Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька выказаў неразуменне, чаму людзі выходзяць на вуліцы, а не ідуць са сваімі праблемамі да чыноўнікаў, прамыя дыялогі з якімі ўвесь час анансуюцца на першых старонках дзяржаўных СМІ.

«У Гродне ж выйшла намесніца старшыні гарвыканкама і сказала: «Хадземце ў актавую залу, давайце вырашым праблему». Тут жа яе акружыла група людзей, актывістаў, пачалі крычаць «Ганьба». Карэспандэнтка «Свабоды» пытаецца: «Чаму вы не ідзяце не дыялог?» Яна прапаноўвае, а ў яе пытаюцца, «чаму не ідзяце?» Тыя людзі, некалькі соцень, нават не чулі, што ім прапаноўваюць зайсці і пагутарыць. Атрымліваецца, дыялог не патрэбны, а што патрэбна?» — запытаўся Давыдзька і прыгадаў зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка да мітынгоўцаў у Магілёве. На думку Давыдзькі, якраз тут дыялог удаўся.

Рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч дадаў, што Марзалюк патлумачыў мітынгоўцам: пытанне Дэкрэта №3 ужо знятае, і няма падстаў для масавай занепакоенасці.

«Марзалюк сказаў: «Калі ў кагосьці ёсць канкрэтныя прэтэнзіі, просьбы, падыходзьце, я дэпутат. Вы ж толькі крычыце, што вас не слухаюць». Але ніхто не падышоў, па-хуліганску заўлюлюкалі. Выснова: тыя, хто ідуць на Плошчу сёння, і тыя, хто падштурхоўвае на Плошчу, зусім не маюць патрэбы ў дыялогу з уладай. Што ім трэба, мне цяжка сказаць, — сказаў Якубовіч. — Нямала падбухторшчыкаў, і ў сетках, і не ў сетках, якія кажуць, што ўлада захісталася, што ўладу трэба дабіць. Што за правакацыі? Пад якія малаткі вы падстаўляеце людзей? Няўжо знойдуцца вар’яты, якія пойдуць? Ну, акрамя малалетак у масках, тых, хто сапраўды думае, што з міліцыяй можна пабіцца і пусціць яе ў ганебныя ўцёкі. Навошта гэтыя правакацыі? Падштурхоўваюць да нейкага сілавога вырашэння».

Далей Якубовіч правёў паралель з Лютаўскай рэвалюцыяй у Расіі.

«Дагэтуль адны лічаць, што рэвалюцыя — гэта цудоўна. Іншыя — што гэта найвялікшая геапалітычная катастрофа XX стагоддзя. А ў цэлым можна казаць пра тысячы невядомых ахвяр, якіх падштурхнулі да братазабойчай вайны», — падсумаваў рэдактар «Советской Белоруссіі».

Пасля гэтага Давыдзька прыгадаў нядаўнюю яскравую цытату Аляксандра Лукашэнкі.

«Прэзідэнт сказаў, што трэба павыкалупваць з булкі разынкі, то бок тых, хто не хоча дыялогу. З народам улада заўсёды і павінна, і гатовая размаўляць. Мне не спадабалася параўнанне з разынкамі. Я думаю, з булкі тараканаў трэба выкалупваць. Таму што гэты мілы вобраз разынак ну ніяк не падыходзіць да вось гэтых мярзотнікаў, часта вялікаўзроставых, якія і цяпер, 25-га збіраюцца ісці і нагнятаюць абстаноўку. Мне падаецца, што сёння ў Беларусі існуюць дзве асноўныя палітычныя думкі: стваральная і разбуральная. Першая гатовая пайсці насустрач, а разбуральная не гатовая да дыялогу. Цяпер гэтая разбуральная зладумка акучвае вуліцу», — выказаўся Давыдзька.

Пасля ён працытаваў палітолага Валера Карбалевіча, які агучыў свае высновы ў сувязі з Маршамі: «Беларускае грамадства пазбаўляецца ад «сіндрому Майдану», то бок страху перад разбурэннямі ў выніку вулічных акцый». Давыдзька запытаўся: «Гэта канстатацыя або радасць? Ці схаваная агітацыя?»

Зайшла гаворка і пра гучнае затрыманне анархістаў у тралейбусе пасля дазволенага ўладамі мітынгу ў сталіцы.

«Амаль ва ўсіх краінах нашэнне масак падчас грамадскіх мерапрыемстваў строга караецца па законе. У некаторых краінах Бліжняга Усходу за гэта могуць без разбору прыстрэліць прэвентыўна», — зазначыў Якубовіч.

Давыдзька выказаў неразуменне, чаму ў Беларусі грамадскасць абараняе гэтых хлопцаў, і абурыўся загалоўкам «Нашай Нівы»: «Ідуць суды над студэнтамі, затрыманымі пасля Маршу недармаедаў».

«Пішуць, што судзяць студэнтаў. Глядзіце, як гучыць: судзяць студэнтаў! А не проста людзей, якія незразумела што рабілі ў масках», — звярнуўся ён.

«Студэнты павінны вучыцца і набываць спецыяльнасць. Калі студэнт выйшаў на вуліцу і хоча ўзяць удзел у законнай дазволенай дэманстрацыі, мы вітаем гэтых студэнтаў, калі ў іх усё ў парадку з залікамі і экзаменамі. Калі студэнт надзеў маску, значыць, гэта ўжо не студэнт, а асоба, якая парушае парадак. Увогуле, наконт сопляў, якія пускаюцца, маўляў, «яны ж дзеці». Калі гэтае дзіця паўналетняе і надзела маску, невядома, чаго ад яго чакаць», — сказаў Якубовіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?