіць, яны там цукерак і ня бачаць». У Ніны ж у параўнаньні зь яе савецкімі равесьнікамі быў багаты досьвед у кандытарскай справе. Недалёка ад пінскай электрастанцыі, дзе яна жыве, таксама ля чыгункі — крамка, а ў крамцы — Рыўка. У Рыўчынай краме прысмакаў і слодычаў гаць гаці. «Халва арэхавая, ванільная, шакалядная. Рагалікі проста зь печы ад Хаіма, шчодра пасыпаныя макам. Абаранкі, натуральна, пінскія, не смаргонскія… А цукерак вялікая моц…» А яшчэ і селядцы. А яшчэ і «славутую Рыўчыну сьмятану нельга забыць».

Памыліўся б той, хто б падумаў, што кніга Ніны Лушчык пра дзіцячыя радасьці («А для дзяцей найбольша сьвята, абы наесьціся багата», — пісаў наш клясык). Гэта і асабістыя ўспаміны, і ўспаміны родных і блізкіх, што засталіся ў памяці аўтаркі. Перад намі праходзіць цэлае стагодзьдзе з рэвалюцыямі, сусьветнымі войнамі. Падзеі разгортваюцца і на Наваградчыне, адкуль Нінін бацька, і ў Расеі, адкуль Нініна маці, і ў Вільні, куды ня раз трапляла аўтарка, але пераважна ў Пінску, дзе яна нарадзілася і скончыла свае дні.

Ня буду хаваць: менавіта тым, што ў загаловак вынесена слова «Пінск», кніга мяне й зацікавала. Заўсёды грэюць душу нават назвы тых мясьцін, дзе ты жыў і дзе засталася частачка цябе самога. А калі пра твае родныя мясьціны і пра тваіх землякоў апавядаецца хораша, дык гэта сьвята душы. Калі ж коратка вызначаць галоўнае ў кнізе, дык гэта яе гуманізм, павага да чалавека, ягонае годнасьці, тое, што не дае чалавеку нават у самых антыгуманных умовах ператварыцца ў зьвера. Ці апавядае аўтарка пра свайго дзеда — царскага салдата, настаўніка школы граматы і багамольца, ці пра Зісельмана з Ганчарскае вуліцы ў Пінску, ці пра беднага Лейбу, які жыў ня разам з усімі пінскімі жыдамі, ці пра пана Вінцэнта Дзедзюля, ці пра жахлівую бойку буслоў над чыгункай, ці пра нямецкага салдата Франца, у мірным жыцьці скрыпача Бэрлінскай опэры, якому адмарозіла рукі, — кожны раз мы сустракаемся з чалавечнасьцю.

У гэтай кнізе таленавіта спалучаюцца яе дух, мова, стыль. Аўтарка — праваслаўная беларуска і патрыётка Беларусі — няшмат вучылася ў польскай школе. З тых рэпрадукцый яе рукапісаў, што маюцца ў кнізе, відаць, што яна не засвоіла польскага правапісу. Але ж ці ў правапісе справа? Мова Ніны Лушчык — жывая польская мова, чутая ёю ў даваенным Пінску, мова з дамешкам беларусізмаў, заходнепалескіх слоў, русізмаў і нават габраізмаў. Такую мову я чуў яшчэ на пачатку 1960-х з вуснаў мясцовых этнічных і касьцельных палякаў. Такое мовы больш няма. Цяперашнія маладыя палякі ў Беларусі вучацца па варшаўскіх кніжках, бадай нічога не дадаючы свайго. Іх мова прэсная і, здаецца, паляку з Польшчы нецікавая.

Ніне Лушчык пашанцавала. Яна сустрэла ўдзячную (сказаў бы — прафэсійную) слухачку і чытачку ў асобе польскага этноляга Ганны Энгелькінг. Гэта яна запісала на стужку й адрэдагавала маналёгі ды пісьмовыя тэксты маёй зямлячкі.

Пані Ганна піша, што апавяданьні Ніны Лушчык — гэта «польскамоўная беларуская літаратура, якой яшчэ не было». Гэта, мажліва, унікальная зьява, бо раней, колькі я памятаю, па-польску пісалі тутэйшыя каталікі і пераважна шляхцічы ды шляхцянкі. Адначасна гэта «новая польская літаратура зь Беларусі». Новая ў тым сэнсе, што гэта «літаратура, якая ажыўляе і адкрывае». Я мог бы сказаць, што кніга Ніны Лушчык — наагул выключны выпадак. Наўрад ці знойдзецца яшчэ хто са старых беларусаў або тутэйшых этнічных ці касьцельных палякаў, хто нагаворыць на стужку або напіша сваю кнігу на той непаўторнай, калярытнай польскай мове, якая была моваю іх дзяцінства і маладосьці. Тое пакаленьне сыходзіць. І магчыма, што кніга Ніны Лушчык — помнік гэтаму пакаленьню.

Nina Luszczyk-Ilienkowa. Pińsk, elektrownia. Mam 10 lat. — Izabelin: Świat Literacki, 2004.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?