Дырыжор-пастаноўшчыкспектакля-аднаўлення — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў, рэжысёр рэдакцыі — Аляксандр Прахарэнка, хормайстар-пастаноўшчык — народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, мастак-пастаноўшчык — Дзмітрый Мохаў.

На беларускай сцэне было падрыхтавана пяць пастановак «Яўгена Анегіна». Гэтая опера была першым творам рускай класікі, пастаўленым у 1933 годзе на сцэне тэатра, і затым неаднаразова паўставала ў розных дырыжорскіх інтэрпрэтацыях і рэжысёрскіх версіях. Цяперашні спектакль, новую рэдакцыю якога ўбачаць гледачы, створаны ў 1986 годзе. У пастаноўцы ўдзельнічалі вядучыя майстры беларускай сцэны.

Як адзначыў народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, галоўны дырыжор Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандр Анісімаў, з партытурай «Яўгена Анегіна» яму даводзілася працаваць не аднойчы, і кожны раз ён з хваляваннем адкрывае яе старонкі і з вялікай радасцю ўспамінае кожную пастаноўку. «Напрыклад, у Марыінскім тэатры мне давялося працаваць у спектаклі „Яўген Анегін“, які ставіў Юрый Цемірканаў як рэжысёр. Я бясконца шчаслівы, што застаў пастаноўку Барыса Пакроўскага ў расійскім Вялікім тэатры — фантастычны спектакль, які вялікі рэжысёр зрабіў яшчэ ў 1940-я гады. Пазней ужо мне давялося ставіць „Яўгена Анегіна“ з Вілі Дэкерам у „Опера Бастыль“. Атрымаўся вельмі цікавы і паспяховы спектакль. Потым была пастаноўка ў барселонскім тэатры „Лісеа“ з рэжысёрам Пітэрам Канвічным і з ім жа ў Токіа, дзе ўсе ролі спявалі японцы на цудоўнай рускай мове. І, нарэшце, былі спектакль у Растове, які мы ставілі з Сусаннай Цырук, і спектакль у Пермі з Георгіем Ісаакянам», — сказаў ён.

Паводле словаў Аляксандра Анісімава, на фоне такога багатага вопыту работы з гэтай партытурай вяртанне да яе ў беларускім Вялікім тэатры — вельмі інтрыгоўная і цікавая сітуацыя. «Як музыкант я вельмі амбіцыйны чалавек, але глыбока перакананы, што самыя вялікія амбіцыі заключаныя ў партытуры. І калі мы іх можам рэалізаваць, значыць, пашана і хвала ўсім, хто заняты ў гэтай рабоце», — адзначыў дырыжор-пастаноўшчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?