Водгукі

 

Псыхапатычная мазаіка

Правільна вы напісалі, што гэта нядобра — публікаваць дыягназ. Але, на мой погляд, гэта тычыцца звычайных людзей. А вось наконт тых, хто займае высокія пасады, ад іх дзеяньняў, паводзінаў залежаць лёсы вялікай колькасьці людзей, нават краінаў — такія людзі разам зь вялікаю пасадаю атрымліваюць вялікія і шматлікія абавязкі. Сярод іх — быць сумленным і адкрытым. Калі я давяраю (а я, напрыклад, не давяраю) кандыдату ў дэпутаты прадстаўляць мае інтарэсы на ўзроўні раёну, гораду, дык гэты дэпутат падае, прынамсі, дэклярацыю сваіх даходаў. А што казаць аб прэзыдэнце?! Мы павінны ведаць усё — і стан здароўя таксама. Французы нядаўна натапырылі вушы, калі іх галоўны чхнуў ня ў час. Амэрыканцы таксама — яны, пэўна, трохі перабольшваюць, але трымаюцца слушнага напрамку: займаючы высокую пасаду, чалавек атрымлівае вялікія абавязкі і павінен падпарадкоўвацца шматлікім патрабаваньням. А ня так, як у нас: “пасада — прывілей, а абавязкі свае я прыдумаю сам”. Вы маеце рацыю і ў тым, што Беларусь — не цывілізаваная краіна, і дэмакратычныя падыходы й разважаньні ў нас непрымальныя. Таму, пэўна, тая публікацыя ў “НС” — брудны прыём: “гэта ня нашыя мэтады, а іхныя”.

З другога боку, як інакш паведаміць людзям пра хваробу галоўнага спартоўца? Улічваючы новы кодэкс, паводле якога кожнае слова пра ППРБ можа трактавацца як паклёп ці абраза?

Зьміцер Лапцёнак, Менск

 

Малайцом “Наша Свабода”

Мяне абурыла ваша рэакцыя на артыкул у “Нашай Свабодзе”. Тое, пра што мэдыкі шапталіся на кухнях, газэта наважылася надрукаваць. І вось замест таго, каб падтрымаць “НС”, вы кідаеце ў яе свой камень. Лепш бы вы прамаўчалі, як гэта робіць “Народная Воля”.

Складаецца ўражаньне, што акупацыйная ўлада збольшага задавальняе рэдакцыю, “вось толькі вяроўка трохі муляе шыю, але трываць можна”. Толькі чамусьці Разанаў зьехаў з краіны, ня вытрымаў.

Пазыцыя староньняга назіральніка вельмі выгодная, але ці слушная?

Віктар Лісоўскі, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0