Неаднаразова лепшы хакеіст Беларусі 28-гадовы Міхаіл Грабоўскі, які выступае за «Таронта», у ноч з 23 на 24 лютага па мінскім часе правёў свой 300 матч у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ.
Юбілейная гульня атрымалася для беларуса не самай удалай — «Таронта» прайграла «Сан-Хасэ» (1:2), а Грабоўскі не змог вызначыцца выніковымі баламі.

Сваю кар’еру ў НХЛ Міхаіл пачаў больш як пяць гадоў таму — беларус дэбютаваў у наймацнейшай лізе планеты 6 студзеня 2007 года ў складзе «Манрэаля». Потым у структуры гэтага клуба Грабоўскі правёў два сезоны, але згуляў усяго 27 матчаў, у якіх набраў 9 (3+6) ачкоў.

Раскрыцца беларус змог менавіта ў «Таронта», за якое ён гуляе ўжо чацвёрты год.
У «Таронта» на ліку Міхаіла 273 матчы і 181 (77+104) ачко. Усяго ў 300 сустрэчах у НХЛ у актыве Грабоўскага 190 (80+110) выніковых балаў.

Па колькасці матчаў, праведзеных у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ, Грабоўскі займае чацвёртае месца сярод усіх беларусаў. Па-за канкурэнцыяй па гэтым паказчыку сімвал суверэннага беларускага хакея абаронца Руслан Салей, які трагічна загінуў у авіякатастрофе пад Яраслаўлем разам з камандай «Лакаматыў» 7 верасня 2011 года. На рахунку Салея 917 сустрэч за «Анахайм», «Фларыду», «Каларада» і «Дэтройт». У іх ён набраў 204 (45+159) бамбардзірскія балы.

На рахунку 27-гадовагаАндрэя Касціцына, які праводзіць сёмы сезон запар за «Манрэаль», 377 матчаў у рэгулярных чэмпіянатах і 210 (99+111) ачкоў.

Трэцюю пазіцыю па ліку сустрэч у НХЛ утрымлівае Уладзімір Цыплакоў, які завяршыў гульнявую кар’еру пасля сезона 2004/2005 гадоў, — 331 матч за «Лос-Анджэлес» і «Бафала», 170 (69+101) балаў.

Пяты вынік у 24-гадовагаСяргея Касціцына — 287 матчаў. 155 з іх ён правёў за тры сезоны ў «Манрэалі», набраўшы 68 (24+44) ачкоў, зараз жа Касціцын-малодшы выступае ў «Нэшвіле», у якім за два няпоўныя чэмпіянаты правёў 132 сустрэчы і зарабіў 84 (38+46) балы.

***

У мінулыя гады ў НХЛ гулялі яшчэ тры беларускія хакеісты. 30-гадовы нападаючы Канстанцін Кальцоў, які зараз выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе за уфімскі «Салават Юлаеў», з 2003 па 2006 гады правёў 144 матчы за «Пітсбург», набраўшы 38 (12+26) ачкоў.

Абаронца Алег Мікульчык, які ўжо завяршыў кар’еру, з 1993 па 1996 гады правёў 37 сустрэч за «Вініпег» і «Анахайм» і набраў 3 (0+3) выніковыя балы.

Адзін з трэнераў мінскага «Дынама», у мінулым нападаючы і шматгадовы капітан зборнай Беларусі Аляксандр Андрыеўскі, у сезоне 1992/1993 гадоў згуляў у НХЛ адзін матч за «Чыкага».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?