Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падкрэслівае неабходнасць безумоўнага выканання заданняў «пяцігодкі» і патрабуе ад дзяржорганаў «бурнага развіцця» эканомікі краіны ў 2013–2015 гадах.

«2011 год, 2012 год, з улікам праблемных цяжкасцяў, яшчэ неяк прымаюцца пад увагу. Але

2013, 2014 і 2015 гады павінны быць перыядам бурнага развіцця эканомікі краіны», — цытуе Мясніковіча яго прэс-служба
пасля нарады ва ўрадзе ў чацвер у справе праграм дзеянняў па дасягненні ў 2012 г. асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу, а таксама задач на 2013 год.
«Ёсць пэўныя праблемныя пытанні і па 2012 г., але рашэнні IV Усебеларускага народнага сходу, заданні пяцігодкі мы з вамі ўсе павінны выканаць», — сказаў прэм’ер-міністр.

«Кіраўнік урада растлумачыў, чаму ўжо цяпер звяртаецца ўвага на 2013 год. Гэта звязана з тым, што былі пэўныя цяжкасці і праблемы з выкананнем прагнозных паказчыкаў у 2011 г. — першым годзе пяцігодкі», — сказана ў паведамленні.

Там таксама адзначаецца, што прэм’ер Беларусі ўводзіць для органаў дзяржкіравання сістэму справаздач аб зробленых імі захадах па дасягненні ў 2012 г., асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«Сёння мы пачынаем серыю справаздач міністраў, старшынь аблвыканкамаў аб праграмах дзеянняў міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў па дасягненні ў 2012 г. асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і, што немалаважна, асноўных мэтавых задач на 2013 год,
 — адзначыў прэм’ер-міністр. — Гэта неабходна для таго, каб атрымаць зваротную сувязь па выкананні пастаўленых задач».

Як паведамлялася, мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011–2015 гады былі зацверджаны напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў Усебеларускім народным сходам.

Так, за 2011–2015 гады плануецца забяспечыць павелічэнне ВУП на 62–68%, аб’ёму прамысловай вытворчасці — на 54–60%, інвестыцый у асноўны капітал — у 1,9–1,97 разу.

У 2011 годзе ВУП Беларусі вырас на 5,3% пры зацверджаным Лукашэнкам мэтавым заданні росту на 9–10%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?