Пры гэтым цягам дзвюх гадзінаў Альгерд Бахарэвіч проста чытаў фрагменты свайго новага рамана «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення». Ніякіх перформансаў, ніякага шоу. Проста вялікая зала, за сталом сядзіць Бахарэвіч і чытае, а публіка захоўвае поўную цішыню.Канферэнц-зала Інстытута Гётэ набілася бітком — людзям давялося сядзець у праходах, стаяць у калідоры.
Бахарэвіч чытае без мікрафона, і, адчуваецца, сам вельмі радуецца асабліва ўдалым месцам у кнізе — у гэты час на экран за ягонай спінай дэманструюцца фотаздымкі з Шабаноў мінскіх і «Шабаноў» Гамбургскіх. Паміж урыўкамі гучыць музыка — фрагменты любімых песняў аўтара па 30–60 секундаў. Слайдаў няшмат, і за першыя некалькі ўрыўкаў можна ў падрабязнасцях разгледзіць іх усе. Да канца прэзентацыі можна запомніць прыблізны парадак.
На імпрэзу прыйшла розная публіка — тут і студэнты, і пенсіянеры, і жыхары Шабаноў (праўда, не такія, якімі мы іх звычайна уяўляем), а таксама тыя, каму карцела паразмаўляць пра «Гамбургскі рахунак».У апошніх, дарэчы, нічога не выйшла — Бахарэвіч паабяцаў абмеркаваць «Рахунак» у верасні, калі той выйдзе кнігай.
Раман «Шабаны» мае некалькі сюжэтных ліній — у адной хлопец, які мусіць дайсці ад Зялёнага Луга да Шабаноў за ноч, у другой — жанчына, якая шукае мужа, што адправіўся выносіць смецце і знік, у трэцяй сам аўтар, якога мясцовыя алкашы, ведаючы, што ён сын інжынера, віталі з павагай словам «Здравствуйте!» і які цяпер жыве ў такіх самых Шабанах, толькі ў Гамбургу.
Калі нехта думае, што раман пра Шабаны абавзякова мусіць апавядаць пра гопнікаў, падрабязна апісваць папойкі і гэтак далей, то Бахарэвіч даказвае адваротнае. Ягоныя Шабаны з’яўляюцца нейкай асобнай тэрыторыяй — не горадам і не вёскай, дзе людзі жывуць сваім, спецыфічным жыццём, ходзяць у краму ў халатах і тапачках. Тэкст напоўнены нейкай інтэрнацыянальнай, характэрнай для Шабаноў усяго свету тугой, але туга тая бліжэйшая да меланхоліі, чым да дэпрэсіі.
Пасля чытанняў Бахарэвіч адказваў на пытанні слухачоў —тут стала абсалютна відавочна, што чытаць услых яму прасцей, чым адказваць на пытанні: як ён сам і казаў, чалавек ён скрытны, і размаўляць з людзьмі не вельмі любіць.
Адзінае пытанне, якое змагло яго разварушыць, тычылася эміграцыі. «Я з’ехаў не па грошы, а па свабоду, і з майго боку гэта быў маладушны крок, — кажа Бахарэвіч. — Калі я з’язджаў, я быў на мяжы зрыву, самагубства».
Вярнуцца на радзіму? Пакуль не можа гэтага зрабіць. «Я вельмі паважаю людзей, якія засталіся жыць у Беларусі, я захапляюся імі». Але
сам вернецца ў Беларусь, толькі калі над краінай з’явіццабел-чырвона-белы сцяг. «У той дзень, калі пачвары не стане, я вярнуся ў Мінск», — заявіў пісьменнік.
У Германіі Бахарэвіч прапагандуе беларускую культуру і мову, піша кнігі, выступае перад грамадскасцю: «І ў мяне нешта атрымліваецца — усё больш і больш немцаў праз мае кніжкі і выступы даведваецца аб тым, што адбываецца ў Беларусі».
«Калі ў Беларусі скончацца цёмныя часы, то людзі, якія тут жылі і нікуды не збеглі, будуць радавацца чыстай вялікай радасцю. Гэта будзе іх заслужаная радасць. Я такой радасці перажыць не змагу, таму што буду ведаць, што я ўцёк», — дадаў Альгерд Бахарэвіч.
Тым не менш, Бахарэвіч працягвае працу над новымі кнігамі: неўзабаве з’явіцца на паперы «Гамбурскі рахунак». З іншага боку, пісьменнік, якога болей за сто чалавек дзве гадзіны слухаюць, у набітай зале, можа сабе дазволіць рабіць паўзы.