Папа Францішак, выступаючы з традыцыйнай нядзельнай пропаведдзю «Ангелус» з акна Апостальскага палаца, які выходзіць на запоўненую вернікамі плошчу Св. Пятра, выказаў «глыбокі боль і брацкую салідарнасць прэзідэнту Францыі і ўсяму французскаму народу ў сувязі з варварскімі крывавымі акцыямі».

Ён асудзіў «шлях гвалту і нянавісці» і заявіў, што «выкарыстоўваць імя Божае ў гвалце — гэта блюзнерсва». У сваім казанні папа назваў Францыю «першай дачкой царквы ў Еўропе».

Напярэдадні ў інтэрв'ю для каталіцкага тэлеканала TV-2000 рымскі першасвятар выказаў свой смутак: «Я глыбока засмучаны, такія рэчы цяжка зразумець, іх стварылі людзі. Я малюся і я вельмі блізкі да ўлюбёнага французскага народа, я побач з сем'ямі ахвяр і малюся за ўсіх».

Папа Францішак падкрэсліў, што тое, што адбылося ў Парыжы, з'яўляецца «фрагментам Трэцяй сусветнай вайны па частках, якую цяпер перажывае наш свет».

Паводле пераканання пантыфіка, «такім рэчам няма ніякага апраўдання — ні рэлігійнага, ні чалавечага… Я вельмі блізкі да ўсіх, хто пакутуе, і да ўсёй горача каханай Францыі».

На самай галоўнай ватыканскай плошчы і ў прылеглых да Ватыкана рымскіх раёнах узмоцненыя меры бяспекі. Акрамя супрацоўнікаў жандармерыі Ватыкана і гарадской паліцыі, парадак ахоўваюць вайсковыя патрулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?