Алесь Чобат

Тлум дзяцей

 

Алесь Аркуш у водгуку на адзін з маіх нарысаў палічыў, што Чобат мае беларускі народ за быдла і ў палемічным запале выдумаў хіба найлепшае акрэсьленьне беларускаму народу ў яго сучасным становішчы: тлум дзяцей!

 

І.

Што да быдла, дык гэтая характарыстыка беларусаў даўно састарэла. Была яна справядлівай сто гадоў таму, на пераломе ХІХ--ХХ ст. У той час “пяць беларускіх губэрняў”, зь лёгкай рукі акадэміка Карскага, рэктара Варшаўскага ўнівэрсытэту і аднаго з найлепшых “обрусителей Польши”, былі глухім абшарам пустак, лясоў і балотаў, празь якія капіталізм пралятаў без затрымкі з Санкт-Пецярбургу ў Адэсу і з Варшавы ў Маскву. Нават губэрнская Вільня магла пахваліцца адно сівой даўніной, касьцельнымі мурамі ды прыватнымі скарбамі й бібліятэкамі — капіталізм у польска-чынавенскай і жыдоўска-рамесьніцкай Вільні сьлядоў не пакінуў. А ў Менску, Віцебску, Горадні ці Магілёве да 20-х гадоў ХХ ст. нават электрыфікацыя й каналізацыя з вадаправодам рабілі толькі першыя нясьмелыя крокі. А цывілізацыя і культура прыходзяць толькі туды, дзе ўжо ёсьць каналізацыя, электрычнасьць і фабрыка. У шматнацыянальнай і шмаканфэсійнай Беларусі рэзкі сацыяльны падзел быў падмацаваны нацыянальна-рэлігійным падзелам на “хама”, “пана”, “жыда”, “тутэйшага”, “рускага”, “паляка” etc. Той неакрэсьлены вясковы тлум звычайна мянуюць этнас, маючы на ўвазе, што з дапамогай эліты ды пад уплывам новых гістарычных абставінаў зь яго крышталізуецца нацыя. Асаблівасьць беларусаў у тым, што сваёй эліты тут, за маленечкім выняткам сацыялістаў-рамантыкаў, не было, і беларускую нацыю ў ХХ ст. кшталтавалі “чужыя” эліты, дакладней, “свае хлопцы”, якія ўспрынялі ідэі, што ішлі ад улады, бо служба верай і праўдай такім ідэям гарантавала кар’еру.

Ідэя фармуе ня нацыю, але яе эліту. А фармаваньне нацыі, усе інтэгральныя, асыміляцыйныя і самаасыміляцыйныя працэсы – ад галоднага страўніка.

Беларусь пачатку ХХ ст. — гэта “панскі двор”, “жыдоўскае мястэчка” і вёска, тлум дзяцей. Спосаб побыту кожнага складніка быў рэзка адменны і кожная асобная культура замкнёная ў сабе. На працягу 1904—14 г. напрацаваць больш-менш заўважны слой нацыянальнай інтэлігенцыі, мяшчанства, сялянства было проста немагчыма. Фатальна шкодзіла гэтаму ня столькі непісьменнасьць тлуму, колькі суцэльны крываток “праваслаўных” у “рускія”, а “каталікоў” у “палякі” пры спробе засвоіць сэмінарыю, гімназію ці вучылішча з курсамі. Калі ў Цэнтральнай і Заходняй Эўропе на пачатку ХХ ст. “малыя” нацыі, што ня мелі ўласнай дзяржаўнасьці, кансалідаваліся і напрацоўвалі адукаваны чалавечы патэнцыял — стваральнік будучай незалежнасьці, беларусы заставаліся на этапе простай экзыстэнцыі й прымітыўнай вэгетацыі. З гістарычнага пункту гледжаньня гэта тлумачыцца тым, што “пяць беларускіх губэрняў” знаходзяцца на памежжы Ўсходу і Захаду, лацінскай і бізантыйскай цывілізацыяў. Гэты разлом у 1914—20-х найбольш трагічна выявіўся ў гісторыі Ўкраіны, у заснаваньні й гібелі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. А здавалася б, украінцы мелі свой “украінскі П’емонт” у Львове, мноства легальных арганізацыяў, часопісаў, газэтаў, пачатковых школаў, арганізавалі 300-тысячную ўкраінскую армію ў 1918-м — са сваімі афіцэрамі і генэраламі, заявілі нават залаты запас... Тым ня менш, ва Ўкраіну выявілася тады ўкраінцам яшчэ зарана. Тое самае, зьменшыўшы маштаб у дзесяць (сто) разоў, можна паўтарыць пра беларусаў. Ёсьць пэўны закон што ў гісторыі, што ў палітыцы і геапалітыцы. Нацыя, якая ня вырашыла сваіх нутраных праблемаў, ня мае шанцаў на палітычна-дзяржаўную незалежнасьць і захаваньне свае культуры і адасобленасьці.

БНР ня мела аніякіх шанцаў, нават калі б палякі і бальшавікі пакінулі яе ў спакоі, як “шэсьць паветаў”, як буфэр! Бо нацыі не было. Было быдла.

 

ІІ.

Глыбокай памылкай будзе лічыць, што экзыстэнцыя “на памежжы культураў”, “паміж Усходам і Захадам” заўжды ўзбагачае аўтахтонаў. Кожная культура, што прыходзіць на памежжа, дбае толькі пра сваё. Так рабіў польскі касьцёл у XIV—XIX ст. Так рабіла Расейская імпэрыя ў ХІХ—ХХ ст. Крах гэтай імпэрыі быў нядоўгі — з 1914-га да 1934-га. Расейская імпэрская ідэя аднавілася ў сталінскай ВКП(б) і Савецкім Саюзе, асабліва пасьля абвяшчэньня СССР адзінай сацыялістычнай дзяржавай у варожым атачэньні. (У расейскай імпэрскай ідэалёгіі Расея была адзінай праваслаўнай, славянскай etc. дзяржавай.) Таму ўсе гульні ў “нацыянальныя” рэспублікі былі справай часовай, змушанай.

Бальшавікі на месцах не маглі абысьціся без “каранізацыі” кадраў — у БССР было ў 1921 г. ... 820 камуністаў на 1,2 млн. насельніцтва – таму ў 1924 г. у кампартыю неадкладна дабралі яшчэ 5 тысяч былых беларускіх эсэраў. Гэта ім удаліся два “ўзбуйненьні” БССР у 1924-м і 1926-м – нягледзячы на тое, што Дзяржынскі са сваім ОГПУ і многія саюзныя наркаматы (замежных справаў, фінансаў) былі супраць.

“Росквіт нацыяналізмаў” у СССР 20-х тлумачыцца зацятым змаганьнем за ўладу паміж Сталіным і Троцкім. Троцкі абапіраўся на армію, ОГПУ і старыя партыйныя кадры, Сталін – на правінцыйных клеркаў і нацыяналістаў у “нацыянальных рэспубліках”. Невыпадкова барацьба з “нацдэмаўшчынай” пачалася на другі дзень пасьля высылкі Троцкага за мяжу, а яго прыхільнікаў у ГУЛАГ ці глухмень – у 37-м...

Беларусізацыя ў БССР была толькі пяцігадовай: 1924—29. Потым усялякі сьлед па “беларушчыне”, загнанай у фальклёр, тэатар, дажынкі і літаратурку з газэтчынай, у Менску і Віцебску згінуў інэрцыйна, бо ўжо працавалі пэдагагічныя навучальныя ўстановы і гналі на вёску настаўніка-завочніка, заставалася беларускай вясковая сямігодка. І дзяржаўная (адна з чатырох!) у БССР беларуская мова мела рэальны статус вясковай, другаснай дзяржаўнай мовы. Нягледзячы на кніжкі і школу. За ўсім беларускім у савецкі час у сьвядомасьці тутэйшага тлуму дзяцей укараніўся псыхалягічны статус другаснага, нічога ня вартага, прымітыўнага, брыдкага, годнага аднаго жалю, сораму і найхутчэйшага забыцьця.

Тым болей, што савецкая ўлада і беларуская вясковая сямігодка давалі шанец уцячы ў места, скончыць які-небудзь тэхнікум па-расейску, пачаць кіраваць і разьвітацца зь вясковым гноем на вякі вякоў аман! Ёсьць у архівах цікавы рапарт афіцэра менскага НКВД за 1934 г. пра настроі ў менскім студэнцкім асяродзьдзі. Там адзначана, што пратэст студэнтаў-гуманітарыяў супраць амаль поўнага выцясьненьня беларускай мовы – як мовы навучаньня! – зь беларускай вышэйшай школы не знайшоў падтрымкі ў студэнтаў-мэдыкаў альбо інжынэраў, якія... не разумелі сутнасьці пратэсту: маўляў, і мы ж вывучаем беларускую мову зь літаратурай, умеем чытаць і пісаць, а можам і пагаварыць, “есьлі нада”... Тлум дзяцей клюнуў на падмену мовы навучаньня прысутнасьцю той самай мовы ў якасьці адной з дысцыплінаў. Беларус-мэдык і беларус-інжынэр так і разумеў, што гэта філёлягу ці журналісту беларускую мову “нада знаць па сьпецыяльнасьці”. Той афіцэр НКВД ацэньваў гэткі зварот мазгоў як несумненны посьпех сталінскай нацыянальнай палітыкі. І меў рацыю, бо сярэдняя і вышэйшая адукацыі адсейвалі зь вясковага “тлуму дзяцей” найбольш здольных і спрытных ды перараблялі іх на быдла з дыплёмамі. Пры поўным несупраціве, а нават ахвоце й радасьці нашых “выпускнікоў вясковай сямігодкі”, якіх гнала прага кар’еры і галодны страўнік...

 

ІІІ.

Працэс самавынішчэньня беларусаў як нацыі быў запаволены ў Заходняй Беларусі. Польская канцэпцыя “адзінага народу” і бяздарная рэалізацыя яе “крэсовымі зямянамі” ды“санацыйнікамі”, гаспадарчы заняпад, паліцэйскі рэжым і адсутнасьць якой-кольвек пэрспэктывы праваслаўнаму ня толькі з “подставуўкай”, а нават з гімназіяй ці ўнівэрсытэтам у Празе-Чэскай выклікалі, з аднаго боку, трактаваньне беларусамі Польшчы як чужой, варожай дзяржавы, з другога ж, спарадзілі мрою-ілюзію пра шчасьлівае жыцьцё ў БССР.

Такім чынам, на беларускую вёску ніякая “палянізацыя” не ўплывала (было непамысна, каб сын-гімназіст зь мястэчка ў бацькавай хаце азваўся па-польску!), вёска заставалася прыроджана беларускай, але ў любы момант гатовай кінуцца на шыю “вызваліцелям” і ляцець у савецкія ФЗВ і тэхнікумы вучыцца, каб выбіцца “загадваць” і хутчэй з той вёскі ўцячы!

Гэтак і сталася па верасьні 39-га. А пасьля 44-га, і тым болей у 1948—50 гадах, калі нарэшце ўсталяваўся нейкі спакой і выявілася, што ад даваенных дамінуючых нацыяў, жыдоў і палякаў, засталося няшмат (гітлераўцы выбілі жыдоў на 90%, а бальшавікі на тыя ж 90% выбілі, вывезьлі ў Сібір ці адной сваёй прысутнасьцю тут змусілі выехаць у Польшчу польскую інтэлігенцыю), “тутэйшыя” камсамольцы з партызанска-армейскім радаводам атрымалі шанец нечуваны і нечаканы. З 1956 г. беларусы апанавалі ЦК КПБ і амаль усе партыйна-дзяржаўныя структуры БССР. Надышла блаславёная мазураўска-машэраўская трыццацігадовая эпоха, якая сфармавала сучасную беларускую нацыю.

Менавіта ў тыя часы беларуская культура была ўведзеная ў свой дазволены загон (“вайна і вёска”), беларуская школа была падмененая беларускай мовай і літаратурай як адной з дысцыплінаў, а беларушчына ў сьвядомасьці “нацыі” зрабілася адпаведнікам чагосьці брыдкага, сьмешнага, гаўнянага, вясковага, курвельскага і невядома якога.

Вясковы хам-камсамолец бег у расейцы сьпераду расейца ня проста так. Ён баяўся, што прышлюць Ваньку з Волгі і на галаву пасадзяць. Адзін выпускнік вясковай сямігодкі пёр у Менск на фабрыку і на будоўлю, завочны факультэт, партыю і начальства, а другі — у вайсковую вучэльню, у Савецкую Армію на казённыя боты, мундзіры, добрыя грашовыя аклады і рай на зямлі! Пасьля 1956 г. беларусы-афіцэры ў Савецкай Арміі ішлі другімі па колькасьці пасьля расейцаў, апярэджвалі нават украінцаў, пяцікроць большую і псыхалягічна падобную нацыю!

Савецкі Саюз сфармаваў з тлуму дзяцей у “пяці беларускіх губэрнях” беларускую савецкую нацыю. Так і трэба акрэсьліваць, пісаць, гаварыць і на другія мовы тлумачыць: беларусы — гэта агулам, а падзяляюцца яны на дзьве нацыі, беларускую (ня больш за 1—3%) і беларускую савецкую (астатнія 97%, сюды трэба залічваць усіх “расейцаў”, “палякаў”, “тожебелоруссов”, “тожерусских”, “невашедело” etc.). Уплыў мільёну “перасяленцаў” з Расеі на працягу 1945—95 г. быў мізэрны. Пабраўшыся шлюбам з нашымі гаспадарнымі кабецінамі, “маскалі” даўно атутэйшыліся, наіўна разважаючы, што гэта яны паны, бо “вокруг говорят по-русски”... Аляксандар Усіх Беларусаў паказаў, хто ў хаце гаспадар. Што такое тутэйшы. Ні Беларусь, ні Расея, ні нават іхны Саюз сто гадоў нашаму чалавеку не патрэбныя. Ён жыве адным днём. Тым болей, што ён нарэшце дарваўся “загадваць”...

Падсумоўваючы, трэба вывесьці простую, але непрыемную для нашага гонару формулу. Калі фармаваньне нацыі спалучаецца зь яе масавым жыцьцёвым сацыяльным прагрэсам, то паміж нацыянальным і сацыяльным (а беларусы мелі менавіта такі выбар) тлум дзяцей заўжды абярэ прагрэс сацыяльны, адкладаючы сваю нацыянальную адметнасьць у фальклёр, на сьвята, у царкву, на дажынкі і ў доўгую шуфляду.

Трэба вывесьці і другую формулу. “Вясковага быдла” не бывае – гэта несправядліва адносна традыцыйнай вёскі. Мільёны “быдла” ўтварыліся сярод беларусаў менавіта ў шчасьлівую мазураўска-машэраўскую эпоху 1956—85 г. і дамінуюць дагэтуль. “Быдла” ненавідзіць беларускую мову ўжо на жывёльным узроўні, на ўзроўні інстынктаў і рэфлексаў – баіцца, што хамскую сраку ў панскіх штанах пазнаюць, што назад “у калхоз” загоняць...

 

IV.

У чым жа сутнасьць існаваньня Рэспублікі Беларусі? Навошта незалежнасьць тым 97% “тожабеларусаў” альбо “тожарускіх”? Чаму б сапраўды ня рушыць сьледам за гастралёрам-дэмакратам Грыгор’ем Яўлінскім – “шестью областями в Российскую Федерацию”? Сутнасьць існаваньня Рэспублікі Беларусі як дзяржавы — гэта абарона савецка-кланавага спосабу жыцьця і непарыўна зьвязанага зь ім сацыялістычна-кланавага спосабу вытворчасьці і спажываньня.

А забясьпечвае гэтыя спосабы для ўсяго “тлуму дзяцей” спароджаная гэтым тлумам вузкаадукаваная “эліта”, якая і ёсьць быдлам у адносінах да свайго Краю, свае нацыі, свае культуры, а нават уласных гонару і годнасьці. “Быдла” — гэта прадукт імпэрыі; пасада для яго “юбэр алес”. Толькі страціўшы пасаду, “быдла” згадвае гонар, годнасьць і нават “мову фашысцкую”...

Пралетарскае “быдла” ў адрозьненьне ад кіроўна-прафэсарскага нават пасады згубіць ня можа, таму на абуджэньне ў яго гонару і годнасьці — шанцаў ніякіх. Кваліфікаваная рабочая кляса ў Беларусі параўнальна невялікая, большасьць “рабочых” і па трыццаці гадах стажу выглядае як вескаўня на сэзонных заробках. А ў тых 3% “беларусаў беларускіх” усё яшчэ поўна ў мазгох туману, сьлёзаў, лямантаў і бедаваньняў над цяжкай народнай доляй. Пра сябе падумалі б. Бо той народ халера ня возьме.

 

V.

Рэпрэсіі ўладаў супраць “апазыцыі” падзяляюцца на два выразныя кірункі. Першы — гэта шум, гам і крык у бок “нацыяналістаў”, “фашыстаў”, “бэнээфаўцаў”, “пазьнякоў”, “паліцаяў”, “сьвядомых” і “бел-чырвона-белых” і банальныя арышты са штрафамі – па “факце”, калі нехта высуне нос на пікет. Другі — “эскадроны сьмерці” і ціхае зьнікненьне дзясяткаў рознага ўзроўню і ўплыву “апазыцыянэраў” менавіта прарасейскай арыентацыі.

Гэта Расея, а ў Расеі капіталізм ХІХ ст. Дзікі і драпежны. Гэта важна. Гэта страшна важна. Гэта страшна. Гэта канец “небольшого колхоза”. (Сьледам неўзабаве надыдуць капцы і тым 3% беларусаў беларускіх, будуць яны здыхаць ціха-аўтаномна, як мардва балотная...).

 

VI.

Парадаксальна, але самы шчыры і самы адданы незалежнік Беларусі сёньня — гэта Аляксандар Лукашэнка. Рэспубліка Беларусь патрэбна яму перш за ўсё для сябе. Як “небольшой колхоз”. Дарэчы, гэты ўзровень намнога вышэйшы за тлум дзяцей. Бо той тлум неяк восеньню 91-га наведаў мастака-незалежніка, які пасьля змаганьня па правую руку ад самога Пазьняка рамантаваў хату, набытую на браслаўска-мядзельскіх азёрах.

— Аляксею, — спытаў самы разумны зь дзіцячага тлуму. – То пад кім мы цяпер будзем?

— Як гэта – пад кім?! – шчыра зьдзівіўся мастак. – Самі будзем. Незалежныя.

— Ат, не дуры галавы! – зазлаваў тлум дзяцей. – Што незалежныя, гэта ясна. І што самі, ясна. Карміць жа ніхто ня будзе... Але пад кім?

— А вы як думаеце? – засьмяяўся мастак. Спадабалася яму наіўная шчырасьць простага люду. Падумаў мастак, што люд так жартуе, па-нашаму, па-вясковаму і па-беларуску.

— А вось таму і прыйшлі, — кажа тлум дзяцей, — бо ты там каля Пазьняка і ўсё знаеш. Бо ў нас адны кажуць, што пад палякамі, а другія, што пад немцамі...

— То вам лепш як, — усё жартаваў мастак з народам па-народнаму, — пад палякамі ці пад немцамі?

— А нам усё роўна, — выкладаў жыцьцёвае крэда тлум дзяцей, — як скажуць, так і будзе... Але ж выходзіць, халера на яго, што ўсё-ткі пад немцамі!

— Чаму пад немцамі?! – у мастака ўвесь жартоўны настрой прапаў.

— Бо слухай! А колькі тых палякаў?! А немец ого! Сіла!!!

І тут мастаку стала не да сьмеху. І нешта ў яго непахісных тэзах пра сьветлы беларускі народ пад чорнай маскоўскай навалай пачало хістацца... Першы дзень свабоды тлум дзяцей пусьціў на тое, каб новага пана-бацьку пашукаць, адгадаць пана-бацьку, падрыхтаваць для яго душу і сэрца. А памятаеце, як у 1991—94 г. менска-гарадзенскі тлум дзяцей у Маскву скаргі пісаў? Толькі розьніцы, што “некультурныя” скардзіліся Ельцыну на свой ЖЭК, а “культурныя” Грыгор’ю Яўлінскаму на прэм’ера Кебіча, просты ж пралетарыят увогуле быў гатовы галасаваць за Жырыноўскага...

 

VII.

Трагікамэдыя нашай нацыянальна заклапочанай інтэлігенцыі ў вечным пошуку днём са сьвечкай: “шукаць ня тое, што беларусаў дзеліць, а тое, што іх лучыць”, “народ не памыляецца, бо яму цяжка жыць”, “не беларускі народ вінаваты, а камуністы”... Так, камуністаў на жнівень 1991 г. тут на 10 млн. чалавек было 722 тысячы – кожная сямейка мела свайго камуніста, ня лічачы “камуністаў беспартыйных”. Нешта ёсьць супольнае між практычным камунізмам (“небольшой колхоз” на вёсцы і ў месьце, у навуцы і культуры, войску і пракуратуры, мастацтве і турме) і традыцыйным, архаічным, дахрысьціянскім вясковым родам-кланам (“сваякі”, “карашa” і “зямелі”); нешта ў гэтым ёсьць надзвычай трывалае, жывучае празь вякі, у кожнай сацыяльнай фармацыі, пад кожнай верай і мовай. Той самы клан кланаў. Які ўмее адно выжываць, дурыць пана, хаваць у яму сала і збожжа. Гнаць ноччу самагонку. Красьці камбікорм. Купляць дыплёмы. Зубамі трымацца за пасады і вышэйпасаджаныя задніцы ўзасос цалаваць. Каб выжыць, калі ўсё забаронена. Беларусу савецкаму лепш за ўсё жыць, калі ўсё забаронена. Тады ён як рыба ў вадзе. Як дзіця ў тлуме дзяцей. Ці памятаеце, што ў тлуме дзяцей самае важнае?! Дыктатура народнай дэмакратыі, калі ўсе роўныя і хто каго перакрычыць. Але потым абавязкова мае зьявіцца бацька. Дамінанта прадвызначанасьці Лёсу аднекуль зьверху – не ад Бога, але ад бацькі! – найбольш адметная рыса, якая аддзяляе “прымітыўныя”, “незмарнаваныя” нацыі ад нацыяў “цывілізаваных”, “эўрапейскіх”. Спакойная галава і адносны дастатак “абы дзень да вечара”. А пра нейкую там Айчыну няхай бацька думае. Чужое гэта. Дарослае.

Слухайце, спадары нацыяналісты, што вам у галаву стукнула ратаваць беларусаў ад Лукашэнкі?! Ды вы іх апошняга збаўцы пазбаўляеце, апошняй веры ў апошні міт...

Паводле Бэніта Мусаліні, фашызм — гэта карпаратыўнае грамадзтва, клан кланаў. У эпоху прэзыдэнта Лукашэнкі беларусы ўпарта будуюць нешта падобнае. Чалавек існуе ў беларускім грамадзтве не як асоба, але як носьбіт прафэсіі. Беларусы маюць быць роўныя (адзін бацька, ясная справа, раўнейшы), неістотна нават, бедныя ці багатыя, але роўныя. А роўныя людзі — гэта фашысты. Пучок. Зьвязка. Тлум дзяцей. Піянэрскі лягер. Працоўны лягер. Партызанскі лягер. Лягер адпачынку. Лягер. Лягер. Лягер. Левай! Левай! Левай!

 

VIII.

Падсумоўваючы, прыходжу да наступных высноваў.

Па-першае, аўтахтоны Рэспублікі Беларусі, цяперашняя фармацыя беларусы савецкія, пратрывалі некранутымі ў сваёй псыхалёгіі, побыце, за сваёй верай у непазьбежнасьць Лёсу і Бацькі, у сваім вяскова-родавым клане кланаў з дахрысьціянскіх часоў да нашых дзён.

Па-другое, ніякая пагроза звонку, ніякая акупацыя клану кланаў разбурыць ня можа, бо асноўны спосаб выжываньня клану — гэта мімікрыя, маскіроўка. У Рэспубліцы Беларусі жыве дзесяць мільёнаў хамэлеонаў “на ахамелай службе ў рубля”. Гэта гістарычная канстанта, а не паэтычны вобраз.

Па-трэцяе, самае небясьпечнае для існаваньня клану кланаў – гэта эўрапейская дэмакратыя, вольны рынак, прыярытэт асобы над тлумам дзяцей, права меншасьці на бязбоязнае і незалежнае існаваньне пры ўладзе большасьці. У тым сутнасьць канфлікту 3% беларусаў беларускіх і 97% беларусаў савецкіх.

Па-чацьвертае, прэзыдэнт Лукашэнка — найлепшы зь беларусаў савецкіх, беларусаў кланавых, а ягоная эпоха — эпоха агоніі тых савецка-кланавых беларусаў. Таму менавіта “народ і прэзыдэнт адзіны”.

Па-пятае, “вострая палеміка пра народ” сярод “сьвядомых”, сьведчыць толькі пра вясковае паходжаньне пераважнай іх большасьці. Пра тое, як цяжка і доўга трэба “выціскаць зь сябе па кроплі раба”, прапіхвацца скрозь “тлум дзяцей” да свабоды. Якая, па сутнасьці, толькі свабода выбару. Бо сьледам за выбарам пачынаюцца адны абавязкі. А беларусы асабліва ня прагнуць адказнасьці й абавязкаў.

Што ж да Лукашэнкі, дык ягоная постаць абсалютна гістарычная і гістарычна абгрунтаваная. Ягоны непасрэдны папярэднік (толькі няўдалы) гэта “нацыянальны герой” Васіль Вашчыла. Таксама народны трыбун, таксама дэпутат, таксама “змагар за народнае шчасьце” і прыроджаны бацька. Прыгадаем, што Вашчыла гэтаксама на дух не пераносіў Радзівілаў-алігархаў, арандатараў-эксплюататараў і кватаруючыя эўрапейскія харугвы цяжкой кавалерыі. Цяпер на іх месцы Лукойлы, Форды і Газпромы, “мяшочнікі, тарбэшнікі і спэкулянты”, а таксама NАТО, якое пашыраецца на ўсе бакі. Дый ад Шклова да Крычава недалёка.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0