Пабудова «Менск‑Сіці» мае каштаваць $4,8 млрд.

Міжнародная група кампаніяў «Ітэра» забудуе цэнтар беларускай сталіцы разам з маскоўскімі калегамі ГК СУ‑155 (доля ў праекце —15%) і «Внуково‑Инвест» (5%).

На месцы аэрапорту «Менск‑1» паўстане дзелавы цэнтар «Менск‑Сіці», які абыдзецца інвэстару ў $4,8 млрд. Паводле плянаў да 2020 г. на плошчы 318 га маюць пабудаваць міні‑горад з насельніцтвам 55‑‑60 тыс. чалавек, паведаміў у інтэрвію газэце «Белорусы и рынок» гендырэктар СТАА «Менск‑Сіці» Сяргей Кісялёў. Зьявяцца каля 1,5 млн кв. м жыльля, пад офісы і гатэлі будзе адведзена 550 тыс. кв. м, на гандлёвыя мэты — 200 тыс. кв. м.

Сярод інвэстараў, запрошаных МГК «Ітэра» — маскоўская будаўнічая кампанія ГК СУ‑155, якая спэцыялізуецца на панэльнай забудове (доля ў праекце —15%), «Внуково‑Инвест» (5%), якое зьяўляецца стратэгічным партнэрам «Ітэры» ў справе вынасу з тэрыторыі забудовы Менскага авіярамонтнага заводу, а таксама шэраг расейскіх банкаў.

Беларускія праектныя і будаўнічыя арганізацыі ў праекце не задзейнічаныя, «праз адсутнасьць адпаведнага вопыту ў сфэры высотнай пабудовы».

Бізнэс‑цэнтар паміж вуліцамі М.Танка і Кальварыйскай будзе складацца з комплексу будынкаў: 30‑павярховага жылога дому і двух будынкаў вышынёй 43 і 54 паверхі. Жылы дом пабудуе ўсё тая ж тая ГК СУ‑155.

Кіраўніцтва праекту пабудовы бізнэс‑цэнтру на Танка запэўніваюць, што ён улічвае інтарэсы мясцовых жыхароў, не сапсуе выгляд гэтага раёну гораду і экалягічнае становішча. Аднак жыхары раёну ня згодныя з гэтым меркаваньнем. Пра тое ў траўні напісала газэта «Звязда». Людзей абурыла тое, што праект распрацавалі і пачалі ажыцьцяўляць без уліку іх меркаваньня. Сход жыхароў бліжэйшых вуліцаў арганізавалі толькі пасьля зьяўленьня на будучых будаўнічых пляцоўках бульдозэраў.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0