У сьнежні 1942 г. у Менску бясьсьледна зьнік ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі СД і вывезены ў невядомым кірунку.

[hadlieuski ks-cyrkunou_2.JPG "Алесь Цыркуноў. “Вінцэнт Гадлеўскі”"]Яшчэ нейкі час была слабая надзея, што а.Вінцэнт жывы і знаходзіцца ў турме СД, пакуль не высьветлілася, што Гадлеўскі расстраляны. Амаль 60 гадоў заставаліся невядомыя абставіны ягонай гібелі, і толькі ў 2001 г. гэтая таямніца была прыадкрытая. Сьвятар, што загінуў пакутніцкай сьмерцю, магчыма, будзе бэатыфікаваны.

Сьвятар, палітык, выдавец

Вінцэнт Гадлеўскі… Сьветлая згадка прадвесьня незалежнасьці Беларусі. Ён з тых адраджэнцаў, якіх ідэя дзяржавастварэньня адухаўляла годна рабіць усё, што выпадала на іх змагарніцкі лёс у той гістарычны прабег часу ад пачатку ХХ ст.

Гадлеўскі быў сябрам Рады БНР, ад вясны 1918-га займаўся душпастырскай дзейнасьцю ў Менску, дамогся вядзеньня набажэнстваў па-беларуску. У 1920—30-я гады жыў у Заходняй Беларусі, быў адным зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, знаходзіўся ў турэмным зьняволеньні за беларускую справу. Гадлеўскі пераклаў і выдаў “Новы Тэстамэнт” на беларускую мову, а таксама шэраг іншых рэлігійных кніг, шмат друкаваўся, пераважна пад псэўданімамі, у віленскіх беларускіх газэтах і часопісах. У 1930-я ён выдаваў газэту “Беларускі фронт” і стварыў аднайменнае незалежніцкае аб’яднаньне.

Падпольная барацьба

Зь верасьня 1941 г. Вінцэнт Гадлеўскі працуе галоўным школьным інспэктарам у генэральным камісарыяце “Беларусь”. Немцы ўважліва сачылі за беларускім рухам. Спэцслужбы праз сваю агентуру нешта даведаліся пра дзейнасьць беларускага незалежніцкага падпольнага руху. Нацысты імкнуліся знайсьці ягоныя арганізацыйныя цэнтры, якія пакідалі свае “сьляды” ў антыфашыстоўскіх улётках і друках. Аднак выявіць гэтыя цэнтры было немагчыма, бо іх папросту не існавала. Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) і іншыя незалежніцкія арганізацыі не былі структураванымі партыямі. Гэта быў ідэйна-палітычны рух за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі. Адным зь яго лідэраў быў В.Гадлеўскі.

Напрыканцы лета і ўвосень 1942 г. нямецкія спэцслужбы пачалі наўздагад вынішчаць найбольш пасьлядоўных і адметных прыхільнікаў беларускай нацыянальнай ідэі. Былі арыштаваны і зьнішчаны ксяндзы Глякоўскі, Малец, Глябовіч, экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Неманцэвіч, пазьней былі забітыя, часам пры “загадкавых абставінах”, Юльян Саковіч, Вацлаў Іваноўскі, Адам Дасюкевіч, Францішак Аляхновіч ды інш.

17 сьнежня 1942-га, у гадавіну Ўсебеларускага зьезду 1917 г., у Менску зьбіраецца група беларускіх дзеячоў. У час урачыстай прамовы В.Гадлеўскага раптам гасьне электрычнае сьвятло, і паседжаньне працягваецца пры запаленых сьвечках — пра гэтую акалічнасьць пазьней удзельнікі ўзгадвалі як пра злавесную прыкмету...

Арышт

А 20-й гадзіне 24 сьнежня 1942 г., напярэдадні каляднай ночы, у менскую кватэру В.Гадлеўскага ўвайшлі начальнік аддзела SSPF (паліцыі бясьпекі і СД) Менску Г.Хойзэр і перакладчык. Яны паведамілі гаспадару, што ён павінен тэрмінова выехаць у Бэрлін, а перад тым завітаць зь імі ў менскую катэдру на пляцы Волі і ў касьцёл Сьв.Сымона і Алены дзеля выкананьня пэўных фармальнасьцяў.

В.Гадлеўскі быў дастаткова дасьведчаны ў дачыненьнях з акупацыйнымі службамі бясьпекі. Напярэдадні ён спрабаваў атрымаць дазвол ад акупацыйных уладаў на выезд у Варшаву па грамадзкіх і сьвятарскіх справах, але яму неаднаразова бяз дай прычыны адмаўлялі. Нечаканую прапанову “паехаць тэрмінова ў Бэрлін” Гадлеўскі ўспрыняў як арышт.

Разьвітаньне з Ігнатавічусам

У касьцёл Сьв.Сымона і Алены Хойзэр прывёз В.Гадлеўскага, каб той засьведчыў перад тамтэйшым сьвятаром Зянонам Ігнатавічусам, што “добраахвотна” ад’яжджае зь Менску — гэта быў бы адказ і вернікам, заклапочаным зьнікненьнем сьвятара. Аднак кс.Ігнатавічус зь перакладчыкам разумелі, які фінал чакае В.Гадлеўскага. Усё разумеў і ён сам. Але ніхто зь іх ня даў Г.Хойзэру падставаў гэта заўважыць.

Літоўскі сьвятар адразу ўбачыў, што ў паводзінах В.Гадлеўскага “было нешта незвычайнае і што яго добры (з прычыны ад’езду — аўт.) настрой рабіў ненатуральнае ўражаньне”. На судзе ў 1963 г. у Кобленцы, падчас разгляду крымінальнай справы Г.Хойзэра, было высьветлена, што В.Гадлеўскі “намагаўся не паказаць сваёй боязі, што зь ім нешта здарылася, каб утрымаць ксяндза (Ігнатавічуса — аўт.) ад непрадуманага ўчынку, які лёгка мог пашкодзіць і яму самому”. Далей адзначалася, што “пры гэтым Гадлеўскі, магчыма, утрыраваў свой паказны, зусім не сапраўдны настрой”.

Паміж Гадлеўскім і Ігнатавічусам, у прысутнасьці Хойзэра, адбылася кароткая размова. В.Гадлеўскі сказаў, што павінен ехаць у Нямеччыну. Ігнатавічус пацікавіўся, колькі часу ён будзе адсутнічаць. “Можа, тыдні са два”, — сказаў Гадлеўскі. Ён папрасіў літоўскага ксяндза служыць за яго імшу ў касьцёле Найсьвяцейшае Панны Марыі й сказаць людзям, што ён вернецца…

Усе сумневы ў кс.Ігнатавічуса наконт лёсу Гадлеўскага былі зьнятыя, калі яму ўдалося незаўважна для Хойзэра спытаць у перакладчыка, ці сапраўды беларускі сьвятар хутка вернецца. Той выразным жэстам паказаў, што не…

Стрэл у Благоўшчыне

Каля 21-й ад Чырвонага касьцёлу ад’ехаў легкавік: за рулём быў шэф менскіх турмаў СД і Трасьцянецкага лягеру сьмерці Г.Хойзэр, а ззаду, здавалася б, мірна гутарылі “ні аб чым” Гадлеўскі й перакладчык. Аднак між імі завісла напружанасьць. Перакладчык атрымаў загад ад Хойзэра сачыць за сьвятаром, каб ён “ня выкінуў чагосьці з машыны”.

Легкавік мінуў чыгуначны вакзал і накіраваўся да Магілёўскай шашы, якая пачыналася ў той час прыкладна ад тэрыторыі цяперашняга аўтазаводу. Паабапал дарогі быў лес, потым справа за колькі сотняў мэтраў мільганулі яркія агні. Гадлеўскі мусіў ведаць, што гэта Трасьцянецкі лягер, абнесены шасьцю шэрагамі калючага дроту, — усё адмыслова асьветленае электрычнасьцю. Можна здагадвацца, што было ў думках сьвятара, але з выгляду ён заставаўся спакойны і не выказваў трывогі.

Машына павярнула налева і спынілася ў цемры зімовай ночы.

Гэта быў аб’ект нацыстаў — урочышча Благоўшчына, паляна прыкладна 300 на 400 м, абгароджаная калючым дротам, якую ахоўваў спэцыяльны аддзел СС. Аб’ект быў настолькі сакрэтны, што савецкая выведка даведалася пра яго толькі ў ліпені 1944-га. Тут ад вясны 1942 г. да позьняй восені 1943 г. былі забітыя і патаемна пахаваныя ў 34 равах-магілах ня меней як 150 тыс. вязьняў нацысцкіх турмаў, лягераў і гета, а таксама ахвяры гітлераўскага тэрору ў Менску. Цягам доўгіх зімовых месяцаў 1943—44 г. у спробе схаваць сьляды злачынстваў усе пахаваньні былі зруйнаваныя, а трупы спаленыя і зноў тутсама перазахаваныя — у адпаведнасьці са звышсакрэтным загадам Гімлера.

А ў той вечар 24 сьнежня 1942 г. Хойзэр прывёз у Благоўшчыну новую ахвяру. Як сьведчыў у 1963 г. на судзе былы перакладчык СД Р., нацыст загадаў яму заставацца ў машыне, а сам выйшаў са сьвятаром вонкі. Яны адышлі на колькі дзясяткаў крокаў. Шчоўкнуў пісталетны стрэл… У машыну Хойзэр вярнуўся адзін, сеў за руль і ад’ехаў. У гэты час Р. бачыў, як у цемры прабеглі некалькі чалавек: паводле яго меркаваньня, яны “павінны былі прыбраць труп”…

Суд прысяжных у Кобленцы прыйшоў да высновы, што “ў момант злачынства сьвятар Гадлеўскі разумеў, што плянуецца замах на яго жыцьцё”, але “да апошняга моманту паводзіў сябе спакойна і стрымана” і “вырашыў скарыцца перад лёсам”. Хойзэр не прызнаў факту забойства ім В.Гадлеўскага, як і шэрагу іншых злачынстваў падчас акупацыі Беларусі, і не назваў тых, хто аддаваў адпаведны загад. Аднак можна здагадвацца, што загад на зьнішчэньне Гадлеўскага прыйшоў з Бэрліну. Суд прызнаў, што “прычыну і падкладку забойства немагчыма вызначыць дакладна: можна толькі здагадвацца, што яго гібель варта разглядаць у сувязі зь яго палітычнай дзейнасьцю ў БНС, якую СД расцэньвала як дзяржаўную здраду”. Насамрэч, галоўнай прычынай зьнішчэньня нацыстамі В.Гадлеўскага было яго кіроўнае становішча ў беларускім антыфашыстоўскім Супраціве.

Увекавечыць памяць сьвятара

Сёньня паўстае патрэба ўвекавечыць памяць Вінцэнта Гадлеўскага. Беларускае каталіцкае духавенства пры ўдзеле Польскай каталіцкай царквы і Польскай дзяржавы, грамадзянінам якой быў Гадлеўскі, маюць падставы і маральны абавязак сказаць сваё слова дзеля ўвекавечаньня памяці сьвятара паводле грамадзянскага чыну і сьвятарскага стану.

Уладыслаў Завальнюк,

ксёндз-магістар, пробашч касьцёлу сьв.Сымона і сьв.Алены,

Яўген Цумараў,

старшыня ГА “Гісторыка-мэмарыяльны Фонд “Трасьцянец”

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0