ХХIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» адбудзецца, прычым пройдзе на высокім узроўні, заявіла намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава 6 верасня ў Мінску на пасяджэнні пастаянна дзейнага аргкамітэта фестывалю, паведамілі ў прэс-службе Савета міністраў.

Акрамя віцэ-прэм'ера на паседжанні прысутнічалі міністр культуры Барыс Святлоў і яго намеснік Ірына Дрыга, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў, кіраўнік Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» і дырэктар «Лістапада» Анжаліка Крашэўская і іншыя.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ў тым ліку канцэпцыю фестывалю, яго інфармацыйнае забеспячэнне, удзел замежных гасцей, падрыхтоўку аб'ектаў і вонкавае афармленне горада, а таксама фінансавыя пытанні. Качанава адзначыла, што «ўсё рэалізуецца ў адпаведнасці з пастаўленымі задачамі».

У сваю чаргу Барыс Святлоў паведаміў, што на фэст ужо пададзена 594 заяўкі на гульнявыя, дакументальныя і дзіцячыя фільмы, а таксама 84 заяўкі на ўдзел у Нацыянальным конкурсе.

ХХIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» плануецца правесці з 4 па 11 лістапада. Сёлета дэвіз кінафоруму — «Насустрач натхненню».

У гэтым годзе фінансавая сітуацыя ў краіне прымусіла ранейшых спонсараў перагледзець пытанне аб дапамозе кінафестывалю. Да таго моманту дырэкцыі «Лістапада» адмовілі 65 беларускіх кампаній і арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?