Гарадзенскія ўлады прынялі нечаканае рашэньне — увекавечыць памяць Васіля Быкава, які пражыў у Горадні 24 гады і стаў тут сусьветна вядомым пісьменьнікам. Нечаканасьць гэтая прыемная. Другая рэч хутчэй чаканая, але непрыемная.

Я маю на ўвазе тэкст. На дошцы напішуць, што быў ён героем сацыялістычнай працы і ляўрэатам ленінскай і дзяржаўнай прэмій. Праўда, такое рашэньне гарвыканкаму павінен яшчэ ўхваліць аблвыканкам.

Што было, тое было, скажуць мне. Правільна было, адкажу я. Бо пасьля гэтай усёй ленініяны колькі рознага адбылося! Сёньня 2003 год, а тэкст прыдумалі 20-гадовай даўнасьці. Казённы савецкі тэкст. Вядома, улады не такія дурныя. Яны, што відавочна, — падстрахаваліся! Вядомае ж стаўленьне «бацькі» да Народнага пісьменьніка. Дык лепей, маўляў, такую шыльду, чым ніякую. Адвечная спрэчка. Што лепей: што Каліноўскага і Багдановіча ў Горадні ў больш-менш дэмакратычныя часы не паставілі й іх дагэтуль няма і невядома калі будуць? ці хай бы паставілі тых, выкананых у савецкай традыцыі, і яны б добрых дзесяць гадоў фармавалі аблічча Старога гораду? Я згодны зь першымі, але мне сумна так доўга жыць у горадзе безь беларускіх помнікаў.

Элемэнтарны людзкі крок — уявіць, а ці спадабалася б гэткая мэмарыяльная шыльда самому Быкаву? Я перакананы: ён быў бы супраць! А значыцца, ня можа быць мовы пра падобны тэкст. Калі сёньня з гонарам афіцыйныя рупары паведамляюць пра актора ці сьпевака, што ён — дагэтуль ажно «народны арціст СССР», дык Васіля Быкава гэта не датычыць. Я б напісаў больш па-людзку, што Васіль Быкаў — сусьветна вядомы пісьменьнік, што свае самыя вядомыя кнігі ён напісаў менавіта ў гэтым горадзе, дзе жыў і працаваў, у горадзе, які яго натхняў. А што да прэмій, дык для пісьменьніка маюць значэньне толькі сапраўдныя, 100-працэнтна літаратурныя. Напрыклад, Нобэлеўская.

Сяргей Астравец, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0