У аўтобусе, які прыбыў з Мінска ў Вільню каля 10 гадзін раніцы, выяўленая магутная выбухоўка. Як распавёў кіраўнік спецпадраздзялення Aras (аналаг беларускага «Алмаза») Віктарас Грабаўскас, гэта процітанкавая міна. Яе знайшоў кіроўца аўтобуса ў сумцы ў багажным аддзяленні.
У Вільні торбу прыйшоў забраць малады чалавек (паводле звестак паліцыі, грамадзянін Беларусі). Перш чым аддаць пасылку з Мінска, кіроўца паглядзеў, што ў ёй знаходзіцца. Убачыўшы гэта, малады чалавек уцёк, а кіроўца выклікаў паліцыю.
Сапёры дасталі з міны ўзрывальнік. Дагэтуль невядома, ці выбухоўка была баявой або вучэбнай. Яна была новай, а не вырабленай падчас Другой сусветнай вайны. На расійскіх навучальных мінах звычайна бываюць спецыяльныя надпісы, на знойдзенай у аўтобусе міне такіх надпісаў выяўлена не было.
Паліцыя Вільні шукае грамадзяніна Беларусі прыкладна 25 гадоў, які падазраецца ў захоўванні выбухоўкі.
0
0
0
0
0
0