У Вялікабрытаніі на 92-м годзе жыцця памерла малодшая дачка Уінстана Чэрчыля лэдзі Мэры Соамс.

Апошняя з пяці дзяцей знакамітага брытанскага палітыка памерла пасля непрацяглай хваробы ў сябе дома ў мінулую суботу, 31 мая.

«Яна была сапраўды выдатнай і выбітнай жанчынай, якая пражыла незвычайнае жыццё», — сказаў адзін з яе сыноў, член парламента ад Кансерватыўнай партыі Нікалас Соамс.

«Гэта неверагоднае супадзенне — як раз перад 70-й гадавінай высадкі саюзнікаў у Нармандыі памірае апошняе з пазасталых у жывых дзяцей Чэрчыля», — адзначыў ён.

Мэры Спенсер-Чэрчыль у гады Другой сусветнай вайны атрымала званне малодшага афіцэра дапаможнай службы. Яна суправаджала бацьку ў многіх важных паездках, у тым ліку падчас Патсдамскай канферэнцыі ў 1945 годзе, на якой Чэрчыль з амерыканскім прэзідэнтам Гары Трумэнам і савецкім лідарам Іосіфам Сталіным абмяркоўвалі пасляваенную будучыню Германіі і Еўропы.

Да канца жыцця яна цесна супрацоўнічала з Кансерватыўнай партыяй, лідарам якой некалі быў сам Чэрчыль. У апошнія гады Мэры Соамс займалася дабрачыннасцю і пісала біяграфічныя кнігі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?