Учора прадстаўнікам СМІ прэзентавалі новы Генплан Мінска. Здарылася накладка — больш за сотню гараджан прыйшло на прэзентацыю, разлічаную на журналістаў, і ў памяшканні са стэндамі і схемамі не было дзе яблыку ўпасці. Таму журналістам начальнік майстэрні генеральнага плана інстытута «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў распавядаў аб стратэгіі развіцця горада ў сваім кабінеце — і пасля выйшаў да гараджан адказваць на больш канкрэтныя пытанні.

Яўген Ерчак, tut.by

Яўген Ерчак, tut.by

Аб Генплане агулам

Другая рэдакцыя Генплана істотна адрозніваецца ад Генплана 2003 года. У старым варыянце меркавалася, што ўсё самае важнае размяшчаецца ў цэнтры і да перыферыі раствараецца ў сельскіх пейзажах, што «багацце» горада (крамы, кафэ, садкі, паліклінікі) размяркоўваецца ўздоўж асноўных артэрый Мінска, і чым далей ад цэнтра, тым яго менш.

— Гэта класічная схема развіцця, — тлумачыў Аляксандр Акенцьеў. — Аднак з мэтай эканоміі сродкаў, якія мы ўжо ўклалі ў сацыяльную інфраструктуру — сады, школы, паліклінікі, было прынята рашэнне аб будаўніцтве высокашчыльнай забудовы бліжэй да кальцавой. Усе раёны, размешчаныя там, — Малінаўка, Сухарава, Каменная Горка, Масюкоўшчына — забудоўваюцца больш высокімі дамамі.

То бок калі раней горад выглядаў як піраміда — з высокімі дамамі ў цэнтры і малапавярховымі да перыферыі, цяпер горадабудаўнікам бліжэй выгляд кратара: калі цэнтр на фоне перыферыі выглядае нізкапавярховым.

«Перыферыя» ўжо шчыльна заселеная. Цяпер паўстала пытанне наблізіць да асабліва шчыльна заселеных заходніх краёў горада паслугі, працоўныя месцы, забяспечыць нарматывы па азеляненні і зонах адпачынку. З гандлёвымі цэнтрамі ўжо няма асаблівых праблем. Горш з працай і транспартам.

— Раніцай усё выязджаюць з гэтых раёнаў, увечары вяртаюцца. Адсюль — транспартная перагрузка.

Аляксандр Акенцьеў адзначыў, што развіццё радыяльных сувязяў і ўнутранага — першага — кальца закладзена ў новым Генплане. Першае кальцо павінна амаль замкнуцца. Закладзена ў будучы Генплан і стрымліванне аўтамабілізацыі. 370 аўтамабіляў на 1000 жыхароў — максімум, на што разлічвае горад.

— Горш з месцамі для адпачынку. Але паўночныя і паўночна-заходнія тэрыторыі маюць вялікі патэнцыял, — тлумачыць галоўны архітэктар Мінскграда, паказваючы на тэрыторыі, прылеглыя да Менскага мора. Аказваецца, Мінскград прапануе ўключыць землі да вадасховішча ў тэрыторыю горада. Гэта прапанова агучана, але не Мінскград прымае рашэнне.

— Ёсць перспектыва стварэння Лошыцкай воднай сістэмы, дзе цяпер занадта мала месцаў для адпачынку. Ёсць такі нарматыў — забяспечанасць зялёнымі насаджэннямі агульнага карыстання. У Маскоўскім і Фрунзенскім раёне трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў, каб зрабіць камфортным пражыванне ў гэтай частцы горада.

Як патлумачыў галоўны па Генплане, ідэальна, калі на кожнага жыхара прыходзіцца ў сярэднім 31 квадратны метр зялёных насаджэнняў. У Мінску ёсць і такія раёны. Але ў цэлым максімум, на што можа разлічваць горад па прапанаваным Генплане, — гэта 17 квадратных метраў зеляніны на душу насельніцтва. Проста таму, што зрабіць тую ж Каменную Горку зялёнай ужо немагчыма.

Аб жыллі

У Генплане ад 2003 разліковая колькасць жыхароў была 2 мільёны чалавек.

— У гэтым генплане мы яе пакідаем.

Жыллёвае будаўніцтва не будзе асабліва маштабным. Па дадзеных горадабудаўнікоў, узровень «здаровага жылля» — 19 квадратных метраў на чалавека, узровень «камфортнага» — 29 метраў на члена сям'і. Па еўрастандартах — 31 квадратны метр. Зараз забяспечанасць у Мінску — 21 квадратны метр, па прапанаваным Генплане — 26 квадратных метраў. Каля 5 мільёнаў «квадратаў» жылля можа быць пабудавана ў сталіцы да 2020 года.

Але Аляксандр Акенцьеў згодны: калі-небудзь Мінск выйдзе за межы існуючых абрысаў. І прыводзіць цікавыя лічбы: да Мінска прымыкае 6,6 тысячы гектараў жылых тэрыторый сельскіх населеных пунктаў, шчыльнасць насельніцтва — да 5 чалавек на гектар. Нормай з'яўляецца 20—25.

— Калі мы рэканструюем гэтыя сельскія населеныя пункты, пабудуем сеткі, дарогі, тут можна размясціць дадаткова да 100 тысяч жыхароў. Гэта каласальны рэзерв.

Менавіта таму землі, якія прымыкаюць да Мінска, — пад двайным «наглядам»: горада і вобласці. Каб вобласць там не будавала па сваіх «сельскіх» нарматывах.

Прыватны сектар

Стаўленне да сядзібнай забудовы ў горада такое: зямля пад прыватнымі дамамі асабліва каштоўная. У жыхароў сядзібнай забудовы часцяком па 2 аўтамабілі, і яны ствараюць лішнюю нагрузку. Забяспечыць сядзібную забудову школамі і садамі складаней. Увогуле, горадабудаўнікі перакананыя, што Сельгаспасёлку і забудове ўздоўж праспекта Дзяржынскага няма месца ў сталіцы будучыні.

Будаваць будуць і на землях прадпрыемстваў. Вынесуць аэрапорт Мінск-1 і авіярамонтны завод, забудуюць тэрыторыі птушкафабрыкі ім. Крупскай, будуць забудоўваць і вайсковыя гарадкі — на Маякоўскага, Нававіленскай, Кабушкіна і г.д.

— Кажучы аб зносе сядзібнай забудовы, мы пакідаем яе на менш каштоўных тэрыторыях, чым тыя, што прымыкаюць да цэнтральнай зоны ў мяжы другога транспартнага кальца. 70% сядзібнай забудовы захоўваюць. Генплан не вызначае лёс кожнага раёна і квартала. Гэтая праца выконваецца на этапе дэталёвага планавання. Мінчукі вельмі балюча перажываюць час, які яны ўжо перажылі, калі ім забаранялі падтрымліваць свае дамы ў належным парадку. Мы да гэтага наўпрост не маем дачынення, але лічым мэтазгодным дазволіць тым, каго павінны знесці ў бліжэйшую пяцігодку, дазволіць падтрымліваць дамы ў нармальным санітарным стане. А тым уладальнікам сядзібаў, знос якіх у далёкай перспектыве дазволіць палепшыць жыллёвыя ўмовы, дабудоўваць, прыняўшы за нарматыў хоць бы тыя ж 19 квадратных метраў на чалавека. Такое стаўленне да сядзібнай забудовы мы лічым правільным, — кажа Аляксандр Акенцьеў.

Галоўны архітэктар Мінскграда адзначыў, што ў напрамку Калодзішчаў, «апендыксе», далучаным да горада, таксама будзе будавацца жыллё, акрамя «Нотынгема» і «Зялёнага Бора»-1 будзе развівацца і немалы ўчастак сядзібнай забудовы. «Магчыма, там будуць выдзяляць участкі і для тых, каго зносяць ў Менску», — выказаў меркаванне Акенцьеў.

— Выбыццё жыллёвага фонду да 2030 года — 1 мільён квадратных метраў. З іх 400 тысяч — сядзібнай забудовы, яшчэ 400 тысяч — гэта першыя паверхі дамоў уздоўж вуліц з вялікім трафікам, яны будуць пераводзіцца ў нежылы фонд пад аб'екты паслуг. І 200 тысяч шматкватэрных(гаворка ідзе пра двухпавярховыя і трохпавярховыя дамы, якія аджылі свой век) — яны павінны саступіць месца шматпавярховай забудове, — распавёў Акенцьеў. — Выключэнне можа скласці Асмолаўка. Каб абараніць Асмолаўку, павінна быць законная падстава. Для гэтага яна павінна атрымаць статус гістарычнай каштоўнасці. Мінскград можа гэта толькі рэкамендаваць, прымаць рашэнне трэба будзе сумесна з Міністэрствам культуры.

Трэцяя лінія метро

— Чаму яе запланавалі пусціць па Багдановіча, дзе нізкая шчыльнасць насельніцтва, а не па Якуба Коласа і Лагойскім тракце, дзе яна была б больш запатрабавана? — пацікавіліся журналісты.

— Весці дзве ніткі метро паралельна — абсалютна немэтазгодна і затратна. Участак вуліцы Багдановіча, які праходзіць цяпер па сядзібнай забудове, па праектах і дзейным Генплане, павінен быў праходзіць па ўчастках з шматкватэрнай забудовай. Там быў запланаваны вялікі аб'ём жыллёвага будаўніцтва. Цяпер яго скарацілі, і вядома, спачатку будаваць метро і потым засяляць — нявыгадна. Але метро — хуткасны транспарт, і на канцавой станцыі абавязкова будзе перасадачны вузел. І на гэтым вузле будуць «сядзець» усе жыхары Ляскоўкі, Бараўлян, вялізнага масіва дач, якія ёсць у тым кірунку. Лагойшчына ў нас мае вялікія перспектывы да стварэння зон адпачынку. Усе гэтыя дадзеныя будуць пакладзены на ЭВМ. Будзе зроблены разлік — такая праца замоўлена зараз, распрацоўваецца комплексная схема развіцця гарадскога транспарту. І тады будзе канчаткова прынята рашэнне і будуць абмяркоўвацца ўсе аспекты гэтага рашэння. У стратэгіі галіна ёсць. Да 2020 года яе не будуць будаваць дакладна. А пасля 2025—30 гадоў яе дакладнае размяшчэнне вызначыцца разліковым праектам.

Нагадаем, вывучыць Генплан можа любы грамадзянін у «Мінскградзе» (вуліца Камсамольская, 8) да 5 лістапада, у буднія дні з 14.00 да 18.00, а ў суботу і нядзелю з 10.00 да 15.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?