1.

Добры вечар, дзед Мікола!
Станавіся ў наша кола!
Таньчы з намі, весяліся!
Нашым талентам дзівіся!

2.

Дзед Мікола, будзь ласкавы,
Нахініся да мяне,
Я шапну табе на вушка,
Дзе тут котачка жыве.
Казкі-байкі нам вуркоча
І сьцягнуць кіўбаску хоча.

3.

У дзядулі Мікалая
Забалелі ножкі.
Пакладу яго ў пасьцельку,
Хай спачне ён трошкі.

4.

У сьвятога Мікалая
Барада зусім сівая.
Я вазьму ў матулі фарбы,
Размалюю дзеда файна.

5.

Добры дзед наш Мікалай,
За свавольства не карай.
Мы не будзем больш дурэць,
Толькі ў мех дай паглядзець.

6.

Нёс дзядуля Мікалай
Дзецям падарункі,
Але й мы яму дамо
Трошкі пачастункаў.

7.

У дзядулі Мікалая
Ёсьць скарбонка залатая,
Там ляжыць малы Хрыстос,
Ён народзіцца вось-вось.

8.

Хто да нас прыйшоў у госьці
І прынёс у торбе штосьці?
Гэта нейкі дзед чужы.
Можа, ад яго зьбяжым?

Не, чакайце, мо дарэмна
Мы яго баімся? Пэўна,
Добры ён, ласкавы,
Падарункі для нас мае,
А завецца Мікалаем.

9.

Мы гулялі, мы скакалі,
Малявалі і чыталі,
Елі кашу, пілі сок
І палеглі на бачок.

Раптам хтосьці ў дзьверы:
— Тут-тук-тук,
А ці тут жыве Сяржук?
Мо і Наста тут жыве?
А Ганулькі ажно дзьве?

То ж яны мне напісалі,
Што па мне засумавалі.
Цэлы год чакалі,
Нават вершы склалі.

— Ой, дзядуля Мікалай,
Як мы рады, ай-яй-яй!
Мы цябе вітаем,
На гасьціны запрашаем!

10.

Сьвяты Мікалай,
Хадзі з намі пагуляй,
Малых дзетак палюляй,
Ну а большым цацак дай!

Дай яшчэ цукерак
Для малых паненак,
А маленькім панічам
Дай чароўнага мяча,

Каб яны ў футбол гулялі,
Лепш за Глеба і Ранальда.

11.

Жылі-былі на сьвеце дзеці,
Такія бедныя зусім,
Што не было чаго ў іх есьці,
І сумна ім было ўсім.

Але аднойчы ў дзень сьвяты,
Ім хтось паклаў на стол тарты,
Салодкіх булак, мандарынаў,
Бананаў, яблык і малінаў.

А хто зрабіў такі ім цуд,
Што стаў багатым бедны кут?
Чароўны дзед, сьвяты Мікола,
Ён не пакіне нас ніколі.

12.

У сьвятога Мікалая
Поўна ў торбе караваяў,
Ён нясе іх добрым дзецям,
З краю ў край па цэлым сьвеце.

І да нас ён завітаў,
І паважна ў хаце стаў.
Хоча бачыць, як мы любім
Сваіх міленькіх матуляў,

Свой чароўны родны край,
Што стварыў нам Бог, як рай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0