Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адзначае няўхільнае пагаршэнне сітуацыі са свабодай слова і іншымі грамадска-палітычнымі правамі ў краіне.

Амаль адначасова адбываюцца незаконнае абмежаванне права на свабоду перамяшчэння сябраў арганізацыі, рэзкае ўзмацненне пераследу журналістаў з боку пракуратуры і КДБ, а таксама распаўсюд недакладнай і зневажальнай інфармацыі пра ГА «БАЖ» і яго кіраўніцтва дзяржаўным тэлебачаннем.

За апошнія некалькі дзён ужо чатыром сябрам ГА «БАЖ» было адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі. Сярод іх — старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, якой 15 сакавіка памежныя службы не дазволілі вылецець з аэрапорту «Мінск-2» у Варшаву. У той жа дзень не далі выехаць з краіны прадстаўніку тэлеканалу «Белсат» Міхасю Янчуку, які таксама накіроўваўся ў Варшаву. Напярэдадні, 14 сакавіка, з Беларусі не дазволілі выехаць ў Літву шэф-рэдактару газеты «Наша Ніва», сябру ГА «БАЖ» Андрэю Дынько, а 11 сакавіка — яшчэ аднаму сябру нашай арганізацыі Валянціну Стэфановічу.

Ніводная з афіцыйных структур не дае журналістам інфармацыі, кім і на якой падставе прымалася рашэнне аб часовым абмежаванні іх права на выезд з краіны. З аналагічнымі праблемамі сутыкнуўся ў гэты ж перыяд шэраг грамадскіх дзеячоў і апазіцыйных палітыкаў.

Гэтыя абмежаванні наўпрост парушаюць артыкул 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога грамадзяне краіны маюць права свабодна пакідаць Беларусь, — гэтак жа як і закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспублікі Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Абмежаванне права журналістаў і сябраў БАЖ на выезд з краіны супярэчыць таксама арт.арт. 33 і 34 Канстытуцыі краіны, якія гарантуюць грамадзянам свабоду выказвання і свабоду распаўсюду інфармацыі.

Масавыя парушэнні свабоды меркавання праяўляюцца і ў тым, што з пачатку года сем журналістаў з Гродна і Полацку атрымалі вусныя альбо пісьмовыя папярэджанні ад органаў пракуратуры і КДБ. Яшчэ адзін журналіст з Брэста выкліканы ў абласную пракуратуру на 19 сакавіка. Таксама вельмі трывожнымі сігналамі для журналістаў сталі затрыманні ў апошнія дні ў Мінску дзвюх замежных здымачных груп — эстонскай з канала TV3 3 і шведскай з SVT, якія былі акрэдытаваныя ў краіне.

Нельга не звярнуць увагі на тое, што ціск на журналістаў і сябраў БАЖ павялічыўся неўзабаве пасля распачатай на беларускім тэлебачанні кампаніі цкавання і дыскрэдытацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і яе кіраўніцтва. Складваецца ўраджанне, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне займаецца ідэалагічным забяспячэннем наступу на незалежную журналістыку ў краіне.

У сувязі з вышэйпералічанымі фактамі ГА «БАЖ» :

— рашуча пратэстуе супраць увядзення абмежавання журналісцкай дзейнасці, правоў і законных інтарэсаў сваіх сябраў;

— патрабуе, каб Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўны памежны камітэт адказалі на пытанне — якая дзяржаўная ўстанова і на якой падставе прымала рашэнне абмежаваць шэрагу грамадзян выезд з краіны;

— звяртаецца ў Пракуратуру РБ з патрабаваннем зрабіць захады па аднаўленні законнасці;

— заяўляе, што будзе і надалей, незалежна ад ціску на арганізацыю, ажыццяўляць сваю дзейнасць па ўсталяванні свабоды слова ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?