Зьміцер Бартосік

Расея зблізку

«Я цябе люблю» па-чуваску

 

Пра Цюмень я ведаў толькi з Высоцкага: нафтавыя вышкi, вечна п’яныя сiбiракi ды паўночнае зьзяньне. Між тым, гэты горад ляжыць на шыраце Рыгi. Курорт, па-нашаму.

Пахмурнай ранiчкай наш вандроўны тэатрык на мiкрааўтобусе рушыў на Расею. Наперадзе была астранамiчная лiчба — тры тысячы кiлямэтраў. Я нават адмерыў iх у адваротным кiрунку. Атрымалася Барсэлёна. Але яе, радзiмую, ужо ёсьць каму беларусізаваць.

Першую пляшку вызвалiлi яшчэ да мяжы. Калi суворы беларус не бяз зайздрасьцi буркнуў: «Што, п’яце?», дык ягоны расейскi калега вельмi ласкава прамовiў: «Главное, ребят, закусывайте». А што ж яшчэ можна рабiць на шляху ў тры гадзiнавыя паясы? Толькi закусваць. «Глядзi, нават, трацiл не шукалi.» «У Расеi зараз у модзе гексаген.» «Э, мужыкi, знайшлi чым жартаваць.»

...Прачнуўся я, калi наш карабель стаяў на прыколе. Падарожнiкi цiха спалi. Мяне ж пацягнула ў адкрыты космас. Ад навiслай над галавою галяктыкi стала крыху не па сабе. Над Расеяю абсалютна iншае неба! Беларускае неба — хатняе, нiбы намаляванае местачковым мастаком. А тут, пасярод чорнай пустой дарогi, неба халоднае i нядобрае. Напэўна, кожная краiна адбiваецца ў сваiм небе па-свойму.

Я азірнуўся вакол. Рэдкi гнiлы бярэзьнiк абапал шашы, драўляны барак зь няроўным надпiсам «КАФЭ», перакошаная прыбіральня... Унутраны выгляд «кавярні» нiчым не саступаў вонкаваму. Адзiн куток памяшканьня займала iмправiзаваная барная стойка з дошак. У дальнiм куце — звалка паламаных крэслаў ды сталоў. Кожны стол упрыгожвала бутэлька з-пад гарэлкi. У бутэльцы — нейкае чырвонае рэчыва, падобнае на рыбацкага матыля. I пустата. Я ўжо зьбiраўся пакiнуць гэты сумны прытулак, але за стойкай узьнiк загадкавы ўсходнi чалавек: «Кюшат будэм? Піт будэм?» «Дзе я?» «Дэсят кэмэ да Ныжнэва Новгарада», — не зьдзiвiўся майму пытаньню бармэн. «А гэта што?» — я паказаў на бутэльку. «Уксус, пэрэц. Какой шяшлык бэз уксус?» Прыправа — два ў адным — дайшло да мяне.

Ёсьць адно трапнае вызначэньне Расеi. «Расея — гэта такая мале-е-енечкая краiнка. Амаль як Швайцарыя цi нейкi там Люксэмбург. Але якая ў вынiку справядлiвых i вызвольных войнаў заняла тэрыторыю, роўную адной шостай зямной сушы». Я гэта згадаў за Нiжнiм. Калi пачалася краiна велiканаў. Шаша вiлася ў нiзiну й вынырвала на ўзгорак празь дзясяткi кiлямэтраў. З аднаго боку панарамнага далягляду праглядалася абалон Волгi, другi хаваўся ад вачэй у далёкай смузе пралiўных дажджоў, што ішлі, магчыма, у якой Мардовii. «А кажуць — адступаць няма куды», — заўважыў калега.

Варта праехаць першую тысячу кiлямэтраў, i надыходзiць «другое дыханьне». 500 км — гэта недзе побач, 100 — зусiм рукой падаць, ну а 38 — гэта ўвогуле «злазь, прыехалi». I ўжо нават бяскрайнi краявiд за лабавым шклом не цiкавiць. Але раптам звычайная дарога зьмяняецца на шырачэзную аўтастраду. Шлягбаўм, чырвона-зялёныя сьцягi, назвы на дзьвюх мовах. Пачынаецца Казанскае царства Шаймiева, Рэспублiка Татарстан. Са сваiмi парадкамi. За дарогу плацi, за карыстаньне мостам праз Волгу таксама плацi. Ад Казанi да Наберажных Чаўноў, здаецца, за кожным хмызом — татарскі мiлiцыянт з радарам. Мы толькi абагналi «жыгуля» ў зоне «абгон забаронены», як умомант былi прыцiснутыя цывiльным аўто зь мянтамi. Плацi. Сур’ёзная краiна Татарыя.

Да Цюменi пад’яжджалi каля паўночы. Горад уразіў колькасьцю сьветлавой рэклямы. Працавалi начныя клюбы, рэстарацыi й бары. Шматлiкiя начныя крамы вабілі сваiмi нябеднымi вiтрынамi. Акрамя выбару кiлбасаў ды рыбы, было не зьлічыць гатункаў пiва й гарэлкі. Але яшчэ больш зьдзiвiла немагчымасьць чаго-небудзь пакаштаваць без расейскага рубля ў кiшэнi. Даляр, нават пасьля дэфолту, ня стаў тут завочнай нацвалютай, як у нас. Але пры сьвятле дня «начная Цюмень» паблякла.

Уявiце сябе велiканам. Вазьмiце некалькi дзясяткаў пачарнелых старых купецкiх двухпавярховікаў чырвонай цэглы, колькi шэдэўраў правiнцыйнага сталiнскага ампiру, сотню-другую бэтонных брэжнеўскiх скрыняў ды яшчэ пару-тройку наварускiх хмарачосаў. I з усяго размаху, нiбы косьцi, кiньце гэта ў гразь. Каб аж пырснула. У вас атрымаецца першы горад, заснаваны расейцамi ў Сiбiры — Цюмень.

Менавiта такою я ўбачыў яе з кола агляду ранiцай наступнага дня. Вулiца вывела мяне ў сумны парк культуры й адпачынку. Людзей было няшмат. Памiж голых таполяў ды застылых каруселяў, сярод гэтай мёртвай iдылii круцiўся абавязковы атрыбут любога ЦПКiО — «чортава кола». Абсалютна пустое й бесталковае.

Колькi сябе памятаю, гэты атракцыён быў маёю любiмай забавай. Але тут упершыню ў жыцьцi стала страшна. Прычым страх нарастаў па меры наблiжэньня рыпучай калыскi да вышэйшай кропкi, дзе я з усёй шчырасьцю адчуў сваю самоту. За тры тысячы кiлямэтраў ад дому, адзiн па-над страшным чужым горадам. Алкашы на зямлi перарвалi сваю справу і, задраўшы галовы, зь цiкавасьцю глядзелi на нерухомага чалавека наверсе, якi моцна сьцiснуў парэнчы.

...Перад пачаткам спэктаклю вырашылi даць слова й мне, барду беларускаму. «Ну, Вы нам споёте Визбора или Окуджаву?» — украдлiва пытаўся дырэктар Цюменскага тэатру. «Пардон. Яны ж не пісалі па-беларуску.» «А что Вы будете петь? Не очень политическое? У нас же, знаете, выборы на носу.» Тое, што беларускага непадкантрольнага слова баяцца нават у Цюменi, было для мяне адкрыцьцём. Сьпяваў я «Запяi мне песьню». Перад гэтым сказаўшы, што аўтарка верша аддала братняй Сiбiры немалую частку свайго жыцьця. Публiка сустрэла вестку прыязнымi ўсьмешкамi. Пасьля мне нехта з нашых сказаў: «Дзякуй, што ты ня ляпнуў, што Генiюш сядзела ў братняй Цюменi».

Акторы баялiся, што «Камэдыю» не зразумеюць. Але апасеньнi былi дарэмнымi. Запомнiлiся некаторыя рэплiкi ў антракце. «Ни хера не понял. Но как смешно!» «Володя, ты же служил под Житомиром. Садись к нам переводчиком.» «Но с евреями могли бы и поосторожней. Какие ж они жиды?»

На наступны пасьля спэктаклю дзень беларускую трупу запрасiлi зь вiзытам у консульства РБ. Ёсьць, аказваецца, i такое. Халодная, афiцыйная, няўтульная ўстанова. Ня грэла нават гарбата, якой нас частавалi. Прысутнiчаў мясцовы беларускi бамонд. Бiзнэсмэн, генэрал, чыноўнiк абласной адмiнiстрацыi ды iншыя дзецi беларускай зямлi. Лiшнi раз пераканаўся, наколькi нецiкавыя, тупыя ды закамплексаваныя беларускiя мужыкi. На тле беларускiх жанчын. Вясёлых, разьняволеных i, як правiла, прыгожых. Пакуль мы пiлi гарбату, генэрал, бiзнэсмэн i чыноўнiк па чарзе няўпэўнена зачытвалi нам свае даклады пра непазьбежнасьць «нашего объединения». Яны, са стараньнем самадзейных актораў, чыталi свае паперкi з «удзельнаю доляю Беларусi ў эканомiцы Цюменi».

Нашу думку публiка пачуць, вiдаць, баялася. А ў напiсанае наўрад цi верыла. Жанчыны ў гэты час падлiвалi гарбаткi, наразалi тарты й казалi «калi ласачка». Я не ўстрымаўся, каб нагадаць прысутным пра незайздросны лёс аднаго сiбiрскага беларуса, на чые грошы адноўлены крыж Эўфрасiньнi Полацкай i якi сёньня вымушаны «каратаць час на радзіме». «Мы с бандитами и фашистами дел не имеем», — быў адказ аднаго зь землякоў.

Цяжкай ранiцай я ўключыў тэлевiзар. Трансьлявалася праблемная перадача мясцовага тэлебачаньня. Гарачая спрэчка iшла пра неадпаведнасьць горада Ханты-Мансiйска статусу сталiцы. У Цюменскую вобласьць, якая займае плошчу з паў-Эўропы, уваходзяць дзьве аўтаномныя акругi. Ханты-Мансiйская ды Ямала-Нянецкая. I ханты-мансiйскi горад Сургут захацеў сам стаць сталiцаю. Маўляў, у нас i грошы, i дарогi, i будаўнiцтва. А што ў тым Ханты-Мансiйску, акрамя прыгожай назвы? Маленькi ды вельмi горды Ханты-Мансiйск апэляваў да гiстарычнай справядлiвасьцi ды ўвогуле быў гатовы узьняць пытаньне аб наданьнi акрузе статусу суб’екта фэдэрацыi. Я ўсёй душой быў на ханты-мансiйскiм баку. Пасьля зiрнуў на мапу. Да Сургута было каля тысячы кiлямэтраў, да сталiчнага ж Ханты-Мансiйска яшчэ з палову таго...

Дарога назад заўжды здаецца карацейшаю. Нават калi наперадзе некалькi тысячаў кэмэ, а сiлаў ужо няма нi пiць, нi спаць, нi заляцацца. Думка iмкнецца да Беларусi, якая быццам бы прагне далучацца да гэтых бяскрайнiх стэпаў Башкартастану, што цягнуцца за вокнамi.

Я нiколi ня чуў ад знаёмых расейцаў выразу «наш Гомель», цi «а какая разница между Россией и Белоруссией». Мае знаёмыя расейцы гатовыя ўспрыняць любую розьнiцу памiж намi. Затое колькi я чуў ад беларусаў пра «нашых парней на Каўказе», цi пра тое, што «Ельцына нада мяняць». Ну што ж, калi так хочацца адчуць розьнiцу памiж «нашымi народамi», i калi гэта хоць чаму-небудзь навучыць, я — за аб’яднаньне. Ужо тое, што непераможны ў бойках з непаўналетнiмi пацанамi менскi амон стане поплеч са сваiмi хабараўскiмi калегамi пад Аргунам, ня можа ня радаваць.

Ад сьветлых думак мяне адарвалi сябры. Аўтобус спынiўся ля дзьвюх дзяўчынак, што галасавалі на чуваскай трасе. Адной з выгляду гадкоў чатырнаццаць, другой — шаснаццаць з нацяжкай.

«Вам куды?» «А мы работаем.» «У якім сэнсе?» «Минет — 50 рублей.»

«Халява, мужыкi, трохi меней за два даляры!»

«А як будзе па-чуваску: я цябе люблю?» — запытаўся я ў малодшай. Тая адказала. «Вот и любите свою родину», — далi мы параду й паехалi далей. Разважаючы, цi магчыма такое ў нас, куды яшчэ не дабраўся дух чыстагану.

Усiм знаёмае пачуцьцё рэзкага пераходу з халоднай вулiцы ў цёплую хату. Прыкладна такое ахапiла й нас пасьля пераезду мяжы. Надта ж дзiўна пасьля таго, што адмахалi за гэтыя днi, глядзеўся паказальнiк «Брэст 603». Уся наша краiна ўкладвалася ў некалькi гадзiнаў шляху. Але, зь iншага боку, у Беларусi кожны кiлямэтар на рахунку. Iх можна проста каштаваць. Траса набывае цывiлiзаваны выгляд, няма нi гразюкі, нi малалетнiх блядзей. Навокал суцэльная пастараль. Ляскi, маляўнiчыя вёсачкi...

Першае, што заўважаеш i чаму радуесься па прыезьдзе ў Менск, — тут можна сьмела хадзiць па зямлi. Не баючыся выпэцкацца ў бруд цi запырскаць брудам мiнака. Можна з усяе сiлы таптаць чысты асфальт, адчуваючы ад гэтага занятку невыказны кайф. I гэта нямала.

Адзiнае, пра што шкадую, — не запiсаў, як па-чуваску будзе «я цябе люблю».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0