Адбылося гэта падчас яго развагаў аб інтэграцыі Расіі, Украіны і Беларусі ў праграме Яўгена Кісялёва «Вялікая палітыка» на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр».

«Інтэграцыйныя» заявы Навальнага — ад 35:40

— Я глыбока і абсалютна перакананы, што Украіна і Беларусь з’яўляюцца галоўнымі геапалітычнымі і якімі заўгодна саюзнікамі Расіі. І наша замежная палітыка мусіць быць максімальна накіраваная на інтэграцыю з Украінай і Беларуссю… Фактычна мы адзін і той жа народ. Мы павінныя ўзмацняць гэтую інтэграцыю, — заявіў папулярны расійскі апазіцыйны палітык.

Вядучы Яўген Кісялёў адразу ж адрэагаваў на заяву Навальнага: «Вы ведаеце, Аляксей Анатольевіч, я думаю, што цяпер вельмі многія гледачы, якія слухалі вас з сімпатыяй, адразу напружыліся, калі вы сказалі, што расійцы і ўкраінцы — практычна адзін народ. Усё ж вельмі многія думаюць, што гэта не так».

Студыя падтрымала Кісялёва апладысментамі.

У адказ Навальны пастараўся больш дэталёва растлумачыць сваю пазіцыю.

— Я не збіраюся даказваць, што не існуе ўкраінскай нацыі… Але гэта не супярэчыць інтэграцыйным працэсам, не супярэчыць таму, што мы можам жыць у вельмі і вельмі блізкай канструкцыі, — сказаў ён.

Палітык таксама заклікаў не драматызаваць тое, што ў інтэграцыйных працэсах Масква будзе імкнуцца заняць даміноўнае становішча.

— Гэта натуральны палітычны працэс… Тое ж самае мы ўбачым на прыкладзе Еўрасаюза. Ёсць вялікая краіна, ёсць меншая краіна… Натуральна, палітычныя эліты — адзін спрабуе падмяць пад сябе іншага, а другі — пакінуць сабе больш паўнамоцтваў… Усё можна палічыць і можна прыдумаць прымальную канструкцыю, — адзначыў Навальны.

У адказ прадстаўнік часопіса «Карэспандэнт» Ірына Саломка, выказваючы меркаванне ўсіх яе ўкраінскіх калегаў, якія прысутнічалі на перадачы, заявіла:

— Расійскія дэмакраты заканчваюцца на тым месцы, дзе пачынаецца пытанне пра Украіну… Украіна, як і Беларусь, мае права быць суверэннай дзяржавай. Без разумення гэтага мы далёка не сыдзем. І вы далёка не пойдзеце.

Выслухаўшы папрок, Навальны працягнуў спрэчку.

— Гэта родавая траўма ўкраінскай дэмакратыі. Усюды мроіцца змова пра захоп Украіны з мэтай далучэння да Расіі… Ніхто так не думае. Нікому гэта не трэба, — сказаў ён.

З падказкі вядучага блогер растлумачыў, што ён казаў пра інтэграцыю на ўзор Еўрасаюза, дзе, напрыклад, існуюць суверэнныя Францыя і Германія, але кіроўцы бесперашкодна перасякаюць мяжу паміж дзяржавамі.

— Я кожны год праводжу 6 гадзінаў на расійска-ўкраінскай мяжы. А, напрыклад, у Беларусь я праязджаю нават не спыняючыся, — сказаў палітык.

Нагадаем, Аляксей Навальны атрымаў велізарную папулярнасць пасля таго як у сваім блогу пачаў выкладваць выкрывальныя матэрыялы аб карупцыі чыноўнікаў. Яго аднадумцы з захапленнем падхапілі і пачалі пастаянна ўжываць прапанаванае ім азначэнне «Адзінай Расіі» — «партыя жулікаў і злодзеяў». Навальны актыўна ўдзельнічаў у кампаніі пратэстаў супраць вынікаў выбараў у Дзярждуму 4 снежня і адседзеў 15 сутак за «непадпарадкаванне паліцыі». Сёння ён ледзь не самы папулярны апазіцыйны палітык у Расіі, а некаторыя нават разглядаюць яго як будучага прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?