У Мінску за марыхуану судзяць акцёра Купалаўскага, увесь калектыў прыйшоў у суд падтрымаць калегу
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся працэс акцёра Купалаўскага тэатра Арцёма Бародзіча.

Арцём Бародзіч сёння ў час суда прызнаўся, што ўжывае марыхуану раз-два ў месяц на працягу апошніх шасці гадоў, паведамляе з залы суда карэспандэнт «Нашай Нівы».
«Марыхуану спажываю з-за стрэсаў на працы», — апраўдваўся ён.
У 2010 годзе суд Кастрычніцкага раёна Віцебска ўжо выносіў яму прысуд за незаконны абарот наркотыкаў. «Тады мяне прысудзілі да года ўмоўна».
«Я прызнаю, што ўжываў і захоўваў марыхуану. Але мэты збыту ў мяне не было. Я набываў яе заўсёды толькі для сябе», — сказаў Бародзіч.
Ён расказаў, што тую марыхуану, за якую яго «ўзялі», ён купіў у нейкага Сяргея.
«Некалькі гадоў на здымках пазнаёміўся з дзяўчынай, а яна мяне пазнаёміла са сваім знаёмым, які прадставіўся Сяргеем. Ён сказаў, што можа прадаць мне марыхуаны», — расказаў Бародзіч.
Далей, паводле акцёра, Сяргей запісаў ягоны нумар і сам тэлефанаваў, калі ў яго былі наркотыкі на продаж.
Усяго Бародзіч некалькі разоў купляў у наркагандляра марыхуану. Кожны раз — па 50 грам за 750 даляраў.
«Як пачаўся цяжкі тэатральны сезон, то вырашыў набыць сабе штосьці супакойваючае і расслабляльнае», — адказаў Бародзіч на прычыны новай пакупкі.
Бародзіч расказаў, што першы раз пакаштаваў наркотыкі ў кампаніі сяброў — «пачаставалі».
«Я — акцёр тэатра і кіно, часта здымаюся. Работа напружаная і звязаная з эмацыйнымі стрэсамі і нэрвамі. Да таго ж, шчыльная загружанасць — ад 6 да 10 спектакляў у месяц, бывала па 4 спектаклі за два дні, плюс рэпетыцыі. Я працую шчыра, а калі працаваць шчыра, то ўсіх персанажаў прапускаеш праз сябе, гэта стрэс і шок для арганізму. Трэба было расслабіцца», — расказаў Бародзіч пра тое, чаму курыў наркотыкі.
Пры гэтым акцёр падкрэсліваў, што марыхуану купляў толькі для сябе, а не на распаўсюд
«Больш за тое, я хаваў гэта. Бо такі аспект не характаразуецца са станоўчага боку»,— сказаў акцёр пра сваё захапленне марыхуанай.
На пасяджэнні 23 лютага была дапытаная сужыцельніца Бародзіча. Яна цяжарная, бачны невялічкі жывот. «Я не ведала, што Арцём штосьці ўжывае», — патлумачыла суду Наталля. Паводле жанчыны, яна бачыла ў лядоўні слоік, дзе Бародзіч хаваў марыхуану. Але, калі яна спытала, што там, то той адказаў ёй, што там «асабістыя рэчы». А прыватных рэчаў, маўляў, яна не чапала.
Будучая жонка Бародзіча паспрабавала патлумачыць схільнасць акцёра да наркотыкаў цяжкай працай і зменай унутраных станаў праз змену роляў.

На суд прыйшоў народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Фота sputnik.by.
Сітуацыя акцёра няпростая. Што звярнула ўвагу – ягоныя калегі, усё адно, дружна прыйшлі яго падтрымаць.
Выступіў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін.
Рэжысёр прасіў мяккага пакарання акцёру.
Ён адзначыў, што Бародзіч адносіцца да такога тыпу артыстаў, якіх мала.
«Гэта магутны прафесіянал, — сказаў Пінігін суду. — Пры горшым сканчэнні справы гэта будзе вялізная cтрата для нас. Зразумейце, што ў Нацыянальны акадэмічны тэатр выпадковыя людзі не трапляюць. Арцём прыйшоў да нас у 2009 годзе і за кароткі час стаў адным з вядучых акцёраў».
Пінігін сказаў, што нават калі Бародзіча асудзяць, то тэатр будзе з ім супрацоўнічаць і пасля адбыцця пакарання.
«За тыя грошы, што нам плаціць дзяржава, выпадковыя людзі ў тэатры не працуюць. Там працуюць людзі, якія жывуць гэтай прафесіяй», — скончыў Пінігін.

Як сведка ад абароны выступіў і вядомы акцёр Павел Харланчук. «Гэта адзін з найлепшых акцёраў у сваім пакаленні, кажу як калега», — пачаў Харланчук.
«Арцём — вельмі паважаны чалавек. Напэўна, няма ў тэатры людзей, з якімі б ён быў у канфлікце. Гэтая тэма вісіць у тэатры перманентна, мы забываемся на гэта толькі падчас спектакляў, бо Арцём нам як сваяк», — сказаў Харланчук.
Таксама ён дадаў, што ніколі не чуў ад Бародзіча словаў пра наркотыкі, маўляў, гэтая справа для калег — поўная нечаканасць.
Ад 10 раніцы дагэтуль не прагучала ніводнага сведчання на карысць таго, што Бародзіч распаўсюджваў наркотыкі.
А палове на чацвёртую пракурор пачаў зачытваць характарыстыку Бародзіча з Купалаўскага тэатра. Тая напісаная па-беларуску, таму пракурор чытае ледзь не па складах: «паводле Ада-мовіча», «апан-таны».
Паводле медычнай экспертызы, Бародзіч не мае алкагольнай ці наркатычнай залежнасці. У цэнтры псіхіятрыі на ўліку не стаіць, у наркатычных і алкагольных дыспансерах на ўліку не стаіць, сведчыць пракурор.
Выглядае, што спроба абвінаваціць Бародзіча ў распаўсюдзе грунтуецца толькі на аб'ёме знойдзенай марыхуаны — каля 25 г.
Сведкаў з боку абвінавачання, якім бы акцёр прапаноўваў наркотыкі, у судовай зале не было.
«Навошта вам трэба было столькі марыхуаны?» — пытаецца пракурор.
«Гэта ўсё для свайго выкарыстання. Нікога частаваць ці прадаваць я не збіраўся», — паўтарае Бародзіч.
«Дык а навошта ўжывалі?» — зноў кажа пракурор.
« Для зняцця стрэсу, была і бяссонніца», — адказвае акцёр.
«А чаго не пайшлі да доктара?»
«Не лічыў сябе настолькі хворым».
А 16-й у судовым працэсе быў абвешчаны перапынак да заўтрашняга дня.
Пакуль што справа выглядае досыць незразумела.
Па-першае, не ясна, якім чынам на Бародзіча выйшлі, бо ніводнага сведкі з боку абвінавачання не было. Але і затрымліваў акцёра пагранічны (!) спецназ.
Таксама дзіўна, што таго «Сяргея», які прадаваў Бародзічу наркотыкі, не знайшлі.
Дык адкуль жа сілавікі даведаліся, што ў Бародзіча дома ёсць наркотыкі?
Таксама, паводле Бародзіча, вынікае, што за няпоўных 2 месяцы ён скурыў 25 грамаў марыхуаны — у верасні ён купіў 50, а падчас затрымання 22 кастрычніка засталася палова.
Атрымліваецца, што ён курыў недзе праз дзень (па 0,7 грамы за раз). А адзін грам марыхуаны каштуе 15 даляраў! Адкуль у актора Купалаўскага такія грошы, каб задавольваць сваю звычку? Калі сам Пінігін казаў, што людзі працуюць там за ідэю?
Заўтра мы мусім пачуць адказы на гэтыя пытанні.
***
Арцём Бародзіч абвінавачваецца па ч.2 арт.328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму пагражае пазбаўленне волі на 5—8 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
У кастрычніку 2015 года Бародзіч быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у сябе ў кватэры. У яго знайшлі 26 грам марыхуаны. Пакуль ішло расследаванне, акцёр заставаўся на волі, іграў у спектаклях. Аднак затым яго дзеянні перакваліфікавалі на больш цяжкае злачынства, і 25 студзеня Арцёму Бародзічу прад'явілі ўжо канчатковае абвінавачанне па ч. 2 арт. 328 КК. Цяпер яго абвінавачваюць «у незаконных дзеяннях з мэтай збыту», набыцця і захоўвання марыхуаны. У той жа дзень яго ўзялі пад варту.
Некалькі гадоў таму Бародзіч таксама прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконнае захоўванне небяспечных наркатычных сродкаў.
Каментары