4 сакавіка адзначаецца дзень памяці святога Казіміра, нябеснага патрона ВКЛ. У Вільні ладзіцца вялікі святочны кірмаш.

Адкуль пайшло свята?

Святы Казімір быў сынам караля Казіміра, унукам караля Уладзіслава Ягайлы, спадкаемцам вялікакняскага і каралеўскага стала.
Казімір пражыў толькі 25 гадоў, згінуўшы, найверагодней, ад сухотаў 4 сакавіка 1583 г. Каралевіч вызначыўся набожнасцю, аскетызмам, дабрынёй. Яго кананізацыя была і важнай дзяржаўнай справай: дагэтуль Літва, ахрышчаная ў 1387 дзедам Казіміра, не мела ўласнага святога патрона. Дый дынастыі Ягелонаў гэта дадало б значнасці. Працэс кананізацыі ішоў доўга, Казімір быў абвешчаны святым толькі у 1604.

З часам святога Казіміра пачалі шанаваць усе каталікі ВКЛ. І па-свойску называлі яго Казюком.

На Казюка, першае веснавое свята, свята кветак, здаўна рабілі кірмашы.

У самым цэнтры Вільні Казюкоўскі кірмаш ладзіцца з XVII стагоддзя. Традыцыя не перапынялася і за савецкім часам,
і паездка ў Вільню на Казюка была для жыхароў прылеглых краін нечым кшталту падарожжа ў «сапраўдную» Еўропу.

Дзе адбываецца?

Сёлета Казюкоўскі кірмаш пачаўся 2 сакавіка і працягнецца да 4-га. Традыцыйна кірмаш на Казюка ладзіўся на Кафедральнай плошчы ў Вільні, перад саборам, у якім спачываюць парэшткі святога. У наш час гандлёвыя шэрагі расцягнуліся па ўсім Старым горадзе.
Часам кірмаш займае ўвесь праспект Гедыміна — ад Кафедральнай плошчы да Жверынаскага моста. Доўга шукаць свята не давядзецца — у ім удзельнічае ўвесь горад.

Што прывезці?

Самая цяжкая праблема для наведнікаў Казюка — што набыць на памяць.

Ці традыцыйны пернік у форме сэрца, ці які народны выраб з гліны, дрэва, бісеру… А мо проста выпіць гарачага віна альбо квасу. Аднак што прыезці трэба абавязкова, дык гэта знакамітыя «казюкі» — сімвал свята: гэта букецікі з засушаных кветак
і траваў, велікодныя вербы.

На Казюкас варта ехаць і проста па атмасферу — бо

ў месце, дзе сярод снегу з’яўляюцца кветкі, пануе карнавал:
музыкі, мастакі і іншыя творчыя людзі таксама выходзяць на вуліцы.
label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?