Выбары ў Нямеччыне: малыя партыі спраўляюць баль.

Гэта былі выбары, на якіх кожны абвесьціў сябе пераможцам. Сацыял-дэмакраты — бо набралі больш, чым ім прарочылі сацыёлягі. ХДС/ХСС (225 галасоў) — бо набралі больш за сацыял-дэмакратаў (222). Лібэралы (61) — бо набралі рэкордную для сябе колькасьць галасоў. «Зялёныя» (51) — бо здолелі захаваць падтрымку выбарцаў. «Лявіца» (54) — таму што трапіла ў парлямэнт усяго праз два месяцы пасьля таго, як аб’ядналася ў адну партыю.

Але калі перамаглі ўсе, значыць пераможцы няма. І калі ён зьявіцца, пакуль невядома. Сацыял-дэмакраты нават разам зь «зялёнымі» ня маюць дастаткова галасоў, каб прызначыць кіраўніком дзяржавы свайго чалавека. Але ж і хрысьціянскім дэмакратам бракуе сілы. Розьніца палягае ў тым, што ў «чырвоных» ёсьць свой чалавек на пасадзе — Герхард Шродэр. Ён ужо заявіў, што сыходзіць са сваёй пасады не зьбіраецца — прынамсі, пакуль новасфармаваная парлямэнцкая большасьць ня вырашыць інакш.

Вясёлкавы парлямэнт

Расчараваныя ў вялікіх партыях, немцы аддалі свае галасы малым. Цяпер палітычнаму бамонду давядзецца прыдумляць вытанчаныя схемы кааліцыяў, каб стварыць хаця б адносна стабільны ўрад. У Бундэстагу 613 месцаў. Каб мець магчымасьць прызначаць канцлера, трэба мець больш за 307 дэпутацкіх мандатаў. Таму магчымыя наступныя варыянты.

«Вялікая кааліцыя» — «чорныя» плюс «чырвоныя». Разам ХДС/ХСС і сацыял-дэмакраты маюць 447 месцаў у Бундэстагу. Аднак як спалучыць разам галоўных палітычных супернікаў? Таму «вялікая кааліцыя» разглядаецца як самы апошні варыянт. Хоць нямецкая палітычная культура яе не выключае.

«Сьвятлафор»: «чырвоныя» + «жоўтыя» (СвДП) + «зялёныя». Раней Свабодна-дэмакратычная партыя ішла ў тандэме з ХДС/ХСС. Ці ўжывецца яна ў спрацаванай кааліцыі «зялёных» і «чырвоных»? Такі досьвед яна ўжо мела ў пачатку 1980-х.

«Ямайка» (спалучэньне колераў нагадвае сьцяг выспы ў Карыбскім моры) — «чорныя»+«жоўтыя»+ «зялёныя». Тут ужо «зялёным» давядзецца ўкліньвацца паміж салодкай парачкай ХДС/ХСС ды лібэралаў. Магчымай праблемай можа быць жаданьне «чорных» падоўжыць тэрмін дзеяньня атамных электрастанцыяў, што не падабаецца «зялёным».

Цікава, што супрацоўнічаць зь Левай партыяй Оскара Лафантэна (нашчадкамі камуністааў) і «чорныя», і «чырвоныя» прынцыпова адмаўляюцца.

Беларускі інтэрас

У найбліжэйшыя чатыры гады рэзкіх крокаў ад Нямеччыны можна не чакаць: палітыка ўраду трох партыяў будзе кампраміснай, а палітыка ўраду «вялікай кааліцыі» супярэчлівай і хаатычнай.

З аднаго боку, гэта дасьць больш магчымасьцяў нешматлікім прабеларускім лабістам нейкім чынам уплываць на пазыцыю Нямеччыны — у новым Бундэстагу будуць нашмат больш прыслухоўвацца да голасу меншасьці. Аднак чакаць большай ангажаванасьці ў справы Беларусі наўрад ці варта. Немцы будуць разьбірацца з сваімі ўнутранымі праблемамі.

Замежжа мала цікавіць немцаў, значыць і ўрад ня будзе пераймацца актыўнай замежнай палітыкай. Прыклад — дэбаты Герхарда Шродэра з Ангелай Мэркель. Яны доўжыліся паўтары гадзіны, але толькі 5 хвілін з гэтага часу былі прысьвечаныя праблемам замежнай палітыкі, і тое выключна пытаньню сяброўства Турцыі ў ЭЗ.

Кансэрватыўныя колы шмат крытыкавалі Шродэра за тое, што ён збудаваў асаблівыя дачыненьні з Парыжам ды Масквой, грэбуючы інтарэсамі новых сяброў ЭЗ ды «трансатлянтычным сяброўствам». Аднак у той час, калі Фрыдбэрт Плюгер, адзін з галоўных дарадцаў хрысьціянскіх дэмакратаў па пытаньнях замежных сувязяў, рэзка крытыкуе вось «Парыж—Бэрлін—Масква», Ангела Мэркель пазьбягае паўтараць яго словы на публіцы. Як і Шродэр, яна называе партнэрства з Расеяй «стратэгічным». З пабудовай газаправоду па дне Балтыйскага мора Расею ды Нямеччыну зьвяжуць сапраўдныя ланцугі сяброўства, што цяжарам лягуць на краіны, якія знаходзяцца паміж дзьвюма «стратэгічнымі партнэрамі». Адбудзецца гэта і пры «сьвятлафоры», і пры «Ямайцы», і пры «вялікай кааліцыі». Таму палітычныя ляпсусы ў стылі расейскамоўнай «Нямецкай хвалі» для Беларусі маюць шанец зрабіцца не выняткам, а правілам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0