«Белавія» ўрэгулявала з украінскім бокам пытанне кампенсацыі за прымусовае вяртанне самалёта ў Кіеў. Пра гэта 7 лютага паведаміў БелаПАН генеральны дырэктар беларускай авіякампаніі Анатоль Гусараў.

«Знойдзенае рашэнне прынята і рэалізавана. Яно цалкам задавальняе заканадаўства Украіны і Беларусі. Праблема закрыта. Кампенсацыйны механізм знойдзены», — заявіў Гусараў.

Памер кампенсацыі гендырэктар не назваў, адзначыўшы, што гаворка ідзе пра тую суму, якая раней выстаўлялася ўкраінскаму боку. «Знойдзены варыянт кампенсацыі нашых выдаткаў пры палётах ва Украіну. Нас гэта ў поўнай меры задавальняе, — адзначыў Гусараў. — Украінскі бок з поўным разуменнем зрабіў гэтыя крокі. Так што тэма закрыта».

Самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Мінск, 21 кастрычніка 2016 года быў вернуты ў аэрапорт вылету па патрабаванні Службы бяспекі Украіны. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і шэсць членаў экіпажа. Экіпажу было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будзе паднятая баявая авіяцыя. У выніку праваахоўныя органы Украіны знялі з рэйса аднаго падазронага, на іх думку, пасажыра, грамадзяніна Арменіі. Пасля праверкі ён быў адпушчаны і паляцеў у Беларусь наступным рэйсам.

Абурэнне беларускага боку выклікала пагроза перахопу баявой авіяцыяй. МЗС Беларусі заявіў пратэст і ўручыў ноту Украіне. Беларускі бок запатрабаваў кампенсацыі ўсіх фінансавых затрат і выдаткаў.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка 10 лістапада ў тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам выказаў прабачэнні за інцыдэнт з самалётам «Белавія» і сказаў, што вінаватыя пакараныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0