Ці ўсё ў парадку з галавой у мэра Паўлава?

Віцэ-мэр Менску Мікалай Ярохаў зрабіў дробную, але вялікую дурасьць. Нехта Міхаіл Майсеевіч (з Галяндыі!) у гасьцявой кнізе афіцыйнага інтэрнэт-сайту Менскага гарвыканкаму прапанаваў зьмяніць назву станцыі мэтро «Ракаўская», якую маюць дабудаваць за два гады. Сваю прапанову ён абгрунтаваў сугучнасьцю назвы станцыі з словам «рак».

Сталічныя ўлады адрэагавалі імгненна. Дырэктар вылічальнага цэнтру выканкаму Аляксандар Пятроў, вэб-майстар сайту, зьмясьціў паведамленьне: рашэньнем першага намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ярохава «зробленае даручэньне наконт замены назвы станцыі мэтро «Ракаўская», і ў тэрмін да 20 траўня гэтая станцыя атрымае назву «Спартыўная».

Станцыю найменавалі «Ракаўскай» таму, што яна будуецца на месцы, дзе даўней пралягаў Ракаўскі тракт, які вёў да мястэчка Ракава. Адсюль жа пайшлі назвы Ракаўскага прадмесьця, Ракаўскай вуліцы, цяперашнія «Ракаўскі бровар» і «Ракаўскі кірмаш» — тапонімы, безь якіх не ўявіць сталіцы. Ракаў — мястэчка знакавае для беларускае культуры, духу: там жыў Сяргей Пясэцкі, адзін з найарыгінальнейшых пісьменьнікаў ХХ ст., гэта мястэчка «Народнага альбому», ракаўскай керамікі, ракаўскага базару, айчына інтэлектуальных дынастый Рагойшаў і Янушкевічаў — і гісторыя наша, і сягадзённасьць, цэлая Беларусь у мініятуры зь яе непаўторным духам і калярытам. Таму гісторыкі і тапографы, вывучыўшы пытаньне, параілі назваць наступную за «Пушкінскай» станцыю менавіта «Ракаўская». Столькі ўжо пісалі пра безгустоўнасьць «Жамчужных», «Пралетарскіх» ды от «Спартыўных» (новая ідэалёгія!) — здавалася, толькі разумова непаўнаварты чалавек гэтага не засвоіў. Але каб у розуме была справа — у савецкай эстэтыцы, што засталася ў спадчыну савецкім беларусам, і слабым веданьні ня толькі гісторыі краіны, але і геаграфіі, бо нават дарогі вялі тады не ў Барысаў, а ў Маскву. То не драбніцы, то пытаньне павагі да краіны — яе культуры, назоваў і духу, без станоўчага адказу на якое ні парадку, ні красы ня будзе ў нас.

Калі кіравацца лёгікай намесьніка мэра Паўлава, трэба і сам Ракаў пераназваць у Спартагорск, а ўсім Ракам памяняць прозьвішчы на Рыбаў.

Бздура з гэтай «Ракаўскай», вакол і не такое творыцца, але ж прыкра. Напішуць у Расеі і Польшчы: «Менскі гораданачальнік зьмяніў назву амаль дабудаванай станцыі мэтро...» Ахрысьцілі станцыю прадумана, узважана, а перайменавалі без абмеркаваньня, без уліку думкі спэцыялістаў, інтэлігенцыі, адным росчыркам пяра.

Грамадзтва адхіленае ад абмеркаваньня нават культурна — ужо ня толькі палітычна — значэнных рашэньняў. Зь людзьмі ня раяцца. Дырэктывы прымаюцца келейна. Адначасова зь Ярохавым на іншым канцы авэніды Скарыны кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі, таксама келейна, вырашыла стварыць на хвалях радыё «Сталіца» новую FM-станцыю — расейскамоўную. Чаго? Нашто? Чаму не параіцца з грамадзкасьцю? Адзіная белмоўная FM-станцыя — гэта, як ні круці, ня толькі ўласнасьць тэлехлопцаў, а таксама ж якая-ніякая супольная каштоўнасьць у краіне, дзе тры чвэрці грамадзянаў шануюць родную мову. Бо адзіная. (А вы, стваральнікі Нацыянальнага ўнівэрсытэту, па-ранейшаму квапіцеся, каб ён быў дзяржаўным, затое бясплатным?)

А ўсё таму, што для Ярохава «Спартыўная» гучыць лепш за «Ракаўскую»; густы тут выдаюць цывілізацыйную прыналежнасьць. Беларусу ж назва «Ракаўская» мілейшая, а «Спартыўная» для яго — саветчына. Гэта больш чым розьніца ў палітычных поглядах, гэта розныя эстэтыкі. Па-ранейшаму, на жаль. Фатальны правал інтэграцыйных праектаў не зьмяніў густаў некаторых кіраўнікоў, і пакуль такой зьмены не адбудзецца, пакуль думка грамадзкасьці — не абстрактнага «Міхаіла Майсеевіча», а канкрэтных вучоных, духоўных аўтарытэтаў, спэцыялістаў — ня будзе цікавіць улады, ні дыялёг, ні кансалідацыя ў грамадзтве ня будуць магчымыя, будзе і далей пароцца гарачка, будзе працягвацца барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць двух цывілізацыйных выбараў, дзьвюх эстэтык.

Заклікаю інтэлігенцыю, найперш з урадавых асяродкаў і выданьняў, падаць, пакуль ня позна, голас у абарону «Ракаўскай». А мэр Паўлаў зрабіў бы мудра, адмяніўшы рашэньне свайго намесьніка.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0