Гол Фэрнанда Торэса |
Матч глядзеўся весела і жвавенька, у адрозьненьне ад мінулага фіналу: Партугалія – Грэцыя.
Ад сярэдзіны першага тайму падапечныя Луі Араганэса завалодалі ініцыятывай і амаль не выпускалі яе да канца матчу.
Прыкладна на 25-й Фэрнанда Торэс (Лівэрпуль) меў 150-працэнтны момант. За немцаў заступіліся спачатку штанга, потым іх варатар – Леман.
На 33-й хвіліне Торэс свой мяч забіў, пасьля прыгожага праходу, абагнаўшы самога Філіпа Лама.
У другім тайме гішпанцы ня толькі ня сышлі ў глухую абарону, але наадварот павялічылі частату атак і мелі колькі выдатных момантаў, але не шанцавала, ці выручаў вэтэран Леман.
А ўсе атакі немцаў або рассыпаліся аб абарону падапечных Араганэса ці аб рукі Касільяса.
Праз 44 гады Гішпанія зноў чэмпіён Эўропы. І гэтым разам абышліся без Рауля, якога Араганэс перад чэмпіянатам не ўключыў у заяўку.
Гішпанцы ня прайгралі на чэмпіянаце ніводнага матчу, атрымаўшы шэсьць перамог і забіўшы 12 мячоў (Расея -- 4:1, Швэцыя -- 2:1, Грэцыя -- 2:1, Італія -- 0:0, 4:2- пэнальці, Расея -- 3:0, Нямеччына -- 1:0).
Капітан чырвонай фурыі Ікер Касільяс, відавочна, — найлепшы галкіпер чэмпіянату: у асноўны час у плэй-оф ён не прапускаў, а ў сэрыі пэнальці зь Італіяй парыраваў два мячы.
Найлепшы снайпэр — таксама гішпанец. Гэта Давід Вілья (4 мячы), які ў фінале, праўда, праз траўму не гуляў.
Карацей, чыстая перамога.