Перапіска Башара Асада і яго жонкі была перададзена ў распараджэнне Guardian удзельнікамі сірыйскай апазіцыйнай групы «Вярхоўная рада рэвалюцыі».

Матэрыялы сведчаць, што Асад не прымае сур’ёзна прапанаваных ім самім палітычных рэформаў — ён называе іх «вар’яцкімі законамі аб партыях, выбарах і прэсе».
У шэрагу лістоў ён абмяркоўвае лінію сваіх публічных паводзін і далейшыя дзеянні супраць апазіцыі з цесным колам дарадцаў — у тым ліку з Ірана і Лівана.

Дачка эміра Катара ў перапісцы з жонкай Асада прапануе пары адмовіцца ад улады і перасяліцца ў Доху.

У вольны час прэзідэнт Сірыі — у абыход накладзеных ЗША санкцый — загружае музыку з iTunes, карыстаючыся акаўнтам, зарэгістраваным на чалавека з амерыканскім адрасам.

У ліку найбольш скандальных лістоў — дзелавая запіска медыя-кансультанта Башара Асада, які расказвае аб праведзеных кансультацыях з кіраўніцтвам Ірана і атрыманых парадах па пытаннях падаўлення паўстанняў, узмацнення падтрымкі саюзнікаў і дэзінфармацыі як уласнага народа, так і міжнароднай грамадскасці. Башар Асад таксама вёў актыўную перапіску з прадстаўнікамі «Хізбалы».

Акрамя таго, у лістах пазначана, што Асад ва ўсіх падрабязнасцях ведаў пра тое, што ў раёне Баба-Амр у Хомсе, які абстрэльвалі яго войскі, знаходзіліся замежныя журналісты.

Жонка прэзідэнта ў той час, як у Сірыі штодня службамі бяспекі знішчаліся дзясяткі мірных жыхароў, марнавала велізарныя грошы на дызайнерскую вопратку і мэблю.

Прадстаўнікі сірыйскай апазіцыі, што перадалі The Guardian вытрымкі з перахопленых лістоў, паведамілі, што ўсяго яны здолелі скапіяваць больш за 3000 лістоў з асабістых адрасоў Башара Асада і яго жонкі. Гэтая перапіска датуецца перыядам з чэрвеня мінулага года да пачатку лютага гэтага года.

Выданне падкрэслівае, што звярнулася да спецыялістаў з просьбай праверыць сапраўднасць лістоў, і іх сапраўднасць была пацверджаная, аднак праверыць кожны з прадстаўленых дакументаў не ўяўляецца магчымым.

Башар Асад, кажа The Guardian, не давярае свайму сямейнаму клану і ўласным службам бяспекі, ён стварыў сетку давераных асоб, якія падпарадкоўваюцца непасрэдна яму.

Дзяржаўныя і прыватныя закупкі жонкі Башара Асада вядзе дубайская кампанія «Аль-Шахба» з прадстаўніцтвам у Лондане. Дзякуючы гэтай кампаніі Асме Асад можа набываць прадметы раскошы ў Еўропе. Даменнае імя гэтай кампаніі — alshahba.com — выкарыстоўваецца рэжымам Асада для вядзення перапіскі.

Сірыйскія апазіцыйныя актывісты сцвярджаюць, што яны карысталіся доступам да паштовых скрыняў мужа і жонкі Асадаў і іх набліжаных некалькі месяцаў, а 7 лютага факт узлому быў раскрыты, пасля чаго выкарыстанне «засвечаных» адрасоў было імгненна спыненае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?