«Я прачытала ў НН гісторыю, як у Баранавічах скарпіён уджыгнуў мужчыну, які выбіраў у «Еўраопце» ў скрыні бананы, і мне жыва ўспомнілася, як мяне саму на Мадагаскары скарпіён уджаліў у шыю. Гадзіны тры я думала, што паміраю, а пасля галюцынацыі скончыліся і я зразумела, што буду жыць», — напісала нам наша чытачка Алеся Чонг.

Мы папрасілі ў Алесі даслаць сваё фота з Мадагаскара і трохі больш расказаць пра тую гісторыю. Як так сталася, што скарпіён трапіў на шыю?

«Скарпіён залез на заплечнік, які стаяў на зямлі, — расказала Алеся Чонг. — Я заўсёды правярала абутак, а вось пра рукзак неяк не падумала. Надзела яго, і чую: нешта па шыі паўзе. Замест таго, каб скінуць, я яго цоп рукой — мне ж цікава, што там паўзе. А ён мяне ўкусіў. Я гляджу, што мяне ўджаліла, а там скарпіён».

Саша перажыла некалькі страшных гадзін.

Муж пачаў адсосваць месца ўкусу, расказвае яна. «А я мясцовым расказваю і паказваю — а яны ні бум-бум па-ангельску і ржуць. Пасля я зразумела, чаму яны рагаталі».

У той мясцовасці апынуўся яшчэ адзін белы чалавек, у паніцы мы нават не запомнілі, адкуль ён і як яго зваць. У яго быў джып, і і ён свайго шафёра з гэтым джыпам нам пазычыў.

«Мы тады за некалькі гадзін даехалі да бліжэйшага большага гарадка. Праўда, аказалася, там дактароў няма. Тым часам мае галюцынацыі скончыліся, толькі шыя яшчэ тыдзень балела», — успамінае Чонг.

«У стрэсе мы, вядома, не сфатаграфавалі таго скарпіёна», — кажа Алеся.

Пасля заўсёднікі Мадагаскара патлумачылі Алесі: укусы большасці відаў скарпіёнаў не смяротныя, калі толькі ты не маеш на іх алергіі. У гэтых членістаногіх «кепская рэпутацыя», але за рэдкім выключэннем нічога страшнага не здараецца.

«Калі мы прыехалі ў гатэль, сябры пераслалі мне артыкул з індыйскай газеты пра тое, што паліцыя ў адным індыйскім горадзе не ведае, што рабіць з новым відам наркагандлю, — кажа Саша Чонг, — у чувака на рынку каробка з рознымі скарпіёнамі, і ты за пару рупій можаш сунуць туды руку. Наркатычны эфект выяўляецца ў галюцынацыях».

Беларуска ўспамінае, што таксама перажывала незвычайныя галюцынаторныя эфекты, але «ўсё перабівала думка, што я паміраю», — успамінае яна. 

Толькі пасля, перабіраючы ў памяці эпізоды таго дня, яна падумала, што смех тубыльцаў тлумачыўся тым, што мясцовых людзей скарпіёны джаляць нярэдка, і яны ведаюць, які эфект тое выклікае.

Адпачынак на Мадагаскары маладой сям'і моцна спадабаўся, бо гэта «сапраўдная глуш, зусім без турыстаў».

На востраве там усё вельмі танна. Калі жыць сціпла, то за месяц падарожжа разыдзецца даляраў 500 на чалавека. Тыповая цана за гатэль — гэта 15 даляраў за дваіх на суткі. Да гэтага трэба дадаць траты на ежу, транспарт і гідаў.

Праўда, вельмі дорага каштуе дарога, бо гэта непрабіты турыстычны маршрут, туды лётае мала авіякампаній. У сезон найлепшага надвор'я білеты «Эр Франс» з Парыжа да Антананарыву, сталіцы краіны, абыдуцца туды і назад у каля 1500 даляраў на чалавека. Ёсць яшчэ рэйсы з Мілана. Не ў сезон можна знайсці і таннейшыя квіткі, аж да 700 даляраў, калі на зніжках.

«Прырода Мадагаскара проста раскошная, і людзі вельмі прыязныя», — кажа Алеся Чонг.

Усяго вядома каля 1750 відаў скарпіёнаў, яд 50 з іх уяўляе чалавеку пагрозу.

Чытайце таксама: Жонка мужчыны, уджаленага скарпіёнам, прыйшла ў «Еўраопт» і вылавіла членістаногае ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?