Беларусь выступіла з ініцыятывай супольнай барацьбы з іншадумствам у сеціве. Праект адпаведнага пагаднення кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў дзяржаў-чальцоў СНД падпісалі ўчора ва Узбекістане. Гаворка можа ісці не толькі аб барацьбе з кібэрмахлярамі, але і аб супольным процідзеянні спробам дэстабілізацыі рэжымаў пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій.

Кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў 11 краін СНД сустрэліся ўчора ў Ташкенце, каб абмеркаваць парадак дня пасяджэння кіраўнікоў урадаў дзяржаў - чальцоў Садружнасці, якое адбудзецца 31 траўня ў Менску.

Беларусь на сустрэчы ў сталіцы Узбекістана прадстаўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Адным з ключавых дакументаў, ухваленых удзельнікамі, стаў праект канцэпцыі супрацоўніцтва ў сфэры барацьбы са злачынствамі, што здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. У іншых аб'яднаннях на постсавецкай прасторы - АДКБ і ШАС - тэма інфармацыйнай бяспекі ўжо больш за паўтара году з'яўляецца адной з прыярытэтных.

Крыніца ў выканкаме СНД растлумачыла, што пасля прыняцця канцэпцыі на ўзроўні прэм'ер-міністраў будзе выпрацаваная канкрэтная праграма дзеянняў. У яе, у прыватнасці, павінны ўвайсці захады супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні кібэрмахлярству (найперш у банкавай сфэры), хакерству і падробцы дакумэнтаў. Бакi не выключаюць і супольных дзеянняў для прадухілення выкарыстання інтэрнэту ў мэтах дэстабілізацыі рэжымаў. З ініцыятывай распрацоўкі такой канцэпцыі выступiла Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?