Новыя правілы імпарту аўтамабіляў з краін ЕАЭС могуць быць адкарэктаваныя з-за таго, што бесперашкодны ўвоз машын, рухавікі якіх не адпавядаюць стандарту Еўра-4, супярэчыць казахстанскаму заканадаўству.

Міністэрства па інвестыцыях і развіцці Казахстана напярэдадні выказала ўласную пазіцыю з гэтай нагоды, якая прыкметна адрозніваецца ад агучанай раней Камітэтам адміністрацыйнай паліцыі МУС Казахстана.

У прэс-рэлізе ведамства сказана, што «пры афармленні пасведчання будзе праводзіцца праверка выканання патрабаванняў па бяспецы транспартнага сродку, у тым ліку да выкідаў. Неадпаведнасць аўтамабіля экалагічнаму класу 4 (Еўра-4) можа стаць падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі транспартнага сродку».

Пры гэтым чыноўнікі апелююць да Закона «Аб дарожным руху» і Тэхнічнага рэгламента Мытнага саюза. Разам з тым тыдзень таму паведамлялася, што з 1 студзеня ў Казахстане зняты абмежаванні па гадах выпуску і адпаведнасці экалагічным нормам Еўра-4 для аўтамабіляў, якія ўвозяцца з тэрыторыі краін ЕАЭС — Расіі і Беларусі.

Прадстаўнікі Міністэрства па інвестыцыях і развіцці і Камітэт адміністрацыйнай паліцыі паабяцалі зладзіць брыфінг, на якім расставяць усе кропкі над «i».

У Міністэрстве індустрыі і гандлю таксама параілі не набываць за мяжой машыны, якія не адпавядаюць стандарту Еўра-4. Па словах экспертаў, нацыянальнае заканадаўства і тэхнічныя рэгламенты ніхто пакуль не адмяняў, і як толькі чыноўнікі завершаць працэдуру ўзгаднення ўсіх нарматыўных актаў пасля ўступлення ў ЕАЭС, шчыліны для прадпрымальных грамадзян абавязкова ліквідуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?