За апошнія 22 гады сітуацыя з жыллём у Беларусі прынцыпова не змянілася. Падыход застаўся ранейшым: тыя ж чэргі, ільготы, складанасці з крэдытаваннем і інш.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на 1 студзеня 2015 года на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоваў у Беларусізнаходзіліся 742.172 сем’яў і адзінокіх грамадзян. Для параўнання, ва ўжо далёкім 1993 годзе на тым жа ўліку, гэта значыць у розных чэргах, стаяла 703,2 тыс. сем’яў. Такім чынам, колькасна чэргі толькі ўзраслі.

novostroyki.by

novostroyki.by

Нязначны зрух адбыўся ў колькасці квадратных метраў жылля на аднаго чалавека. У 1993 годзе было каля 18, у 2015 годзе – прыблізна 25. Гэта найлепшы паказчык у СНД, але Беларусь яшчэ значна адстае ад развітых краін Еўропы (Германія – блізу 50 кв. м. на чалавека) і пагатоў ЗША (блізу 70 кв. м. на чалавека). Трэба заўважыць, што 25 метраў – гэта не так і мала (санітарная норма, як вядома, ўстаноўленая ў 15 кв. м. на чалавека), але праблема палягае ў тым, што жыллё размеркаванае вельмі нераўнамерна. Многія сем’і жывуць у вельмі абмежаваных умовах, калі на чалавека прыходзіцца менш за 10 кв. м., а хтосьці мае 70, 100 і больш на душу. Такім чынам, у Беларусі па-ранейшаму востра стаіць як задача павелічэння жылога фонду, так і праблема пошуку механізмаў больш справядлівага размеркавання жылля.

Як могуць быць вырашаныя азначаная задачы? Аналіз сусветнага досведу дае дастаткова ясныя адказы на гэтыя пытанні.

Па-першае, гэта лібералізацыя рынку жылля, перш за ўсё рынку яго арэнды. Зняццё абмежаванняў на продаж і здачу ў арэнду ўжо значна павялічыць прапанову жылой нерухомасці. Праблема падаткаабкладання прыбыткаў на гэтых рынках вырашаецца досыць проста, бо ўсе ўгоды бакі вымушаныя рэгістраваць.

Па-другое, масавае будаўніцтва ў гарадах арэнднага жылля рознага ўзроўню дзяржаўнымі і прыватнымі будаўнічымі арганізацыямі. Прыбытковыя дамы існуюць не адну сотню гадоў, і гэта працуе. Пры гэтым сацыяльная абарона малазабяспечаных сем’яў і грамадзян мусіць ажыццяўляцца шляхам субсідавання арэндных плацяжоў.

Па-трэцяе, выдзяленне ўсім ахвочым грамадзянам Беларусі участкаў пад будаўніцтва жылога дома ў прыгарадах і ў сельскай мясцовасці пры мінімуме абмежаванняў на куплю-продаж участкаў. Беларусь – малазаселеная еўрапейская краіна, земляў для гэтага цалкам дастаткова. Праблема месцазнаходжання вырашаецца шляхам аўкцыённага продажу. Калі на рынку з’яўляецца досыць вялікая колькасць участкаў, аўкцыённыя цэны будуць невысокія, а для адносна аддаленых участкаў і зусім мізэрныя. Для заахвочвання засялення невялікіх населеных пунктаў ўчасткі ў іх могуць выдзяляцца і зусім бясплатна.

Па-чацвёртае, – і гэта самае галоўнае – доўгатэрміновае крэдытаванне на даступных умовах. Гэта, праўда, упіраецца ў іншую сістэмную праблему Беларусі – хранічную галапуючую інфляцыю, уласцівую пераважна каманднай эканоміцы нашай краіны.

Названыя шляхі вырашэння жыллёвай праблемы не з’яўляюцца вялікім сакрэтам для тых, хто вывучаў гэтае пытанне. Чаму ж тады рух у гэтым кірунку ажыццяўляецца, мякка кажучы, вельмі марудна? Дзейная, па сутнасці, мадэрнізаваная савецкая сістэма размеркавання і пераразмеркавання жылля выгадная для многіх з тых, хто знаходзіцца ва ўладзе і не толькі. Прыведзеныя вышэй шляхі вырашэння жыллёвай праблемы зніжаюць залежнасць шарговых грамадзян ад дзяржавы ўвогуле і ад канкрэтных чыноўнікаў і дырэктараў прадпрыемстваў у прыватнасці. Зразумела, чыноўнікам не падабаецца любое змяншэнне іх уплыву і ўлады.

Вырашэнне жыллёвай праблемы ў Беларусі магчымае толькі праз комплекснае рэфармаванне сацыяльна-эканамічнай сістэмы, вынікам якой стане пераход да пераважна дэцэнтралізаванай эканомікі і ўзмацнення кантролю грамадства над дзейнасцю дзяржаўных структур.

Еўрапейская даследніцкая асацыяцыя «Oikonomos» (Вільня, Літва)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?