Сёння ў Мінску ў гасцініцы «Рэнесанс» праходзіць міжнародная канферэнцыя «Мінскі дыялог», прысвечаная гадавіне правядзення ў сталіцы Беларусі сустрэчы лідараў Нармандскай чацвёркі. Ганаровым госцем канферэнцыі з’яўляецца міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Яшчэ перад пачаткам мерапрыемства ён адказаў на некалькі пытанняў журналістаў.

Варта адзначыць, што на пытанні зададзеныя па-беларуску, Макей адказваў па-беларуску, на расейскамоўныя – па-расейску.

Уладзімір Макей адзначыў, што для Беларусі было вялікім гонарам прымаць лідараў Германіі, Францыі, Украіны і Расіі. Ён адзначыў, што Беларусь не мела ніякага меркантыльнага падыходу да гэтага пытання. «Нашы імкненні былі шчырымі, мы не імкнуліся атрымаць ніякіх палітычных дывідэндаў», — адзначыў чыноўнік.

Аднак ён прызнае, што «гэта паўплывала на тое, як на Беларусь пачалі глядзець на Захадзе».

«Нават калі будзе «Мінск-3», то хацелася б, каб гэтыя перамовы былі апошнімі», — сказаў Макей.

Міністр адмовіўся паведаміць, колькі Беларусі каштавала прымаць такое мерапрыемства як сустрэча «Нармандскай чацвёркі». «Якая розніца, калі ідзе гаворка пра жыццё і смерць».

«Мы размаўляем з усімі бакамі. Мы не займаем ні расійскую, ні амерыканскую пазіцыю. Мы дзейнічаем адпаведна нашым інтарэсам», — адзначыў спадар Макей.

«Свет скатваецца да часоў халоднай вайны», — такая фраза праслізнула ў вітальнай прамове міністра замежных справаў.

Уладзімір Макей гаварыў пра тое, што сёння ёсць пагроза перарастання канфлікту на Усходзе Украіны «ў замарожаную стадыю», а, каб гэтага не адбылося, трэба кожны дзень рабіць малыя крокі па дээскалацыі канфлікту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?