У кожнага застаюцца свае водары дзяцiнства. Я ж на ўсё жыцьцё вынесла водар з бабулiнай каморы…

Гэта была найсаладзейшая казка майго маленства. За тыдзень перад сьвятам бабуля пачынала складваць у камору ўсё печанае, i, калi мы прыяжджалi, там стаяў той чароўны водар, якi паланiў дзiцячыя душы i ў якiм надоўга маглi заблукаць небажаты, што зьбiралiся ў вёсцы на сьвята…

Я першай бегла ў камору i сасьмяглымi вочкамi ўбiрала ў сябе ўсе фантастычныя вульканы тартоў з узьбiтымi вяршкамi, дзе патаналі ягады, удыхала самы салодкі водар макавых пiрагоў, у якiх абавязкова была праслойка зь бялюткiм-бялюткiм тварагом, ды, вядома, прыгашчалася цестачкамi, ажно пакуль хто-небудзь з дарослых мяне адтуль не выцягваў. Але ж найулюбёнейшым заняткам было церцiся побач з бабуляю, калi яна пякла, ды нiбыта дапамагаць ёй.

Перабiраючы надоечы рэцэпты ад бабулi ў сшытку вішнёвага колеру, я знайшла «пузату хату», i ў мяне, як у Тараса Бульбы, аж сьлінкi пацяклi ды забурчала ў жываце… Гэта быў мой любiмы торт у дзяцiнстве, бо яго было весялей за ўсё пячы. «Пузату хату» трэба было будаваць зь «бярвёнаў», выдумляючы свае ўзоры, самастойна вырашаючы, колькi ў хаце будзе пакояў, дзе будзе ганак i якiм будзе дах.

Калi ў вас ёсьць дзецi, гэта, пэўна, стане для вас самым займальным рэцэптам. Зрэшты, будаваць хату любіць ня толькi малеча, але й дарослыя. Тым больш у Беларусi, дзе, закладзеная генэтычна, гэтая прага стварыць свой дом так часта растоптвалася.

Вось, калi ласка, i стары рэцэпт для вашай хаты. Як казала бабуля, «хай ваша хата тэж будэ пузата!».

Цеста: 250 г маргарыну, 2 жаўткi, 4 шклянкi мукi, 1 чайная лыжка гашанай соды, 250 г сьмятаны. Цеста трэба падзялiць на 16 частак i паставiць у холад на 2 гадзiны.

Начынка: 650 г чарнасьлiву, разынкi, цёртыя яблыкi, курага, 1 шклянка грэцкiх арэхаў, 1 шклянка цукру.

Крэм: 1 лiтар сьмятаны ўзьбiць з 1 шклянкай цукру, дабавіўшы лiмоннай кiслаты.

Раскачаўшы каржы, я кладу ў iх начынку ды скручваю «бярвёнамі». Са сьпечаных бярвёнаў, змазаных кiслым варэньнем, выкладваю хатку ды залiваю яе белым крэмам.

Мадэрнiзаваны варыянт «пузатай хаты» патрабуе яшчэ й шакалядных плям на даху. Дый начынку таксама можна прыдумляць любую: бабуля клала часам «п’яную вiшню», трускалкi ды сьвежыя абрыкосы. Выходзiць смачна… Уявiце, якi стракаты зрэз з такой хаты!

Наш тоўсты сшытак вiшнёвага колеру, у якiм запiсаны бабчыны рэцэпты, — сапраўдная крыніца тэрапii. Гатуючы старыя бабулiны стравы, супакойваесься, пачынаеш бачыць вечнае ў штодзённым i малым, адыходзiш ад думак пра марнасьць. Нават гатаваць для гэтага неабавязкова — дастаткова пачытаць назвы страў. У iх схаваная свая фiлязофiя.

Адна з гэтых назваў калiсьцi адыграла канчатковую ролю ў маiх адносiнах з адным хлопцам.

Сяргей быў надта ўжо змрочным дзецюком. Аднойчы ён патэлефанаваў, каб запрасiць мяне на шпацыр. Адной рукой я трымала слухаўку, а другой даставала бляху зь печкi. Я пякла вялiзны пiрог па старым бабулiным рэцэпце, i ў гэты момант бляха ледзьве ня высьлiзнула на падлогу. Пачуўшы грукат, Сяргей спытаў, што пяку. Тлумачыць, што назву пiрага прыдумалi мае вясёлыя прапрабабулi і што назва сама па сабе вельмi вясёлая, не хацелася. Я проста сказала:

— Сьвiнячэ пляцкi.

— Чаго?

— Сьвiнячэ пляцкi…

Сяргей як быццам абразiўся i, нiчога ня кажучы, паклаў слухаўку…

А дарма. Назва ў пiрага вельмi нават лягiчная: «пляцкi» — бо каржы ня трэба раскочваць, дастаткова iх рукамi рась-цягнуць i кiнуць на бляху. Чым ня пляцкi?

А «сьвiнячыя» яны, бо ў цеста трэба класьцi смалец («сьвiнячы» тлушч). Дужа смачна. Хоць i складана. Ды, урэшце, паспрабуйце самi — вось рэцэпт:

Для цеста бярэцца паўлiтра смальцу, паўлiтра сьмятаны, паўлiтра цукру, 1 ст. лыжка амонiку (цi парашку для печыва), дадаецца столькi ж мукi, як на варэнiкi (цеста мусiць быць мяккiм). Каржы трэба раскачаць тонкiмi пластамі i выпякаць.

Для крэму варыцца манная каша (на 3 ст. лыжкi крупы — 2 шклянкi малака). Калi каша астыне, трэба ўзьбiць яе з 200 г масла, дабавіўшы цукар i лiмонную кiслату на свой густ.

Асаблiва добра «сьвiнячэ пляцкi» ідуць з моцнай кавай… ды ў кампанii файнага хлопца, якога не напалохае назва пiрага.

НАТАЛКА ХАРЫТАНЮК — студэнтка, жыве ў Берасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0