Брытанскі рок-спявак Род Сцюарт пасвечаны ў рыцары падчас урачыстай цырымоніі ў Букінгемскім палацы, якую правёў герцаг Кембрыджскі Уільям.
АР
Каралева Лізавета II надала Сцюарту тытул рыцара за заслугі ў галіне музыкі і дабрачыннасць, адзначаецца ў паведамленні Букінгемскага палаца.
Пра пасвячэнне Сцюарта ў рыцары стала вядома яшчэ ў чэрвені. Тады музыкант сказаў, што атрыманне рыцарскага звання — гэта «каласальная ўзнагарода», і дадаў, што не мог бы жадаць чагосьці большага.
Паводле яго слоў, поспехі яго музычнай кар'еры сталі вынікам падтрымкі ўсяго брытанскага народа.
71-гадовы Сцюарт за сваю кар'еру прадаў больш за 100 млн пласцінак, што зрабіла яго адным з самых прадаваных музыкаў у гісторыі.
У спісе 100 найвялікшых спевакоў, складзеным часопісам Rolling Stone, ён займае 59 месца.