Пошта «Шуфляды»

Удакладненьне

да бiблiяграфii пра генэрала Вiтушку

 

Шаноўная рэдакцыя,

У нумары 32 вашае газэты за 3.11.1997 надрукаваная бiблiяграфiя публiкацыяў, прысьвечаных М.Вiтушку. На жаль, гэтая цiкавая i карысная праца С.Ярша не пазбаўленая недакладнасьцяў. Зусiм фантастычнай выглядае ў ёй пазыцыя №9. Справа ў тым, што нумару «Бацькаўшчыны» за 3.05.1949 ў рэальнасьцi не iснуе, а ў нiякiх iншых нумарох гэтае газэты, што выходзiлi трохi раней цi пазьней за гэтую дату, няма артыкулу пад назваю «Генэрал Вiтушка змагаецца». Артыкул «Вiтушка шырыць змаганьне» (пазыцыя №10 бiблiяграфii) надрукаваны ў «Бацькаўшчыне» за 30.06.1949 (а не 30.05.1949, як у С.Ярша). Артыкул «У службе «Чорнага Ката» (пазыцыя №15) зьявiўся на бачынах усё той жа «Бацькаўшчыны» (№2(62) за 25.03.1950), а не ў часопiсе «Божым Шляхам»*. Хацелася б падкрэсьлiць, што гэтыя недакладнасьцi былi заўважаныя мною пад час усяго толькi хуткага прагляду камплектаў «Бацькаўшчыны» i «Божым Шляхам», якi меў зусiм iншую мэту, чым спраўджваньне названае бiблiяграфii (неабходнасьць вэрыфiкацыi ўсiх пазыцыяў гэтае працы, асаблiва тых, што тычацца артыкулаў з пэрыёдыкаў эмiграцыi, пакiдаю на суд Архiву Найноўшае Гiсторыi). Апроч гэтага, прапаную вашай увазе iнфармацыю аб iншых публiкацыях, што маюць згадкi пра М.Вiтушку i (цi) арганiзацыю «Чорны Кот», i якiя не пазначаныя ў бiблiяграфii С.Ярша:

1. Z. Byelorussia (Whiteruthenia) under russian occupation. — London, 1949. P.4.

2. Атэнтат на Сталiна прыгатаваны беларускай партызанскай арганiзацыяй // Бацькаўшчына. №5 (49). 6.02.1949.

3. На Беларусi партызанскае змаганьне не сьцiхае // Бацькаўшчына. №11 (55). 4.05.1949.

4. Паняволеныя народы змагаюцца // Беларус. №2. 27.11.1950.

5. Супрацьбальшавiцкая дэманстрацыя ў Вiльнi // Божым Шляхам. №5 (44). Верасень—кастрычнiк 1951.

6. «Чорны Кот» дзейнiчае // За Волю. №7. 15.10.1951.

7. Беларускi партызанскi рух // Бацькаўшчына. №4/5 (186/187). 31.01.1954.

8. Крушынiч С. Партызаны ў Беларусi гатовыя i чакаюць // Бацькаўшчына. №26/27 (208/209). 18.07.1954.

9. Volacic M. The Population of Western Belorussia and 1ts Resettlement in Poland and USSR // Belorussian Review. №3. Munich, 1956. P. 27-28.

Iгар Лялькоў

 

Парыж, 16 студзеня 1998

*Гэтая недакладнасьць у «НН» — памылка набору (рэд.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0