Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў убраць ураджай без страт і забяспечыць яго захаванасць.
Такое патрабаванне, як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, прагучала 24 ліпеня ў Мінску падчас рабочай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам.

«Калі кантролю няма, тады пачынаецца спаборніцтва ў кепскім сэнсе слова: хто, каго і хто больш, пры гэтым губляецца велізарная колькасць хлеба. Нам гэта дапусціць нельга. Зараз трэба вельмі якасна спакойна ўбраць сельскагаспадарчыя культуры, асабліва збожжа», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што на пытанне якасці «трэба звярнуць асаблівую ўвагу, нельга страціць збожжа».
У гэтай сувязі Лукашэнка адзначыў, што даручыў КДК узяць пад кантроль правядзенне ўборачнай. Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што найбліжэйшымі днямі плануе, пачынаючы з паўднёвых раёнаў, азнаёміцца з тым, як ідзе ўборка.

Лукашэнка нагадаў, што «калісьці, каб намалаціць мільён тон, прыкладалі проста каласальныя намаганні». «А сёння мільён тон мы намалацілі, яшчэ не ўцягнуўшыся ў масавую ўборку. Гэта амаль не заўважана», — сказаў ён.

Афіцыйны лідар заявіў пра неабходнасць сабраць сёлета прыкладна 9 млн. тон зерня. «Я маю на ўвазе зерневыя, зернебабовыя, кукурузу. Для нас гэта перамога і забеспячэнне нашых патрэб практычна па ўсіх кірунках», — дадаў ён.

На раніцу 24 ліпеня ў сельгасарганізацыях Беларусі было намалочана 1 млн. 53,8 тыс. тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 37,8 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць склалася ў Гродзенскай вобласці (49,3 ц/га), самая нізкая — у Гомельскай (29,6 ц/га).

Нагадаем, на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 ліпеня намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі заявіў, што сёлета плануецца сабраць 8,8 млн. тон зерня (без уліку кукурузы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?