Кааліцыя апазыцыйных партый хоча ўдзельнічаць у выбарах і робіць стаўку на тэму кантролю за ўладай.

Лідэры апазыцыі ў панядзелак на адмысловай прэс-канфэрэнцыі выклалі сваю пазыцыю адносна ўдзелу ў сёлетніх парлямэнцкіх выбарах, а таксама прэзэнтавалі пасланьне Аб'яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) да беларускага народу. На невялікім аркушы паперы фарматам А4 плянава-аналітычная група АДС выклала галоўныя палажэньні і мэты ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Галоўны мэсыдж, які апазыцыйныя кандыдаты павінны данесьці да выбарцаў сёлета, зводзіцца да наступнай фразы: «Кантроль народу над уладай дасьць людзям новыя магчымасьці жыць лепей».

Каардынатар аналітычна-плянавай групы Вацлаў Арэшка кажа, што падчас працы над дакумэнтам былі ўзважаныя меркаваньні абсалютна ўсіх суб’ектаў АДС, працавалі ў агульнай групе і прадстаўнікі Руху «За свабоду». «Раней нашы пасланьні да людзей сыходзілі з таго, што мы абяцалі прыйсьці да ўлады, а ўжо пасьля зьмяніць сытуацыю ў краіне. Невыкананьне абяцанага ўспрымалася як параза. Мы абяцалі пяць крокаў да лепшага жыцьця, але выконваў іх ужо Лукашэнка. Сёньня мы можам даваць толькі рэальныя абяцаньні, якія ў стане выканаць, нават калі нас не абяруць дэпутатамі. Мы прапаноўваем грамадзкі кантроль над дзеяньнямі ўлады. Незадаволенасьць людзей дзеяньнямі ўлады ўвесь час узрастае. Успомніце толькі увядзеньне кантрактнай сыстэмы і адмену льгот. Цяпер рыхтуецца школьная рэформа, якая таксама можа выклікаць незадаволенасьць. Людзі не бяруць у прыняцьці гэтых указаў ніякага ўдзелу, ня могуць неяк паўплываць на сытуацыю. Тэму кантролю над уладай апазыцыйныя сілы будуць агітаваць цягам бліжэйшых году — двух, магчыма, да прэзыдэнцкіх выбараў», — кажа В.Арэшка.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе канкрэтныя рэчы, якія апазыцыя можа дамагчыся ў выпадку ўсталяваньня кантролю на ўладай. «Па-першае, гэта адсутнасьць ценявога бюджэту і зьмяншэньне карупцыі ў краіне. Па-другое, правядзеньне судовай рэформы. Па-трэцяе, гэта дасьць грамадзтву выбар, то бок, дэпутатаў будуць абіраць, а не прызначаць. Па-чацьвёртае, ператварэньне СМІ ў рэальную чацьвёртую ўладу. Усё залежыць ад таго, ці зможам мы данесьці наш мэсыдж да выбарцаў».

«Нават калі некалькі кандыдатаў пройдзе ў палату прадстаўнікоў, то гэта ўсё адно ня зьменіць рэальнай раскладкі сілаў у рэспубліцы, бо Лукашэнка дамінуе над усімі галінамі ўлады. Наша сёньняшняе пасланьне носіць пазытыўны характар, бо мае ў сабе альтэрнатыву. Мы ня хочам народу для ўлады, мы хочам ўладу для народу», — падкрэсьліў старшыня Партыі камуністаў Сяргей Калякін.

Старшыня агкамітэту Партыі працы Аляксандар Бухвостаў лічыць, што дадзенае пасланьне выражае галоўную мэту, што трэба рабіць, каб зьмяніць уладу.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што бескантрольная ўлада паціху здасьць незалежнасьць.

«Улада часта спэкулюе, што яна народная. Але, прабачце, яна трымае людзей за быдла, якое знаходзіцца на пэрыфэрыі прыняцьця важнейшых рашэньняў. Нам важна, каб людзі ўсьвядомілі, што неабходны кантроль над уладаю. Тады на Кастрычніцкую плошчу пачнуць выходзіць дзесяткі тысяч чалавек», — кажа Анатоль Лябедзька.

Дык ці будзе толк ад некалькі дэпутатаў ад апазыцыі, якіх Лукашэнка можа дапусьціць у палату прадстаўнікоў? «Зьяўленьне дэмакратаў у парлямэнце дасьць новы імпульс у нашай барацьбе. Вельмі цяжка разбураць сыстэму, не знаходзячыся ў ёй», — мяркуе А.Бухвостаў.

«Я перакананы, што ніхто ня пусьціць апазыцыю ў палату. Але трэба рабіць усё магчымае, каб гэтую блякаду прабіць. Мы будзем ігнараваць усе абмежаваньні, што робіць улада, не баючыся зьняцьця з выбараў. Аднак ісьці на байкот мы ня маем права», — кажа В.Вячорка.

Па словах Вацлава Арэшкі, гэтае пасланьне апазыцыі будзе распаўсюджвацца праз перадвыбарчыя матэрыялы будучых кандыдатаў у дэпутаты.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0