Сяргей ШУПА

20 гадоў ад пачатку

 

На сёлетнія Каляды споўнілася дваццаць гадоў з дня ўзьнікненьня Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні. Не адно магутнае сёньня палітычнае, культурнае, мастацкае дрэва вырасла з таго колісь амаль незаўважнага гарчычнага зярнятка. Дзеля таго што Майстроўня йснавала за часы позьняга камунізму, яе дзейнасьць засталася амаль незадакумэнтаваная ў адкрытых крыніцах, і сёньня, апрача кароткага артыкулу ў Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі, пра яе бадай што нічога не прачытаеш.

Між тым, Майстроўня сталася першым у постсталінскай Беларусі арганізаваным беларускім рухам з выразнымі палітычнымі незалежніцкімі тэндэнцыямі. Прычым узьнікла яна зусім стыхійна. Гэта быў прыход новага пакаленьня.

Маё пакаленьне нарадзілася пасьля славутых хрушчоўскіх пэрформансаў, калі з штодзённага жыцьця людзей зьнік страх. Пабудова камунізму з трагедыі ператварылася ў фарс-вадэвіль, і стаўленьне да ідэалёгіі прасякнулася глыбокім цынізмам. Нашай крывёю сталася заходняя рок-музыка, якая наталяла нас пратэстам і адпорнасьцю да індактрынацыі. Наш інфармацыйны сьвет фармавалі замежныя радыёстанцыі. Да ўсяго гэтага дадаўся мясцовы калярыт: блізкасьць Польшчы, уздым гістарычнага краязнаўства з рамантызмам замкавай і культавай архітэктуры, частыя візыты ў падсавецкую Прыбалтыку, якія прымушалі задумацца — чаму мы не такія, як яны. Усё гэта разам мяшалася ў нейкую выбуховую сумесь, і дастаткова было прынагоднага каталізатару, каб адбылася непазьбежная рэакцыя, калі раптам адчуваеш, што ты — «беларускі буржуазны нацыяналіст». Для кагосьці гэткім каталізатарам былі кнігі Караткевіча, для іншых — нечаканае знаёмства з забароненай беларушчынай — менскай 20-х гадоў, віленскай, паднямецкай. І як неверагодна прыемна тады было адчуць, што гэтая гнюсная брэжнеўская саветчына, гэтая псэўдабеларуская бээсэсэршчына — усё гэта не тваё, ты гэтаму не належыш і за яго не адказваеш. А тваё — вось яно, тут, пад нагамі: твая зямля, твая гісторыя, твае дзяды ў вёсцы зь іхнай свойскай мовай, звычаямі, песьнямі і незраўнанай жытняй гарэлкай.

І вось гэткі — абуджаны, ці, калі хочаце, інфікаваны — ты разглядаесься навокал і непазьбежна сустракаеш падобных на цябе. І радуесься з адчуваньня, што ты — ня хворы, не адхіленьне, не выломак з сыстэмы. Ты — нармальны, ты не адзін, ты — частка ІНШАЙ сыстэмы.

Такая фэрмэнтацыя адбывалася ў нашых галовах і душах пад канец 70-х гадоў. Паасобныя кроплі беларускай іртуці пачалі зьлівацца разам у нейкую цэласьць. Так увосень 1979 году на філялягічным факультэце БДУ ўзьнікла кола сяброў, да якіх далучыліся студэнты Тэатральна-Мастацкага Інстытуту, а пасьля і іншых менскіх ВНУ, якія ўтварылі Майстроўню. У адрозьненьне ад папярэдняга пакаленьня «адраджэнцаў», інтравэртаў-падпольшчыкаў, майстроўцы ад пачатку былі запраграмаваныя на пашырэньне, на пошукі кантактаў, на агітацыю, на інфільтрацыю ў розныя пласты беларускага соцыюму. Найпрыдатнейшай формай тады сталася ладжаньне традыцыйных сьвятаў і відовішчаў — Калядаў, Гуканьняў Вясны й Купальляў. Першай акцыяй сталася калядаваньне ў менскіх вуліцах і дварах у 1979-м. Прычым рабілася гэта на прыстойным мастацкім узроўні, дзякуючы высокапрафэсійнаму кіраўніцтву кампазытаркі Ларысы Сімаковіч.

Ад таго часу ладжаньне сьвятаў сталася традыцыйным. Побач з гэтым ураблялася й драматычная глеба — быў пастаўлены шэдэўр беларускага народнага тэатру «Цар Максымілян». Аднак пад абалонкай усёй гэтай рэпрэзэнтацыйнай дзейнасьці адбывалася галоўная акцыя — фармаваньне глыбінных палітычных структураў. Рабілася гэта ў глыбокай кансьпірацыі, колам найбольш надзейных і заангажаваных.

Апошняй публічнай акцыяй Майстроўні сталася стыхійнае пікетаваньне пад час збурэньня будынку менскага гарадзкога тэатру на Пляцы Волі 13 чэрвеня 1984 году, якое скончылася затрыманьнем і начной адседкай у пастарунку. Рэпрэсіі ўладаў і індывідуальны ціск з боку КГБ зрабілі далейшае існаваньне Майстроўні немагчымым.

Аднак беларускага джына было ўжо немагчыма запхнуць назад у бутэльку. Кола Майстроўні, нібы той Пратэй, пачало ўцелаўляцца ў іншыя творы — Клюб імя Караткевіча, «Талаку», «Тутэйшых» ды ў дзясяткі іншых, як іх тады абзывалі камсамолы, «нефармальных арганізацыяў моладзі». Адбывалася гэта ўжо за Гарбачова, і было сьмешна, калі гэтых «нефармалаў» позьнесавецкія публіцысты называлі «дзецьмі перабудовы». Гэта былі нашчадкі Майстроўні, якая сама ў гэтым сэнсе была хіба што «дзіцём» Брэжнева і Халоднай Вайны.

З агульнай лібэралізацыяй канца 80-х, калі ўжо стала «ня страшна» адкрыта гуляць у палітыку, на беларускую палітычную арэну выйшлі і старэйшыя пакаленьні «адраджэнцаў», зьліўшыся з постмайстроўскай плыньню ў адзіны фронт, які назваўся Беларускім Народным. Гэтак пачалася новая гісторыя, пра якую ўсе добра ведаюць.

Неяк я прывёў на адну з майстроўскіх сходак свайго інстытуцкага сябра, крутога дысыдэнта. Ён тады ўважліва агледзеўся і запытаўся сам у сябе: цікава, што будзе з усімі імі гадоў праз 15—20? А ў той кампаніі, або крыху раней, або крыху пазьней, або недзе побач зь ёю былі тады 20-гадовыя Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудзкі, Сяргей Дубавец, Генадзь Лойка, Сяргей Сокалаў, Алесь Суша, Віктар Івашкевіч, Алесь Бяляцкі, Сяргей Харэўскі, Адам Глёбус, Уладзімер Арлоў...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0