У ноч на 24 ліпеня на сядзібу ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» быў зроблены злачынны напад: шыльда, уваходныя дзьверы і сьцены былі запэцканыя чорнай фарбай, на месцы злачынства невядомыя пакінулі налепкі са свастыкай (эмблемай НБП — нацыянал-бальшавіцкай партыі).

Да афіцыйнага паведамленьня аб нападзе на сядзібу ТБМ на сайце Менскага аддзяленьня НБП у 2:28 (http://belnbp.fastbb.ru) было зьмешчана дакладнае апісаньне нападу і выказана поўная падтрымка гэтай акцыі.

Паколькі прыведзеныя факты сьведчаць за тое, што акцыя нападу на сядзібу ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» мае выразна палітычную афарбоўку, мы зьвяртаемся ў КДБ з патрабаваньнем знайсьці злачынцаў і пакараць іх у адпаведнасьці з законам.

Існаваньне сайту НБП і яго інфарматараў дазваляе спадзявацца, што КДБ здолее хутка знайсьці злачынцаў.

Сакратарыят ГА «ТБМ імя Ф.Скарыны»

НБП — гэта малалеткі?

У ноч на 24 ліпеня ўваходныя дзьверы й шыльду на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску хуліганы залілі чорнай фарбай і абклеілі нацыянал-бальшавіцкімі ўлёткамі. Прадстаўнікі арганізацыі падалі заяву ва ўправу міліцыі Партызанскага раёну Менску. Намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім у гутарцы з карэспандэнтам «НН» 27 ліпеня сказала, што пакуль што ніякіх вестак ад міліцыі не было. Участковы Андрэй Жолудзеў, які вядзе справу, зазначыў, што сьведкаў здарэньня знайсьці не ўдалося: «Хутчэй за ўсё, гэта малалеткі. У нашым раёне гэта адзінкавы выпадак, таму складана сказаць, як хутка ўдасца нешта высьветліць».

Зьміцер Дзядзенка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0