У інтэрв’ю Naviny.by ён расказаў падрабязнасці свайго затрымання.

— Алег, была інфармацыя, што ты пайшоў на пошту, а цябе там ужо чакалі.

— За мной вялі вонкавае назіранне. Як былы следчы пракуратуры, які цесна працаваў з аператыўнікамі, на вуліцы Кахоўскай я звярнуў увагу на легкавушку, якая рабіла вакол мяне падазроныя манеўры. Думаў, за мной проста сочаць, каб фіксаваць мае маршруты і кантакты. Калі пераходзіў бульвар Шаўчэнкі праз пешаходны пераход, гэтая машына спынілася і мяне прапусціла. Я кіроўцу кіўком падзякаваў за ветлівасць, усё ж было халодна, і хуткім крокам пайшоў да пошты.

Машына спынілася, з яе выбеглі два чалавекі — і адразу да мяне. Яны прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі: адзін — намеснікам начальніка Цэнтральнага РУУС Шахлаем, другі — участковым інспектарам. Яны запатрабавалі пасведчанне асобы. Пашпарту з сабой не было, і я паказаў пасведчанне «афганца». Ім гэтага дакумента здалося мала, і мяне папрасілі праехаць у раённае ўпраўленне, папярэдзіўшы, што маюць права затрымліваць на тры гадзіны і ў выпадку непадпарадкавання могуць ужыць сілу. Такія «манеўры» я таксама ведаў і падпарадкаваўся, каб не правакаваць сітуацыю. У машыне даведаўся, што на мяне будуць складаць пратакол за дробнае хуліганства.

— Міліцыянты былі ў цывільным?

— Так. Шахлай, як я зразумеў, быў за рулём сваёй асабістай машыны. Падчас руху ён з кімсьці звязаўся па тэлефоне і хутка-хутка загаварыў: «Узялі, узялі…» Не ведаю, каму ён даваў справаздачу.

— Цябе адвезлі ў Цэнтральнае або Маскоўскае раённае ўпраўленне?

— У Цэнтральнае. Там вакол мяне, што называецца, забегалі. Афармляла мяне цэлая брыгада афіцэраў. Прыходзіў падпалкоўнік — адну паперу склаў, потым маёр, потым капітан… Мяне гэта, шчыра скажу, нават засмуціла. Калі сядзеў у кабінеце, чуў, як па гучнай сувязі паведамлялі пра ўчыненае злачынства і накіроўвалі следча-аператыўную групу на месца здарэння. Мной жа займалася чалавек сем-восем. Бо трэба было вылічаць, сачыць, рапарты складаць, пратакол афармляць… Я спрабаваў высветліць, адкуль такая ўвага да мяне. Між пісанінай яны казалі: «Вы ж разумееце!» І глядзелі ў столь.

Так, я разумею, ім далі каманду, і яны яе выканалі. Я пытаўся ў афіцэраў міліцыі, ці не волю КДБ яны выконваюць, але яны адмоўчваліся. Аформілі мяне за дробнае хуліганства, дактыласкапіявалі, а потым адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і здалі. На Акрэсціна мяне змясцілі ў камеру з бамжамі.

— Ты зразумеў, у чым быў сэнс твайго затрымання?

— Прыкідваў з усіх бакоў. Спачатку думаў, што прызначалася акцыя апазіцыі, і мяне вырашылі ад удзелу ў ёй такім чынам засцерагчы. Але наколькі я ведаю, нічога такога не планавалася.

— Алег, паведамлялася, што ты збіраўся ехаць на нейкае міжнароднае мерапрыемства…

— Была запланаваная паездка ў Польшчу, дзе на нейтральнай тэрыторыі я павінен быў сустрэцца з калегамі з Расіі і Украіны. Мы хацелі пагаварыць аб стварэнні прафсаюза для былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Мерапрыемства павіннае было адбыцца ў панядзелак, 30 студзеня. У мяне ўжо быў набыты квіток на самалёт. Але нехта даў каманду мяне тармазнуць і пасадзіць на суткі.

— Як цябе сустрэлі ў ЦІПе?

— Нармальна, і супрацоўнікі, і сядзельцы. Першае пытанне ад тых і другіх: «Палітычны?» Так, кажу, лічыце так. У камеры на «палітычнага» адразу рэакцыя: «Значыць, матам лаяўся».

— Цяжка ўявіць, што ты, ведаючы асаблівасці беларускага быцця, ішоў па вуліцы і крычаў на марозе матам.

— Я гэта ў судзе спрабаваў растлумачыць, але ўсе мае хадайніцтвы адхілілі. Суддзя быў прыкметна напружаны. Мяне здзівіла, што ён забараніў у зале суда карыстацца дыктафонамі. Аўдыёзапіс законам дазволены.

— Абскарджваць рашэнне суда будзеш?

— Абавязкова буду, мне па статусе трэба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?