Беспартыйныя VIP-апазыцыянэры трацяць уплыў.

Піша Зьміцер Дрыгайла.

На мінулым тыдні Васіль Лявонаў, Аляксандр Вайтовіч і Валер Фралоў прэзэнтавалі новы блёк. Але падкрэсьліваюць, што гэта ня блёк. А таксама — ня рух, не кааліцыя. Што ж тады? Пагадненьне трох асобаў, кажуць, якое ставіць за мэту ў выніку ні многа ні мала поўнасьцю зьмяніць расклад беларускай палітыкі шляхам недапушчэньня Аляксандра Лукашэнкі да ўдзелу ў выбарах 2006 году.

Анансавалася таксама прысутнасьць на імпрэзе сп. Уладзімера Парфяновіча, да якога палітычная тусоўка з розных бакоў прыглядалася як да аднаго з пэрспэктыўных лідэраў беларускай палітыкі. Ня спраўдзілася. А на гэты раз Парфяновіч не прыйшоў. Аднадушша сярод трох наконт гэтага не было. Адзін сказаў, што Парфяновіч думае. Другі — што хварэе. Трэці — што абавязкова далучыцца, але празь некаторы час.

Напярэдадні імпрэзы анансавалі таксама Марыну Багдановіч, якой у выніку гэтаксама не было. Ізноў розныя вэрсіі з розных крыніцаў — што яе ў апошні момант адгаварыў яе партыйны лідэр Анатоль Лябедзька, што яе адмыслова не запрасілі да журналістаў з-за таго, што, маўляў, ранг ня той, ня ўсіх жа запрашаць, і нават што яна пра гэтую ініцыятыву наагул ня ведае.

Уладзімера Коласа не анансавалі. Але ўсё ж чакалі, што ён таксама будзе. Яны ж з Фраловым апошнім год амаль поруч ішлі, плюс Колас зараз беспартыйны, да «пяцеркі» зь «дзясяткай» не прыбіты, так бы мовіць, ні пры кім. Значыць, Коласу нешта недапрапанавалі. Ці ён вырашыў пачакаць. Тым больш што яго й так два месяцы ўжо не чуваць і не відаць.

Казуліна й не чакалі. У яго свая гульня. Але цікава тое, што ён за тыдзень так і не пракамэнтаваў гэтую ініцыятыву. Хіба лічыць несур’ёзнай? Ці таксама ў ад’езьдзе?

Застаецца няясным, на які кадравы рэсурс мае абапірацца «ня рух, ня блёк і не кааліцыя» і на якія рэсурсы разьлічвае. Яўген Агурцоў на nmnby.org мяркуе, што заява Вайтовіча-Лявонава-Фралова аслабляе дэмакратычныя сілы. «Белорусская газета» ў матэрыяле пра акадэміка Вайтовіча заўважае, што гэтая група палітыкаў ня ведае, якім чынам рэалізаваць сваю галоўную мэту — не дапусьціць Лукашэнкі да ўдзелу ў выбарах. «Белорусский рынок» і «Народная воля» абмежаваліся кароткай інфармацыяй пра заяву трох палітыкаў.

У 2000—2001 гадах кожны рух адзінокіх VIPаў быў у фокусе ўвагі СМІ. Аднак крэдыт даверу зьмяншаўся, бо гучныя заявы не падмацоўваліся рэальнымі дзеяньнямі. Зьмяншаецца і цікавасьць да іх у Расеі і на Захадзе. У Маскве папросту ніхто ўсур’ёз не гатовы гуляць супраць Лукашэнкі. Захад жа ня бачыць у прадстаўнікоў збунтаванай намэнклятуры рэалістычнага пляну дзеяньняў.

«Адзінокія палітыкі» былі ў цэнтры прэзыдэнцкай кампаніі-2001, але па меры кансалідацыі аўтарытарызму яны трацілі сваю фінансавую і інфармацыйную базу. Выхаваныя ў намэнклятурнай этыцы, яны зь цяжкасьцю прыстасоўваюцца да дзейнасьці ў напаўпадпольлі, у якім трымае апанэнтаў рэжым. Выглядае, што кампанія-2006 стане няроўным боем лукашэнкаўцаў, якія манапалізавалі дзяржаву, і «арганізаванай» дэмакратычнай апазыцыі. Дэмакраты разглядаюць патэнцыйнага трэцяга як лішняга ў гэтым раскладзе. А лукашэнкаўцы бачаць у «трэцяй сіле» канкурэнта на расейскім накірунку, які можа справакаваць Маскву на неадэкватныя рухі. А ну ж здуру падумае, што ў Беларусі можа быць палітык больш прарасейскі за Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0