БАРБАРА. ПЛАЧ ЗАМЕСТ ГIМНУ

 

А Лiтва, як i Амэрыка, даўно адчыненая. Толькi ў Амэрыцы ўжо колькi стагодзьдзяў стала жывуць людзi, а ў Лiтве няма жыхароў. Заходзяць на Лiтву калi-нiкалi цiкаўныя наведнiкi, экскурсанты, але не гаспадары. Ды ўсё ж я ВЕДАЮ, што ЛIТВА — нашая АБЯЦАНАЯ ЗЯМЛЯ. Буду жыць на Лiтве адна. Мае блудныя дзецi разышлiся па сьвеце долi шукаць. А я iм дарогi не заступала, бо ў кожнага дарога свая. Мо й вернуцца калi-небудзь... Прыму iх любых бяз крыўды, бяз злосьцi, без папроку, на тое я — iхная мацi.

А зараз я па Лiтве блукаю, продкаў сваiх шукаю. Ёсьць продкi зямныя, а ёсьць касьмiчныя. Вунь мiльгануў сьветлы, спакутаваны цень Барбары Радзiвiл. Яшчэ адна непрызнаная-забраная Наша Нацыянальная Гераiня. Хто расьпiша Цябе дзёрзкiмi вершамi? Хто складзе Табе велiчны Гiмн? Ты яго заслужыла. Зьмялеў наш радавод. Вырадзiлася мужчынскае племя. Ах, Барбара! Дзе твой Жыгiмонт? Той Адзiны Мужчына, дзеля якога варта было жыць i памерцi, дзеля якога Ты зьдзейсьнiла подзьвiг? Няма яго. Цяперашнiя хлопчыкi пiшуць вершыкi пра Клеапатру, а Ты, Лiцьвiнская Каханка, усiмi забытая. Што ж, калi мужчыны не прысьвячаюць табе дзёрзкiх вершаў, буду дзёрзкай я, жанчына, бо Ты, мая адважная, свабодалюбiвая Сястра, першай паўстала адваёўваць забраныя правы жанчын. Вайдэлётка каханьня, ты не была начным шэрым матыльком, ды хутчэй грацыёзнай страказой, якая стала птушкай, якая зьвiла б сваё гнязьдзечка i выгадавала ў iм дзетак?! Вiдаць, лета было занадта кароткае. Не пасьпела. «Птушка чалавецтва ня можа лётаць на адным крыле», — прамаўляў Вiвэкананда, маючы на ўвазе праўдзiвае разьняволеньне жанчыны. Ведаю, ведаю: не чытала ты, не цiкавiлася вучонымi кнiгамi. Мо ад таго й шчырасьць твая была няўзброеная, ад таго й Лiтва-Мацi не збудавала свой Пасад. Сястра мая, Ты цяпер мудрэйшая за мяне, Табе з Вышынi вiдней. Навучы мяне Каханьню.

... Якая ж ты каралева, Барбара? I твой Жыгiмонт — не кароль. Лес. Зiма. Каралеўскае паляваньне. А вы абое ўцяклi ад слуг, ад сяброў, ад справаў, ад забаваў, i нiкога й нiчога больш на сьвеце няма. Толькi Ён... Толькi Яна... Ах, якiмi дарагiмi каштоўнасьцямi зiхцiць i прываблiвае да сябе чысьцюткай белiзною сьнег! Высока ўзьбiтая пышная сьнегавая пярына. Ускараскацца на яе можна толькi на паляўнiчых лыжах, iнакш рызыкуеш па грудзi правалiцца ў сьцюдзёную пасьцелю. О, як сьлепiць, палае на ўвесь лес сонца, не раўнуючы, як сэрца ў грудзёх! «Любы, засланi!» — выдыхаюць мiлыя-пяшчотныя вусны, каб не парушыць гармонii дзьвюх чалавечых душаў зь лясным сьветам. А ён, такi чуйны, клапатлiвы, нямы, умомант выкане гэтую просьбу — ружовае выдыханьне. Дужыя рукi Жыгiмонта падхопяць Барбару, i закаханыя ператворацца ў першабытных Адама ды Эву. Што з таго, што наўкола не Эдэмскi сад, ды засьнежаны лес?! Наймагутнейшая ў Сусьвеце Сiла Каханьня зьлiе iхныя целы ў адно рэчышча, i тая вогненная рака растопiць сьнег..., а можа, не растопiць... Сьнег, як птах белы, два скрыдлы разьвiне ды раптоўна зьляцiць. Цёпла й блакiтна стане наўкола. Хлыне пах Iталii з пахам ружаў i язьмiну... Гэта дзесьцi ўжо было... У каго? З кiм? Можа, у Мiцкевiчавым Сьне?.. Можа, у Ганны?.. Можа, у Марыi... Але яны былi ня першыя, хто наблiжаў вясну чалавецтва.

Ах, Барбара! Прыгожае тваё Сьвятло! Пазыч мне тваёй прыгажосьцi, а я табе дам праўдзiвае цяпло агменю, таго, што саграе цела ды лекуе душу. Падзелiмся, як Сёстры! Маё цяпло загоiць нарывы на тваёй скуры, нанесеныя людзкой злосьцяй ды зайздарасьцяй. А Твая Прыгажосьць дасьць мне, зямной жанчыне, тую Сiлу Каханьня, якой валодаеш Ты, Нябесная. Цяпер восень. Дзяды. Твой птах белы няхай прыляцiць да мяне, на Лiтву, на двух аднолькава магутных скрыдлах, бо мы папраўдзе роўныя. Мужчына i Жанчына. Да нас, на Лiтву.

... Барбара Радзiвiл была для Лiтвы як легендарная Эва для Эдэмскага саду. I адна, i другая iнтуiтыўна ўгадалi, што ў гэты момант трэба разьняволiць сардэчную энэргiю. На жаль, i першая, i другая не паслухалiся Найвышэйшага Наказу аб бясконцай карпатлiвай працы. Таму й лiтва ня сталася Лiтвой, таму й зямля ня сталася Зямлёй...

... папраўдзе роўныя: Мужчына i Жанчына...

... да нас, на Лiтву...

Ганна Матусэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0