На зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страстургу сёння плануецца прыняцце рэзалюцыі па Беларусі.

Як паведамлялася раней, 23 студзеня слуханні па Беларусі прайшлі ў палітычным камітэце ПАРЕ. З боку Беларусі для ўдзелу ў іх у Страсбург былі запрошаныя лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандр Фядута, рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў і Любоў Кавалёва — маці прыгаворанага да смяротнай кары Уладзіслава Кавалёва.

Пасля слуханняў дакладчык ПАРЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэс Херкель (Эстонія) паведаміў, што асамблея можа рэкамендаваць Радзе Еўропы ўвесці ў дачыненні да афіцыйнага Мінска такія ж санкцыі, якія ўвёў Еўрасаюз.

Херкель нагадаў, што ў снежні слуханні па Беларусі праходзілі ў юрыдычным камітэце ПАРЕ. «Усё гэта сведчыць аб тым, што беларускае пытанне мае вялікае значэнне для асамблеі, — заявіў эстонскі дэпутат. — Я вельмі ўдзячны асамблеі, што на гэтай сесіі знойдзены час для правядзення слуханняў і абмеркаванняў па Беларусі».

Херкель паведаміў, што па выніках разгляду яго даклада на сесіі 25 студзеня будзе прынята не толькі рэзалюцыя, але і дадзены рэкамендацыі. «Мы звернемся да Камітэта міністраў Рады Еўропы з пэўнымі рэкамендацыямі па Беларусі. У прыватнасці, плануецца рэкамендаваць краінам — членам РЕ ўвесці такія ж санкцыі, якія былі ўведзены Еўрасаюзам у дачыненні да Беларусі. Таксама будзем рэкамендаваць працягваць працу па падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі, падтрымцы незалежных СМІ і ўніверсітэтаў», — сказаў дакладчык ПАРЕ па Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?