Трагедыя здарылася ў кастрычніку мінулага года з-за дзяўчат. Адна з іх папрасіла знаёмага схадзіць з ёй на сустрэчу з хлопцам — хацела пры сведках парваць з ім стасункі. Пазвала нават сваю сяброўку, піша «СБ Беларусь сегодня».

Кавалер, аднак, не прыйшоў. Прыслаў замест сябе сябра. Адна з дзяўчат пачала пра нешта спрачацца з ім, падняўся лямант, які хутка перайшоў у нецэнзурную лаянку. Знаёмы дзяўчыны ўмяшаўся ў сварку, запатрабаваўшы прабачэнняў. Але, не дачакаўшыся адказу, ударыў хлопца ў твар.

Той страціў раўнавагу, зваліўся і стукнуўся галавой аб тратуарную плітку. Устаць ён не змог, але ніхто з хлопцаў не падышоў да яго — хуткую выклікаў мінак. Праз некалькі дзён пацярпелы памёр у бальніцы. Яму было 19 гадоў, ён вучыўся ў каледжы.

За прычыненне смерці па неасцярожнасці падлетак атрымаў 2,5 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на год, распавяла памочнік пракурора Віцебска Таццяна Іванова:

— Максімум, што прадугледжвае гэты артыкул, — пазбаўленне волі на 3 гады. Адтэрміноўку прызначанага пакарання абвінавачаны атрымаў у сувязі з тым, што непаўнагадовы. Калі на працягу года ён патрапіць у поле зроку праваахоўных органаў, рэальнага тэрміну яму не пазбегнуць.

У зале суда хлопец прызнаў сябе вінаватым, раскаяўся, прынёс прабачэнні бацькам загінулага. Яго сям'я не стала патрабаваць кампенсацыі маральнай шкоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0