Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб узнагароджанні дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі некалькіх сотняў супрацоўнікаў расійскіх СМІ «за высокі прафесіяналізм і аб'ектыўнасць у асвятленні падзей у Рэспубліцы Крым». Пры гэтым указ быў падпісаны яшчэ 22 красавіка, але яго да гэтага часу трымаюць у сакрэце, і на афіцыйным сайце прэзідэнта не размяшчалі.

Чыноўнік, які бачыў дакумент, распавёў выданню «Ведомости», што ў спісе пералічаныя больш за 300 прозвішчаў прычым 90 з іх — карэспандэнты. Каля сотні узнагароджаных прадстаўляюць ВГТРК, больш за 60 - «Першы канал», па некалькі дзясяткаў - тэлеканалы НТВ, Russia Тoday і холдынг Life News. Супрацоўнікаў тэлеканала «Дождь» і радыёстанцыі «Эхо Москвы» ў спісе няма.

Пры гэтым крыніца заўважыла, што маштаб узнагароджанняў беспрэцэдэнтны: напрыклад, пасля падзей 2008 года ў Паўднёвай Асеціі тагачасны прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў узнагародзіў усяго 11 журналістаў.

Адзначаецца, што найбольш высока ацэнены заслугі генеральнага дырэктара тэлеканала НТВ Уладзіміра Кулісцікава.

Яму ўручаць ордэн « За заслугі перад Айчынай» II ступені. Таго ж ордэна, але IV ступені ўдастоены кіраўнікі Раскамнагляда Аляксандр Жараў і ФГУП «Расійская тэлевізійная і радыёвяшчальная сетка» Андрэй Раманчанка, першы намеснік гендырэктара ВГТРК Антон Златапольскі, галоўны рэдактар агенцтва «Россія сегодня» Маргарыта Сіманьян і галоўны рэдактар Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін.

Між тым тэлевядучага Уладзіміра Салаўёва ўзнагародзяць ордэнам Аляксандра Неўскага, а гендырэктару холдынгу Life News Араму Габрэлянаву дастанецца ордэн Пашаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0