Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не зможа сустрэцца з брытанскім спеваком Элтанам Джонам падчас яго візіту ў Расію 30 мая, сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

«Мы з ім [Элтанам Джонам] перапісваліся пару тыдняў таму. Сапраўды, была дамоўленасць, што, калі графікі дазволяць, такая сустрэча адбудзецца, прэзідэнт Пуцін выказаў гатоўнасць гэта зрабіць. Але, на жаль, на гэты раз не атрымаецца. Графікі не супадаюць, але гэта не значыць, што такая сустрэча не можа адбыцца наступным разам», — сказаў Пяскоў.

У лістападзе летась Элтан Джон заявіў, што хацеў бы сустрэцца з Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць з ім правы ЛГБТ у Расіі пасля прыняцця закона аб «прапагандзе нетрадыцыйных сэксуальных адносін».

Следам адбыўся тэлефонны званок брытанскаму артысту. Чалавек, якога сэр Элтан прыняў за Пуціна, запрашаў яго прыехаць у Маскву. Даволі хутка, аднак, высветлілася, што артыст стаў ахвярай розыгрышу, а насамрэч яму тэлефанавалі Уладзімір Красноў і Аляксей Сталяроў, вядомыя таксама як «пранкер Ваван» і «Лексус».

Тым не менш, у канцы верасня Пуцін сапраўды патэлефанаваў сэру Элтану Джону і запрасіў сустрэцца пры першай магчымасці.

«Пуцін сказаў, што ведае, наколькі Элтан Джон папулярны выканаўца, і запэўніў, што калі ў будучыні іх графікі супадуць, ён будзе гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць усе пытанні, якія цікавяць спевака», — сказаў тады Дзмітрый Пяскоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?