Харват Іван Класьніч, які забіў гол у вароты зборнай Польшчы, прыехаў на чэмпіянат Эўропы пасьля сурё’знай хваробы і апэрацыі. Амаль год таму была зроблена трансплянтацыя ныркі. Мужнага харвата чакаюць яшчэ дзьве хірургічныя апэрацыі.

Магільшчык бела‑чырвоных ва ўчорашнім матчы яшчэ нядаўна быў цяжка хворы. Было невядома, ці наогул калі‑небудзь вернецца ён на поле. Класьнічу адмовіліся служыць ныркі, і спатрэбілася тэрміновая апэрацыя. На жаль, нырка, узятая ў маці футбаліста, не прыжылася. Потым была перасаджана нырка, узятая ад бацькі Івана.

Гэта здарылася год таму. Класьніч сьцяў зубы і пачаў зноў трэніравацца. Матч з Польшчай ён выйграў у прамежку паміж апэрацыямі: яму яшчэ двойчы давядзецца класьціся на хірургічны стол.

«Гэта для мяне як другое жыцьцё. Знаходжуся нібы ў сьне, і дзякую Богу за магчымасьць гуляць у футбол», ‑‑ кажа Іван Класьніч.

«Няшмат ёсьць людзей, якія вярнуліся на поле пасьля такой драматычнай сытуацыі і граюць на высокім прафэсійным узроўні», ‑‑ хваліць футбаліста трэнер харвацкай дружыны Славен Біліч.

Іван Класьніч нарадзіўся ў 1980 г. у Гамбургу ў сям’і харвацкіх гастарбайтэраў, што перабраліся ў Нямеччыну зь Босьніі. Кар'еру пачаў у клюбе другой бундэслігі «Санкт‑Паўлі». Дапамог камандзе выйсьці ў бундэслігу, пасьля перайшоў у брэмэнскі «Вэрдэр». Чэмпіён Нямеччыны 2004 году.

Адмовіўся ад прапановы гуляць за зборную Нямеччыны, і ў лютым 2004 году аформіў дэбют у складзе зборнай Харватыі ў спарынгу супраць немцаў. Праўда, «вогненныя» тады саступілі зь лікам 1:2.

Паводле dziennik.pl і euro2008.uefa.com


Іван Класьніч пасьля голу ў вароты палякаў
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0